У пачатку года ў тэатр прыехалі студэнты-практыканты Беларускага універсітэта культуры Васіль Сявец, Аляксандр Богдан і Валерый Бандарук. Яны прывязлі з сабой п’есу “Свінячае жыццё”, якую напісаў Аляксандр Богдан. Маладыя аўтары спадабаліся Мікалаю Варвашэвічу і ён іх прыняў на практыку ў тэатр, а таксама дазволіў паставіць спектакль на слонімскай сцэне. Спектакль хлопцы паставілі, дзе самі і выконвалі галоўныя ролі: Рабога выканаў Васіль Сявец, Лупатага – Аляксандр Богдан, гаспадара – Валерый Бандарук, а гаспадыню сыграла артыстка Вікторыя Міхальчык.
5 сакавіка ў тэатры адбылася здача спектакля. У абмеркаванні яго на мастацкім савеце прыняў удзел увесь калектыў, таму што спектакль быў новы ва ўсіх адносінах: літаратурных, сцэнічных (дзе замест людзей былі свінні) і рэжысуры. Артыстка Лілія Літвіненка сказала: “Мне спектакль вельмі спадабаўся навізной і цікавай задумкай. На вобразах парсюкоў былі добра відаць людзі. Невыпадкова адзін з галоўных герояў – парсюк Лупаты кажа: “Людзі чымсьці падобныя на нас. Я многа думаў над гэтым, прыкідваў і прыйшоў да вынікаў, што ў людзей ёсць штосьці свінячае. Ці, наадварот, у нас штосьці людское...”. Артыст Віктар Багушэвіч выказаў і сваю думку: “Мне спектакль спадабаўся і вельмі парадаваў. Я жыў у ім, я, здаецца, на адным дыханні яго паглядзеў. Шмат новага я ўзяў для сябе ў плане рэжысуры. Мне спадабаўся Рабы, якога сыграў Васіль Сявец”. Мастак Сяргей Кірык адзначыў: “Спектакль смелы і новы. У ім я ўбачыў элементы сімвалізму і мадэрнізму. Заслуга ў гэтым і аўтара п’есы Аляксандра Богдана, і рэжысёра Валерыя Бандарука”.
Праз некалькі дзён са спектаклем знаёміліся слонімскія гледачы. Спектакль выклікаў неадназначныя меркаванні і думкі, але ўсе яго глядзелі з цікавасцю.
Слонімскі беларускі драматычны тэатр заўсёды дбаў і плённа працаваў для дзяцей. Гэта праца працягваецца і цяпер. А тады ў 1993 годзе, як рэжысёр, дэбютавала ў Слоніме Настасся Селіванава і, як драматург, – Аляксей Якімовіч. Настасся Селіванава паставіла казку “Дзень нараджэння ката Леапольда”. Сюжэт казкі быў вельмі просценькі. Добры, шчыры і пяшчотны кот Леапольд (артыст Сяргей Бачкоў) рыхтаваўся да свайго дня нараджэння. Дапамагала яму ў гэтым і яго любая бабулька (артыстка Лілія Літвіненка). Усё было б добра, калі б не гэтыя нахабныя мышы Міця (артыст Мікалай Сцешыц) і Моця (артыстка Іна Ёрш). Яны хочуць сапсаваць свята і настрой добраму кату Леапольду і яго сябрам. На баку імянінніка выступаў і доктар (артыст Віктар Багушэвіч).
Кот Леапольд Сяргея Бачкова атрымаўся сур’ёзным і добрым, патаемным і сарамлівым. Мышаняты Міця і Моця Мікалая Сцешыца і Іны Ёрш – рашучыя і дасціпныя, рухавыя і самавольныя. Хітрай і разважлівай была бабуля Ліліі Літвіненкі. А доктар Віктара Бугушэвіча атрымаўся трохі наіўным і нават смешным...
На прэм’еры “Дня нараджэння ката Леапольда” у Слоніме тады пабываў доктар мастацтвазнаўства Рычард Смольскі. Ён адзначыў добрую сцэнаграфію спектакля і мову акцёраў, а таксама расказаў калектыву тэатра пра сучасны стан сцэнічнага мастацтва ў Беларусі.
Спектакль “Чарадзейныя суніцы” паставіў Сяргей Бачкоў. А напісаў п’есу слонімскі драматург Аляксей Якімовіч. Гэта быў дэбют у драматургіі слонімскага аўтара. Прычым, дэбют удалы.
Добрая гульня акцёраў, арыгінальны падбор касцюмаў, вясёлыя песні і танцы – усё гэта надало спектаклю непаўторнасць і захапленне. А сюжэт спектакля быў з прыгодамі і нечаканасцямі, якія любяць глядзець нашы дзеці. Вясковыя сябры Янка (артыст Мікалай Сцешыц) і Алеська (артыстка Іна Ёрш) заблудзіліся ў лесе. Блукаючы, яны сустракаюцца з пачварай (артыст Віктар Багушэвіч), якую прываліла дрэва. Выратаваўшы пачвары жыццё, дзеці за гэта атрымліваюць узнагароду – чарадзейныя суніцы розных колераў. Паспрабаваўшы некалькі суніц, Янка і Алеська трапляюць у казачны свет, дзе гаспадарыць і кіруе пан Смактун (артыст Аляксандр Камінскі) са сваім стражнікам (артыст Юрый Грасевіч), а таксама пан Альхоўскі (артыст Уладзімір Навумік) і пані Крывулька (артыстка Вікторыя Міхальчык). Тут і адбываліся ўсе прыгоды. Але, як і ў кожнай казцы, у “Чарадзейных суніцах” таксама быў шчаслівы фінал, фінал з песняю і музыкай, якую напісаў для спектакля яго рэжысёр Сяргей Бачкоў.
У тыя гады калектыў Слонімскага беларускага драматычнага тэатра заўсёды імкнуўся паказаць, як у звычайным, будзённым жыцці можна свабодна і лёгка валодаць роднай мовай, а таксама быць верным сябрам і дарадчыкам дзіцячых садкоў і школ у практычнай дапамозе па адраджэнню беларускай культуры. Немалаважна для тэатра было і тое, каб захапіць дзяцей мастацтвам, навучыць іх разумець цудоўнае. І гэтыя задачы тэатр паспяхова выконваў.