Гэты год для тэатра не быў плённым на прэм’еры, тым не менш дзве новых пастаноўкі ўбачылі дзеці і адну -- дарослыя гледачы.
У другой палове студзеня адбылася прэм’ера спектакля “Мудрагелісты цмок”. Напісаў п’есу і паставіў Сяргей Бачкоў.
Другую сваю п’есу “Хітрыкі бабы Ягі” прапанаваў тэатру слонімскі драматург Аляксей Якімовіч. П’еса Мікалаю Варвашэвічу спадабалася і ён ажыццявіў яе пастаноўку. Наогул, мець свайго драматурга – гэта гонар і пашана для любога тэатра, а тым больш для такога тэатральнага калектыву, які дзейнічае ў правінцыі. У слонімскім калектыве такім драматургам быў і застаўся Аляксей Якімовіч, які на вобразе сваіх казачных герояў паказваў беларускую нацыянальную адметнасць іх характараў.
У 1993 годзе часопіс “Тэатральная Беларусь” апублікаваў п’есу Андрэя Федарэнкі “Жаніх па перапісцы”. Сам аўтаў ва ўступным слове да п’есы прызнаўся: “П’еска задумвалася і пісалася мною, як пародыя на меладраму, пародыя на маленькія, будзённыя трагедыі звычайных “беларускіх савецкіх” урбанізаваных людзей, жыццё якіх уціскаецца ў чатыры сцяны стандартнай сяміметровай кухні. Але, пачаўшы пісаць, правіць і перапісваць, калі больш-менш героі пачалі мне здавацца жывымі, я стаў шкадаваць гэтых людзей і неяк незаўважна для сябе змякчаў іхнія словы, дзеянні; выкрасліў аднаго асабліва агрэсіўнага персанажа, ад чаго п’еска скарацілася на карціну, і ўрэшце атрымалася не пародыя, а фарс. Героі ў ім, у большасці выпадкаў, самі “не знают, что творят”, дабро застаецца незаўважаным, а зло – неразгаданым” (“Тэатральная Беларусь”, 1993. № 2. С.2).
Вось гэтая “п’еска” спадабалася Валерыю Бандаруку і ён вырашыў яе паставіць. Менавіта ён упершыню ў рэспубліцы ажывіў гэты фарс (жанр, які вызначыў сам аўтар) на слонімскай сцэне.
Дзеянні ў спектаклі адбываюцца, як піша драматург у пачатку першай карціны, у часы “гарбастройкі”. Аферыст Чалы (артыст Сяргей Бачкоў), па перапісцы знаёміцца з адзінокімі жанчынамі. Такое знаёмства адбываецца ў яго і з Клаваю (дэбют артысткі Надзеі Ільчанкі). Але гэтым разам яму не пашанцавала: трэба ж браць Клаву за жонку. Тады ён з дапамогай Жуліка (артыстка Іна Ёрш) становіцца “ахвярай” ялцінскай мафіі, а яшчэ (гэта ўжо рэжысёрская задумка) крадзе ў Клавы грошы. На дапамогу прыходзіць бацька Клавы (артыст Віктар Багушэвіч), які некалі сядзеў у турме...
У п’есе Андрэя Федарэнкі паказана, як бацька ідзе да знаёмага Верхаводы, які стаў сапраўдным мафіёзі, па дапамогу. Яго людзі ў чорным дастаўляюць Чалага да Клавы. У пастаноўцы слонімскіх артыстаў, наадварот, бацька сам, без ніякай дапамогі, спраўляецца з Чалым і Жулікам. А замест Верхаводы і яго людзей рэжысёр у спектакль увёў міліцыянера (артыст Васіль Сявец), які арыштоўвае аферыста Чалага. Як бачыце – там было не да фарсу...
У гэтым годзе тэатр адзначыў сваё першае 5-годдзе. У складзе творчага калектаву налічвалася 15 артыстаў (8 жанчын і 7 мужчын). Да 30 гадоў працавалі 6 чалавек. Прафесійны склад трупы быў такі: артыстаў першай катэгорыі -- 3, другой катэгорыі – 12. У асноўным гэта былі выхаванцы Беларускага універсітэта культуры. Занятасць артыстычнага персаналу -- амаль 100%. Запаўняльнасць глядзельнай залы на стацыянары складала вечарам – 86 %, днём – 97 %.
Юбілей тэатр адзначыў плённа – ажно 6 прэм’ер пабачылі гледачы. Тры з іх падаравала слонімцам таленавітая дзяўчына з Мінска. Імя яе – Таццяна Дубік. Таццяна прыехала ў Слонім і адразу “упісалася” у творчы калектыў. Сваю новую п’есу “Апошні дыназаўрык” ёй прапанаваў Аляксей Якімовіч. П’еса маладому рэжысёру прыйшлася даспадобы і яна хутка надала ёй сцэнічнае жыццё. Разам з Таццянай Дубік актыўна працавала маладая мастачка Людміла Лобач (Шаўчэнка). “Апошняга дыназаўрыка” Людміла аформіла па-свойму ярка і прыгожа, што надало спектаклю зімовую і казачную атмасферу.
Пасля “Апошняга дыназаўрыка” Таццяна Дубік ставіць п’есу для дзяцей “Новыя прыгоды ў Прастаквашыне” па п’есе Эдуарда Успенскага. Афармляе спектакль Людміла Лобач. Прэм’ера выклікала цікавасць не толькі ў юных гледачоў, але і ў дарослых. І гэта невыпадкова. Праблемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей былі і застаюцца актуальнымі сёння. Тым больш, што дзеці нашы хочуць быць вольнымі і незалежнымі ад жыццёвых праблем сваіх бацькоў, якія часам зусім не звяртаюць на іх увагі. Так і юны герой гэтага спектакля – дзядзька Фёдар (артыстка Іна Ёрш), які едзе ў вёску Прастаквашына, знаходзіць там сабе сяброў – ката Матроскіна (артыстка Ірына Яцук), сабаку Шарыка (артыст Уладзімір Навумік) і галчаня (артыстка Алена Паляўкова), купляе хату і жыве.