Выбрать главу

Наогул, Мікалай Варвашэвіч заўсёды быў і застаўся ў памяці тых, хто яго ведаў і хадзіў на яго сцэнічныя пастаноўкі, папулярызатарам беларускай драматургіі. У 1977 годзе ён упершыню звярнуўся да творчасці Андрэя Макаёнка і паставіў спектакль па п’есе драматурга “Таблетку пад язык”. Гэта была не проста камедыя, а камедыя-рэпартаж, у якой адсутнічала паслядоўнае нарастанне падзей. У спектаклі ўзнімалася мноства пытанняў. Бадай, адно з галоўных, якое больш за ўсё хвалявала тады вёску, ды і цяпер таксама, -- гэта міграцыя сельскай моладзі ў горад.

Галоўны герой спектакля быў старшыня калгаса “Маяк” Уладзімір Каравай (артыст В.Шчарбакоў). Гэты вопытны, “прабіўны”, хітры, разумны чалавек, галоўны клопат якога – зямля і ўраджай.

Ва ўсіх трох дзеях камедыі – адзін звычайны рабочы дзень старшыні. Адзін дзень, які напоўнены камічнымі і драматычнымі сітуацыямі, рознымі сутыкненнямі, умяшаннем у лёс вяскоўцаў. Адначасова – барацьбой з уласнай немаччу. У Каравая шмат спраў: да яго заходзяць людзі, прыязджае прадстаўнік міністэрства, наведваюць нарыхтоўшчыкі, звоняць тэлефоны. І старшыня ўнікае ва ўсё. Ён мог бы не разбірацца ў тым, што было і чаго не было паміж Іванам Шведам (артыст В.Салтусаў) і Тамарай Смятанкінай (артыстка С.Навумавец). Але ж душэўны спакой людзей важны для вытворчасці. Нарэшце сельскай гаспадарцы патрэбны рабочыя рукі, і варта, разважае старшыня, сасватаць Івана з Тамарай. Але моладзь вёскі цягнецца ў горад. Аб гэтым нервова перажывае Каравай.

У сваіх маналогах студэнт-завочнік Юрка (артыст Ю.Крэтаў), які збіраецца ў горад, кажа: “Новы спосаб вытворчасці дыктуе заканамернасці і ў пераразмеркаванні вытворчых сіл грамадства. Вось корань міграцыі... Трэба круціць, вярцець мазгамі, а не трымаць за полы лішняга чалавека... Я ж не мяккае месца шукаю, а сваё. Каб ад мяне максімум карысці было...”.

І старшыня гаспадаркі разумеў: ні ўгаворамі, ні пагрозамі людзей не стрымаць. Толькі павышэнне культуры вёскі падзейнічае на імкненне людзей.

Але і моладзь з горада ідзе ў вёску. Пасля вучобы вяртаецца ў калгас Васіль (артыст А.Цярэнін): “Работу мне дайце па душы! Каб душа гарэла! Каб душа кіпела! Каб ні ранкам, ні вечарам спакою не было, каб дух займала, каб дня не хапала, каб папрасіў суткі падоўжыць!”. Вось з такім намерам ішоў тады ў вёску малады інжынер – герой п’есы Андрэя Макаёнка.

Быў у спектаклі, якрамя іншых дзеючых асоб, яшчэ адзін чалавек, які стаяў асабняком ад іншых персанажаў. Гэта – калгасны пенсіянер дзед Цыбулька. У ім адлюстроўвалася народная філасофія, ён адразу выклікаў сімпатыю ў гледачоў, яго жарты цёпла ўсімі ўспрымаліся. Гэта быў той камічны дзед, які існуе і ў класічнай драматургіі. Цыбулька, як персанаж, выдзяляўся сярод сваіх прататыпаў. У камедыі ён не толькі жартаваў, разважаў, а казаў патэтычныя маналогі. Ролю Цыбулькі добра выконваў артыст народнага тэатра Аляксандр Рыжкоў, якога ўсе слонімцы ведалі, паважалі і любілі.

У 1982 годзе на сцэне Слонімскага народнага тэатра адбыліся дзве яркія прэм’еры – “Навальніца будзе” па п’есе Алеся Звонака і “Гняздо глушака” па п’есе Віктара Розава. Спектаклі паставіў Мікалай Варвашэвіч.

Спектакль “Навальніца будзе” Алеся Звонака (п’есу драматург напісаў паводле трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”) пачынаўся проста і хвалююча: гасла святло і прамень высвечваў партрэт Якуба Коласа. Удумліва глядзелі на гледачоў вочы песняра і нібыта запрашалі на Палессе да Андрэя Лабановіча і Ядвісі. Ролю Лабановіча выконваў Анатоль Цярэнін, а Ядвісі – Таццяна Натарава.

Пра што расказваецца ў трылогіі “На ростанях” Якуба Коласа, бадай, няма патрэбы напамінаць. Са зместам гэтага класічнага твора беларускай літаратуры ўсе мы знаёмыя яшчэ са школы, бо трылогія – твор хрэстаматыйны. Алесь Звонак, разумеючы, што багаты, шматгранны па свайму гучанню і сацыяльнаму напаўненню матэрыял коласаўскага твора немагчыма цалкам “уціснуць” у жорсткія рамкі сцэны, пайшоў па шляху найбольш рацыянальнага выкарыстання таго асноўнага, што складае змест трылогіі. Асноўнае ж гэта было – сюжэтная лінія, звязаная з Андрэем Лабановічам, лінія, што дазваляла поўна і ўсебакова прасачыць шлях у рэвалюцыю прадстаўніка беларускай народнай інтэлігенцыі. Гэты шлях няпросты, як і няпросты працэс станаўлення маладога вясковага настаўніка. Як ён адбываецца, як вучыцца Лабановіч разумець народ і як самі людзі пераконваюцца, што ён сапраўдны выражальнік іх інтарэсаў, мар і спадзяванняў – менавіта гэта і паказваў спектакль у Слоніме.