Выбрать главу

Ад спектакля да спектакля расло прафесійнае майстэрства слонімскіх акцёраў, больш выразна акрэсліваўся вобраз тэатра. З’яўляліся новыя імёны ў тэатры, звычайна маладых людзей, якіх прыцягвала ў тэатр жаданне далучыцца да мастацтва, выказаць са сцэны ўласныя ідэалы, уяўленні аб жыцці і яго каштоўнасцях. Працуючы над новымі сцэнічнымі вобразамі, маладыя артысты звяралі свае пачуцці і думкі з унутраным светам сваіх герояў, духоўна ўзбагачаліся. Ядром калектыву народнага тэатра шмат гадоў складалі людзі, для якіх захапленне тэатрам стала другой прафесіяй. Гэта былі Кацярына Палішчук, Лілія Літвіненка, Еўдакія Ануфрынюк, Рыма Міско, Віктар Шчарбакоў, Анатоль Лаўрашчук, Людміла Клімовіч, Святлана Варвашэвіч, Віктар Піменаў, Анатоль Цярэнін, Іван Андрыеўскі, Аляксандр Ражкоў, Аркадзь Будзіловіч, Людміла Завадская, Феафанія Ракевіч, Ларыса Фірсава, Мікалай Федзюкоў, Ніна Жукоўская, Віктар Касікоўскі, Уладзімір Гардзіеўскі, Ніна Куршук, Андрэй Каханоўскі, Марыя Гурская, Таццяна Натарава, Людміла Грынчык, Пятро Струкаў і дзесяткі, нават сотні іншых аматараў сцэнічнага мастацтва.

У 1972 годзе Мікалай Варвашэвіч ставіць спектакль “Ганка” па п’есе Уладзіслава Галубка. Цікавасць да драматургіі Галубка ў Варвашэвіча была заўсёды. Ён любіў творы гэтага драматурга і з радасцю іх ставіў. Удалася яму тады і “Ганка”. Спектакль кранаў адчуваннем эпохі, нацыянальнай своеасаблівасцю, мілагучнай, суладнай агульнаму настрою музыкай. Многія акцёры стварылі жывыя, запамінальныя вобразы. Але ў рэспубліканскай прэсе былі і заўвагі па некаторых выкананых ролях. Пісьменніца Вольга Іпатава ў “Літаратуры і мастацтва” пісала тады, што Ганка артысткі Святланы Варвашэвіч атрымалася зусім не пакорлівай, ціхай, схаванай і маўклівай дзяўчынай. А Ганка магла б стаць сапраўднай гераіняй спектакля, каб не была такой няроўнай. Святлана Варвашэвіч час ад часу, нібы перадумаўшы, рабіла Ганку слабай, разгубленай, палахлівай. І гэта неяк перашкаджала і самой выканаўцы “жыць у вобразе”. А артыст Анатоль Цярэнін, які выконваў ролю Васіля, па словах пісьменніцы, свайго героя маляваў пераважна знешнімі прыёмамі, не перажыўшы да канца, не “перахварэўшы” ім.

У цэлым уражанне ад спектакля “Ганка” засталося ў беларускіх гледачоў вельмі добрае. На дэкадзе самадзейнага тэатральнага мастацтва ў Мінску ў красавіку 1973 года прафесар Уладзімір Няфёд сказаў: “Спектакль “Ганка” мне спадабаўся. Перададзена адчуванне эпохі. Ёсць жывыя вобразы, якія прымушаюць гледача хвалявацца. Як пажаданне на далейшае: хацелася б, каб была большая ансамблевасць у спектаклі, у ігры акцёраў” (“Літаратура і мастацтва”, 30.03.1973 г.). Спектакль “Ганка” на дэкаце быў удастоены дыплома першай ступені.

Слонімскую “Ганку” два разы паказвалі па тэлебачанню. Беларускі эміграцыйны часопіс “Баявая Ўскалось” (1972, № 12), які выходзіў у Канадзе, змясціў здымак “Ганкі” і тэкст да яго: “Артыстка Слонімскага народнага тэатра Святлана Варвашэвіч у ролі Ганкі з драмы “Ганка”, напісанай у 1912 годзе беларускім драматургам Уладзіславам Галубком. Рэжысёр – М.Варвашэвіч. Музыка мясцовага кампазітара М.Гарабца”.

У 1973 годзе ў Беларусі працавалі 49 народных тэатраў. Слонімскі народны тэатр займаў першае месца па колькасці выступленняў. І яго артысты працавалі не дзеля прыгожых справаздач ці ганарлівага самавыяўлення, а з глыбокім перакананнем, што задача мастацтва – гэта служэнне людзям, паўсядзённае, абавязковае і бескарыслівае.

Ад беларускай класікі рэжысёр Мікалай Варвашэвіч пераходзіць да рускай і ставіць у народным тэатры п’есу Максіма Горкага “Васа Жалязнова”. Ролю галоўнай гераіні Васы Жалязновай выконвала артыстка тэатра Кацярына Палішчук. Яна стварыла вобраз знешне валявой прадстаўніцы тагачаснага капіталістычнага свету, але разам з тым з унутранымі трывогамі. Для артысткі гэта была класічная роля, з багатай тэатральнай гісторыяй. І ўсё ж артыстка імкнулася даць сваё разуменне гераіні. Дзелавітасць, жорсткасць, настойлівасць Васы артыстка не толькі зразумела, а адчула іх. Горш атрымлівалася з яе любоўю да дзяцей. Васа артысткі Палішчук не атрымалася пяшчотнай і любячай маці, ёй не хапала шчырасці. І, наогул, чалавечая натура, справа складаная, асабліва такая самабытная, як гераіня Горкага. Скупа і не без барацьбы адкрыла яна артыстцы Кацярыне Палішчук таямніцы сваёй душы.