Восенню 1989 года Міністэрствам культуры Беларусі было прапанавана Слонімскаму тэатру-студыі перайсці на дзяржаўную структуру працы. Мясцовыя ўлады прапанову падтрымалі. Таму з 1 студзеня 1990 года ў Слоніме пачаў дзейнічаць беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, дырэктарам і рэжысёрам у адной асобе стаў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Варвашэвіч.
Творчы калектыў тэатра адразу адчуў вялікую адказнасць, ды і прыбавілася шмат новых праблем. Але яны паціху вырашаліся.
У прафесійны тэатр з тэатра-студыі калектыў прыйшоў з 4 спектаклямі. Гэта былі пастаноўкі – “Пяпялушка” па п’есе Т. Габэ і “Жалезная заслона” па п’есе У.Катэнкі. Спектаклі паставіў Мікалай Варвашэвіч. Пастаноўку спектакля “Два клёны” па п’есе Я.Шварца ажыццявілі Юрый і Ірына Марэцкія, а “Чырвоны куток” па п’есе М.Разоўскага паставілі Таццяна Паўлава і Ганна Шэлепава. Спектакль для Паўлавай і Шэлепавай быў дэбютам. Напачатку прэм’еры іх з гэтым павіншаваў Мікалай Варвашэвіч і пажадаў творчых удач. На жаль, больш творчых удач у Слоніме ў гэтых таленавітых дзяўчат не было, бо хутка яны развіталіся з тэатрам і з горадам. Але Таццяна Паўлава і Ганна Шэлепава ў гісторыі тэатра пакінулі нядрэнны спектакль, у якім упершыню былі толькі дзве жаночыя ролі. Дзяўчаты былі не толькі рэжысёрамі спектакля, але і самі сыгралі галоўныя ролі.
Змест п’есы “Чырвоны куток” быў даволі звычайны. Ды і, відаць, напісана п’еса была ў тыя далёкія “антыалкагольныя” гады, калі адны пілі гарэлку, а другія п’яніц “выхоўвалі”. Так і ў спектаклі: выхавальніца жаночага інтэрната (артыстка Т.Паўлава) дакарала простую рабочую (артыстка Г.Шэлепава) за тое, што тая жыве адна, п’е, нікуды не ходзіць і г.д. З доўгага дыялогу стала вядома, што не гарэлка ва ўсім вінавата, а проста чалавечае гора. Ды й лёс самой выхавальніцы быў нечым падобны да лёсу той адзінокай дзяўчыны. Жаночае адзіноцтва – вось асноўная ідэя гэтага незвычайнага спектакля.
А спектакль “Жалезная заслона” быў падзеяй для горада. Ён своечасова ўварваўся ў грамадскае жыццё горада над Шчарай, бо быў пастаўлены па гарачых слядах таго часу, калі ў краіне ішла перабудова. У спектаклі былі толькі дзве станоўчыя ролі: старшыня калгаса Бабакоў (артыст Пётр Струкаў) і журналістка Ніна Цітова (артыстка Наталля Чуйко). Усе астатнія – Плюсаў, Корж, Лаўкіна, Шайкіна, Пінцэтаў – былі бюракраты, хабарнікі, кар’ерысты, якія за “жалезнай заслонай” вялі сваё “вольнае” жыццё. Прайшоў бы час і яны змаглі б “пабудаваць яму (Бабакову) камунізм”, каб не гэтыя перабудова і дэмакратыя, публічнасць і плюралізм.
Акцёры Аркадзь Будзілаў, Ніна Жукоўская, Марыя Гурская і Віктар Шчарбакоў сыгралі ролі адмоўных асоб, якія мараць стварыць сваю “дзяржаву неперабудаванага сацыялізму”. Лаўкіну хвалююць дэфіцыты ў крамах, Шайкіна збірае сваіх знаёмых і сяброў у саўне, бо не для простых людзей будуюць саўны, а для такіх, як Плюсаў, Корж, Пінцэтаў. Вобраз Лаўкінай створаны артысткай Нінай Жукоўскай, бадай, ці не самы праўдзівы і яркі быў у спектаклі. Рухі, унутранае напружанне гераіні, праца думкі – усё гэта дапамагло выканаўцы, каб паказаць вобраз кар’ерысткі, для якой у жыцці галоўнае – “крама пры любой уладзе – ёсць улада”. Інакш выглядала Марыя Гурская ў ролі Шайкінай. Яна сыграла больш развязную, абыякавую і пустую жанчыну. Хоць гэта зусім не так: Шайкіна павінна быць хітрай і нахабнай кабетай. Яна гатова нават ісці ў бойку, каб толькі абараніць свой жаночы гонар, які шмат разоў губляла...
Акцёрскі стаж адчуваўся ў Аркадзя Будзіловіча, Віктара Шчарбакова і Мікалая Варвашэвіча, героі якіх няслі гледачам элементы сатыры і гумару.
Юныя гледачы ў той ужо няблізкі 1990 год вельмі любілі спектакль “Папялушка”. Толькі за першы прэм’ерны тыдзень яго паглядзелі больш за тры тысячы гледачоў. Асабліва ўсім спадабалася сама Пяпялушка (артыстка Ірына Вятошкіна). Выканаўца ролі вельмі дэталёва прадумала сваю ролю. Яе Папялушка была дужа падобная на Папялушку Шарля Перо. Вобраз, створаны Ірынай Вятошкінай, вяртаў гледачоў не толькі ў далёкую казачную краіну, а таксама ў XVI-XVII стагоддзі. Прыемны голас артысткі, праўдзівае пранікненне ў жыццёвыя абставіны сваіх герояў, касцюм Папялушкі – усё гэта дапамагло Ірыне Вятошкінай стварыць цудоўны казачны вобраз, які адразу спадабаўся слонімскім гледачам.