Выбрать главу

Спектакль “Улада цемры” стаў сотай прэм’ерай народнага тэатра. І першы паказ гэтага спектакля адбыўся роўна праз дваццаць пяць гадоў пасля прысваення калектыву ганаровага звання “народны”. Так што прэм’ера “Улады цемры” у гісторыі тэатра была знамянальнай.

Акрамя рускай і беларускай класікі рэжысёр Мікалай Варвашэвіч не пакідаў без увагі і творчасць маладых беларускіх драматургаў. У 1987 годзе на сцэне народнага тэатра упершыню быў паказаны спектакль маладога драматурга з Віцебшчыны Уладзіміра Сауліча “Халімон камандуе парадам”. Сюжэт п’есы быў просценькі. Жыхар вёскі Цельпухоўка Халімон Капытка, яго жонка Куліна на асабістым падворку выгадавалі самага вялікага ў вобласці парсюка. Абласное тэлебачанне, даведаўшыся аб гэтым, вырашыла распаўсюдзіць “цельпухоўскі” вопыт гадоўлі свіней. У вёску прыязджаюць карэспандэнты. Урэшце ж высвятляецца, што Халімонаў парсюк узгадаваны на хлебе і малацэ. Здымкі адмяняюцца...

Уладзімір Сауліч, сапраўды, напісаў праўду. Так было ў савецкі час, калі свіней і кароў кармілі хлебам з крамы. Толькі крыўдна і балюча: як дайшлі да такога, што свінні засланілі людзей? Знакамітая рэпліка тэлеаператара Васі: “Адступіцеся, парсюка засланілі!” – трапна характарызавала камандна-адміністратыўны стыль тагачаснага кіраўніцтва народнай гаспадаркай.

П’еса і актуальнасць яе Мікалаю Варвашэвічу тады спадабаліся. Хаця камедыя мела і шэраг недахопаў. Гэта і зыход у некаторых месцах на стылістычную спрошчанасць мовы, і недастатковая кульмінацыйная насычанасць, і наіўнасць асобных эпізодаў, і слабая абумоўленасць развіцця ўзаемаадносін некаторых персанажаў. Але сацыяльна-псіхалагічная праблема, узнятая ў гэтай п’есе на той час, была надзвычай надзённая і вострая...