У той 1974-ы год Юрый Сохар і Рычард Смольскі былі яшчэ маладымі драматургамі. Гэта цяпер Юрый Сохар -- вядомы тэатразнавец, кандыдат мастацтвазнаўства, аўтар шматлікіх кніг па тэатру, а Рычард Смольскі яшчэ больш знаная асоба ў тэатральных колах. Ён з’яўляецца рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам. Іх сябра Мікалай Варвашэвіч у Слонімскім народным тэатры ставіць спектакль “Разбег” па п’есе Сохара і Смольскага. Зразумела, твор, які драматургі паказалі рэжысёру, быў не пазбаўлены недахопаў. Рэжысёр плённа папрацаваў з аўтарамі над сцэнічным увасабленнем п’есы. Гэта была добрая практычная вучоба і для маладых драматургаў, і для пастаноўшчыка спектакля.
Падзеі ў спектаклі, як і ў п’есе, адбываліся ў 1924 годзе. Яны былі прысвечаны нараджэнню камсамольскіх арганізацый на Беларусі. Спектакль “на поўны рост” паказваў вобразы маладых барацьбітоў за ўладу народа. Такія спектаклі, як і кінафільмы, ў той час былі вельмі папулярнымі. Таму рэжысёр дужа стараўся, ён спалучыў тонкі псіхалагізм характараў з публіцыстычнасцю агульнага рашэння спектакля. Гэтаму ў немалой ступені садзейнічаў і высокі выканаўчы ўзровень артыстаў народнага тэатра. А яшчэ поспеху спектакля ў многім паспрыяла лаканічнае, але вельмі ёмістае афармленне, над якім працаваў мастак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Барыс Герлаван. Гэта быў яшчэ адзін прыклад (пасля народнай артысткі Беларусі Вольгі Галіны) плённага творчага супрацоўніцтва мастака-прафесіянала з народным тэатрам. Удала выкарыстаў рэжысёр у спектаклі аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Марата Малікава. А музыка, напісаная мясцовым кампазітарам-аматарам Міхасём Гарабцом, арганічна злівалася з мастацкім дзеяннем спектакля.
Вясёлым адкрыццём для слонімскіх гледачоў і для тэатра была камедыя Мікалая Віннікава “Ілюшка смяецца”, якую ў 1974 годзе паставіў Мікалай Варвашэвіч. У спектаклі ўдала вылучаліся сур’ёзныя праблемы нашага жыцця – гэта роля сям’і з выхаванні падрастаючага пакалення, абавязак чалавека перад грамадствам, яго адносіны да маральна-эстэтычных каштоўнасцей і іншае. Ды і сюжэт спектакля вельмі просты. У сям’і рабочага Сямёна Каліціна яго старэйшая дачка Аляксандра, якая была артысткай абласной філармоніі, нарадзіла і пакінула ў радзільным доме немаўлятка. Малодшая сястра – семнаццацігадовая Галіна, атрымаўшы гарачае адабрэнне старой нянькі бабы Мані, забрала хлопчыка дамоў. Яны ўзяліся даглядаць нованароджанага, як члена іх сям’і. Вакол усяго гэтага і адбываліся на сцэне вясёлыя прыгоды.
Да 30-годдзя Перамогі савецкага народа ў Другой сусветнай вайне, Мікалай Варвашэвіч на сцэне Слонімскага народнага тэатра ставіць спектакль “Людзі і д’яблы” па п’есе Кандрата Крапівы. П’еса драматурга, як і сам спектакль, адлюстроўвала падзеі першых дзён вайны 1941-1942 гадоў. У цэнтры падзей, якія адбываліся на сцэне, былі яркія фігуры савецкіх падпольшчыкаў і не менш каларытныя вобразы ворагаў. Таму акцёры прыклалі ўвесь свой вопыт і талент, каб дакладна перадаць той працэс гераічнай барацьбы. Тэатральны крытык Юрый Сохар у рэцэнзіі на спектакль пісаў: “Падпольную работу ў драме К.Крапівы ўзначальвае камуніст Рунец (Віктар Шчарбакоў), адзіныя з ім яго памочнікі: “Цётка” (Рыма Халмагорава), “Страказа” (Наталля Краснаруцкая) і салдат Кузьмін (Анатоль Цярэнін). Акцёр Віктар Шчарбакоў паказвае свайго героя думаючым, з вялікім жыццёвым вопытам, які прайшоў суровую школу падпольнай барацьбы. Рунец – Шчарбакоў паслядоўны ў сваіх учынках і рашэннях. Ён верыць людзям, але вера гэтая не сляпая, а лагічна прадуманая і дакладна вызначаная. Акцёр стварыў цікавы вобраз партыйнага кіраўніка ва ўмовах падполля, для якога галоўным з’яўляецца калектыўны метад кіраўніцтва ў барацьбе. Не проста склаўся гераічны лёс “Салдата” Кузьміна. Акцёр Анатоль Цярэнін стварае вобраз смелага, дысцыплінаванага чалавека. Ён напоўніў характар героя лірычнасцю і пяшчотнасцю ў сцэнах сустрэч з Вікцяй (Ніна Куршук). Але яго лірычнасць ніколькі не зменшыла мужнасці ў барацьбе з ворагамі” (“Літаратура і мастацтва”, 1 жніўня 1975 г.).
Са спектаклем “Людзі і д’яблы” слонімскія артысты аб’ездзілі многія вайсковыя часці Беларусі. У 1975 годзе тэатр быў узнагароджаны дыпломам Цэнтральнага Камітэта работнікаў культуры і Міністэрства культуры СССР. Гэтай узнагароды драматычны калектыў быў удастоены за актыўны ўдзел ва Усесаюзным грамадскім аглядзе культурна-шэфскай работы ва Узброеных Сілах Савецкага Саюза, прысвечаным 30-годдзю Перамогі ў Другой сусветнай вайне. А рэжысёр Мікалай Варвашэвіч атрымаў дыплом Цэнтральнага Камітэта прафсаюза работнікаў культуры СССР.