Выбрать главу

У пэўным сэнсе здзівіў рэжысёр М.Варвашэвіч. Ён даўно праявіў сябе як майстра сцэнічных палотнаў, любіць і ўмее ставіць шматнаселеныя спектаклі эпічнага гучання. А тут – своеасаблівая сцэнічная показка з невялікай колькасцю дзейных асобаў, у простых, лаканічных дэкарацыях (мастак С.Кірык спавядае прынцып побытавай дакладнасці: будуе звыклы інтэр’ер вітальні звыклай гарадской кватэры). Рэжысёр не імкнуўся “пашырыць” або “паглыбіць” драматычны твор, сваю задачу ён бачыў у іншым – дакладна перакласці на тэатральную мову трагікамедыю У.Сауліча. Вядома, з такой задачай можна і паспрачацца, але тут не выпадае, бо рэжысёр пераконвае з дапамогай акцёраў і...гледачоў. Так-так, менавіта з дапамогай гледачоў, якія актыўна, надзвычай эмацыянальна ўспрымаюць спектакль, спрыяюць яго асаблівай атмасферы...” (Тэатр у прасторы часу. С.183).

Вядома, крытык Р.Смольскі выказаў і свае заўвагі па спектаклю, найперш тое, што акцёр Сяргей Бачкоў у ролі маёра міліцыі Козлікава перадаў толькі адну рысу характара – абсалютную страту сумлення. А ў ігры акцёра Віктара Багушэвіча (роля дзеда Язэпа) хацелася б бачыць большую псіхалагічную выразнасць. Крытык пахваліў артыста Мікалая Сцешыца, які вылучаўся ў ролі сабакі з залатым зубам...

Другой сцэнічнай удачай рэжысёра Мікалая Варвашэвіча быў спектакль “Лекі ад кахання” па п’есе Уладзіслава Галубка “Пісаравы імяніны”. Праз дваццаць гадоў пасля “Ганкі”, рэжысёр зноў вярнуўся да творчасці У.Галубка. Як вядома, п’еса гэта ў розны час на сцэнах Беларусі ішла пад рознымі назвамі: “Залёты дзяка”, “Хвароба ў добрым здароўі” і іншымі. У Слоніме прэм’ера адбылася пад назваю “Лекі ад кахання”.

Уладзіслаў Галубок, калі пісаў сваю камедыю, добра ведаў, з каго будуць гледачы смяяцца і з кім можна смяяцца. Гэтага ў Слоніме прытрымліваліся і рэжысёр, і акцёры. Смех драматурга над адмоўнымі рысамі чалавечага жыцця вельмі глыбокі, шчыры і адкрыты. Рэжысёр Варвашэвіч аздобіў спектакль яшчэ і сучаснай афарбоўкай. Таму падзеі спектакля, нібы раскрывалі сённяшні дзень нашага жыцця, дзе многа сатыры і гумару, якіх мы часам і не заўважаем.

Акцёр Уладзімір Навумік стварыў своеасаблівы вобраз пісара – чалавека, які ў “сваім жыцці трэці раз дурня меў. Першы раз, калі быў старшым намеснікам малодшага пісара, на радасцях так напіўся, што замест пакаёўкі доктара па абмылцы абняў жонку доктара, за гэта дастаў па вушах і са службы выгналі. Другі раз паехаў на шалёнай кабыле ў горад і замест дарогі ўехаў з аглоблямі ў аптэку, за гэта адседзеў два дні ў часці, два зубы выбілі і за акно заплаціў. А цяпер трэцяя бяда...”.

Так-так, бяда. Бо жонка (артыстка Вікторыя Сямёнава, цяпер Вікторыя Міхальчык) “знюхалася” з дзякам (артыст Віктар Багушэвіч). Дарэчы, дзяк Багушэвіча атрымаўся даволі праўдзівы. Адначасова з Вікторыяй Сямёнавай роль жонкі пісара выконвала і артыстка Таццяна Натарава. Калі жонка Сямёнавай выглядала важнай арыстакратычнай, нават нейкай беларучкай і адзінокай, то жонка Натаравай была хітрай, здзеклівай і беспардоннай жанчынай.

Артыстка Ірына Яцук іграла роль Мар’і. Яе гераіня атрымалася трагікамічнай, шустрай і шчырай жанчынай. Вельмі моцнымі сцэнамі ў спектаклі былі тыя, калі на сцэне заставаліся сам насам пісар і Мар’я. Створаныя артыстамі гэтыя героі выклікалі ў зале смех, сімпатыі гледачоў. Дапамагала ім і артыстка Лілія Літвіненка, якая іграла ролю Аўдоцці.

Бракавала тады ў спектаклі, як адзначалі крытыкі, прафесіянальнай харэаграфіі. А менавіта танцы і павінны былі надаваць спектаклю весялосці і настрою. І ўсё ж, ад чаго змаглі вылечыць “Лекі ад кахання” у 1992 годзе? Найперш, ад жыццёвай мітусні, клопатаў і хвалявання.

Дзяцей у гэтым годзе тэатр парадаваў спектаклямі “Зайка-зазнайка” і “Антосік і гармонік”. Асабліва даспадобы дзецям была музычная казка “Антосік і гармонік”. Героі казкі – ліса, казёл, воўк, сарока, паштальён, зайчаняты, сабака, бабуля, а таксама Антосік са сваім гармонікам не давалі сумаваць хлопчыкам і дзяўчынкам.