Выбрать главу

Неяк на гарадскім аўтобусным прыпынку да мяне падышла сланімчанка Леаніда Міхайлаўна Цапко і сказала: “Вы добры матэрыял напісалі ў газеце пра Слонімскі Народны дом, але чаму ў ім не згадалі пра сусветна вядомую расійскую спявачку Галіну Вішнеўскую, якая некалі таксама выступала на сцэне нашага Народнага дома?”

Я быў здзіўлены. Бо нямала хто выступаў у Слоніме ў 50-70 гадах мінулага стагоддзя на сцэне РДК, былога Народнага дома! У тыя гады ў Слоніме сапраўды нашым землякам не давалі сумаваць артысты з ўсяго вялікага Саюза. На гастролях у Слоніме пабывалі многія рускія, украінскія, малдаўскія, літоўскія тэатры, танцавальныя калектывы, спевакі і г.д. Вядома, што ў нашым горадзе магла спяваць і Галіна Вішнеўская. Дарэчы, у сваёй кнізе “Галіна” яна згадвае пра гастролі ў Заходняй Беларусі, дзе спявачка са сваімі калегамі па Ленінградскай філармоніі выступала ў гарадах і пасёлках з дзіўнымі назвамі, якіх яна не запомніла. Пры гэтым прыгадала толькі населены пункт Новая Мыш. “А ці былі вы на канцэрце Галіны Вішнеўскай?” — запытаўся я ў Леаніды Міхайлаўны. “Мне тады было яшчэ 12 гадоў. Я несла яйкі з рынка ў сетцы, махаючы ёй, і разбіла іх, чытаючы на тумбе прыгожую афішу, дзе блакітнымі вялікімі літарамі было напісана, што ў Слоніме, здаецца, 12 чэрвеня, выступяць артысты Ленінградскай філармоніі і Галіна Вішнеўская. Было гэта ў 1950 годзе. Тумба стаяла на рагу вуліц Савецкай і Чкалава. На афішы быў прыгожы партрэт Вішнеўскай. Мне, малой, тады падалося, што нейкая цыганка да нас прыехала!..”, -- адказала жанчына. “А хто быў тады на канцэрце Вішнеўскай?” – зноў пытаюся ў спадарыні Цапко. “Найперш вайскоўцы і іх жонкі. Бо ў той час выйсці замуж за ваеннага было прэстыжна і ганарова. Вось яны ў асноўным і былі на канцэрце, бо ў параўнанні з іншымі слонімцамі вайскоўцы тады жылі даволі заможна”, -- пачала ўспамінаць Леаніда Міхайлаўна.

— А можа, вы памятаеце і ведаеце тых слонімцаў, якія былі на гэтым канцэрце і якія яшчэ жывуць у Слоніме?

— На жаль, тыя, каго я ведала, ужо пакінулі наш свет. Іншыя пераехалі ў другія гарады былога Савецкага Саюза. Але ў Слоніме жыве Ніна Пятроўна Лукашэйка. Яна была шустрая дзяўчынка, магчыма, з сяброўкамі яна ў той час трапіла на канцэрт Галіны Вішнеўскай. Спытайце ў яе.

Я пагутарыў і з Нінай Пятроўнай Лукашэйка. Яна чула пра Галіну Вішнеўскую і пра яе канцэрт у Слоніме, але летам 1950 года пабываць на выступленні спявачкі ёй не пашанцавала.

Тым не менш, слынная расійская оперная спявачка, народная артыстка СССР, кавалер шматлікіх узнагарод і ганаровы доктар многіх універсітэтаў свету Галіна Вішнеўская таксама выступала ў Слоніме...

У 1981 годзе калектыў Слонімскага РДК пераехаў у новае памяшканне на Чырвонаармейскую вуліцу, а дзверы старога будынаку РДК зачынілі на замок. З гадамі без гаспадароў былы Народны дом пачаў прыходзіць у заняпад і цяпер ад яго засталіся толькі сцены. Але, калі б сцены маглі размаўляць, яны расказалі б нам цікавую гісторыю пра культурнае жыццё Слоніма і пра тых людзей, якіх яны ў свой час слухалі, бачылі і віталі.

Народны тэатр

Слонімскі народны тэатр – з’ява неардынарная, на мой погляд, -- і па яго знітаванасці з гісторыяй Слонімшчыны, і па ўстойлівасці ўплыву на культуру прынёманскага краю, і па тым, што гэты самадзейны і творчы тэатр мае сваю цікавую гісторыю.

Яшчэ ў развалінах ляжаў старажытны Слонім пасля Другой сусветнай вайны, калі ў адзін з лістападаўскіх дзён 1948 года афішы паведамілі аб першым спектаклі толькі што створанага пры раённым Доме культуры тэатральнага калектыву. Кіраўніком калектыву быў тады дэмабілізаваны з арміі 27-гадовы франтавік Аляксандр Бялоў (1921-1985). У Слоніме Аляксандр Бялоў жыў да 1956 года. А пасля пераехаў у Мінск і працаваў акцёрам у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі. У 1977 годзе яму прысвоілі званне заслужанага артыста Беларусі. Як удзельнік Слонімскага драматычнага гуртка ў 1951 годзе ён быў адзначаны на Рэспубліканскім аглядзе сельскай самадзейнасці за выкананне роляў Курачкіна ў спектаклі “Вяселле з пасагам” па п’есе М.Дзяканава і Швандзі ў спектаклі “Любоў Яравая” па п’есе К.Трэнёва.

Але вернемся ў лістапад 1948 года, калі афішы ў Слоніме запрашалі на прэм’еру спектакля “Шляхі-дарогі” па п’есе А.Фёдарава. У тым жа годзе ў Слонім прыехаў вопытны рэжысёр Міхаіл Фрыдман (1894-1975), які скончыў маскоўскую тэатральную студыю “Свабоднае мастацтва” у 1928 годзе і вандраваў з яўрэйскай акцёрскай трупай па Украіне і Беларусі. Менавіта Міхаіл Фрыдман узначаліў тэатральны калектыў Слонімскага РДК, а Аляксандр Бялоў быў кіраўніком танцавальнага гуртка. Вопытны рэжысёр сур’ёзна працаваў над першым спектаклем, хоць яму было цяжка -- не хапала дэкарацый, касцюмаў. Выручала толькі адно: для ўсіх патрэбны былі толькі вайсковыя мундзіры. А іх дастаткова пакінула вайна.