Шмат прыгод з юнымі героямі адбылося за гэты час у Прастаквашыне. А ў горадзе іх шукалі мама (артыстка Таццяна Натарава) і тата (артыст Васіль Сявец). Толькі дзякуючы дасціпнаму паштальёну Печкіну (артыст Віктар Шчарбакоў) усё у спектаклі завяршылася добра.
Падарункам для дзяцей была ў той год яшчэ адна казка. Гэта спектакль па п’есе Яўгена Шварца “Чырвоны каптурык” у пастаноўцы Мікалая Варвашэвіча. Памятаю, пасля прэм’еры я запытаўся ў першых слонімскіх юных гледачоў: хто ім найбольш спадабаўся ў спектаклі? Адным спадабаўся Чырвоны каптурык, другім – Заяц, трэцім – Воўк, чацвёртым – Ліса... Так, пастаноўка тады атрымалася добрай. А дзеці з захапленнем распавядалі пра сваіх любімых персанажаў казкі. Мне толькі застаецца нагадаць, што ролю Чырвонага каптурыка сыграла Іна Ёрш, а ўсіх астатніх казачных герояў выканалі артысты Т.Натарава, У.Навумік, В.Сявец, В.Шчарбакоў, А.Прэдка, Н.Жукоўская, А.Савушкін.
Слонімскіх дзяцей у гэты год чакаў і навагодні сюрпрыз – спектакль “Дзед Мароз і лясун” па п’есе беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Людміла напісала яго спецыяльна для тэатра ў Слоніме. Напісала, каб расказаць дзеткам пра лесуна – жыхара лесу. Лесуны ў славянскай міфалогіі бываюць розныя: і добрыя, і страшныя, і злыя. Акрамя лесуна, у спектаклі дзеці ўбачылі Дзеда Мароза, снягурку, фею-дабрадзею, ваўка і зайца. Ролю Дзеда Мароза сыграў артыст Віктар Шчарбакоў. Яго герой атрымаўся разважлівым, спакойным і добрым. А вось вобраз лесуна, які захацеў у лесе стаць Дзедам Марозам і захапіў мех з падарункамі, выдатна стварыў Уладзімір Навумік.
Цікава сыграла ролю феі-дабрадзеі артыстка Таццяна Натарава, а ролю ваўка, які “вые музычна і меладычна”, выканаў артыст Васіль Сявец. Што датычыць снягуркі і зайца, дык тады, але па-рознаму, працавалі над іх вобразамі артысты Анжэліка Прэдка, Кліменціна Працэнка, Іна Ёрш і Ірына Яцук. Створаныя імі снягурка і заяц таксама атрымаліся розныя. Але гэта было добра, бо кожны артыст бачыў свайго героя па-свойму.
У спектаклі дзейнічалі шэсць асоб. Але сёмай -- былі гледачы. Яны адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні, дапамагалі станоўчым героям казкі разабрацца дзе праўда, а дзе падман...
Асалоду ад дзвюх прэм’ер у гэтым годзе атрымалі і дарослыя гледачы. Мікалай Варвашэвіч паставіў спектакль “Каханне з падманам” па п’есе “Ветрагоны” класіка беларускай драматургіі Уладзіслава Галубка, а Таццяна Дубік здзівіла ўсіх спектаклем “Жарты Парыжа” па п’есе “Блэз” французскага драматурга Клода Манье. Праўда, ёй дапамагаў і Мікалай Варвашэвіч.
Упершыню п’еса Уладзіслава Галубка была апублікавана ў 1930 годзе. Але да сённяшніх дзён яна па-ранейшаму актуальная сваёй тэматыкай. Ёсць у ёй і фінансавыя праблемы, і зладзейства, і падманутае каханне, і нават палітыка. Уладзіслаў Галубок, калі пісаў сваю камедыю, добра ведаў, з каго і з чаго будуць смяяцца гледачы. Гэтага пры пастаноўцы прытрымліваліся і рэжысёр, і акцёры. Смех драматурга з адмоўных рысаў чалавечага жыцця шчыры і адкрыты. А рэжысёр Варвашэвіч пэўным чынам нават асучасніў спектакль. І таму ягоныя падзеі па-свойму ператлумачваюць наш будзённы, звычайны дзень...
Галоўная гераіня спектакля бабка-мяшчанка, вельмі рухавая. Яе ролю выконвала артыстка Ніна Жукоўская. Артыстка сапраўды змагла стварыць камедыйны вобраз бабы, якая шмат разоў была замужам і зноў збіраецца ў свае шэсцьдзесят дзевяць гадоў. На бабцы “трымаўся” спектакль. Асабліва памятаюцца сцэны, калі бабка вяла гутарку са сваццяй (артыстка Таццяна Натарава). Гэта былі дзве хітрыя і рухавыя кабеты, але ж больш хітрэйшай аказалася свацця. Амаль такая, якую намаляваў Галубок.
Двух жулікаў Ігната і Сцяпана ў спектаклі ігралі артысты Васіль Сявец і Уладзімір Навумік. Яны нібыта сваталіся да Фросі (артыстка Іна Ёрш)—звычайнай, але наіўнай дзяўчыны. Ды не такая ў іх была мэта. Іх цікавілі бабчыны грошы, падараваныя Фросі. Лоўка, хітра і смешна яны ашукваюць Фросю і знікаюць.
У іншых ролях у гэтым спектаклі былі занятыя акцёры Ірына Яцук, Віктар Шчарбакоў, Сяргей Фурса, якія па-свойму арыгінальна сыгралі маці Фросі, Грыбоўскага і каваля Пётру.
Спектакль “Жарты Парыжа” многія гледачы памятаюць да сённяшніх дзён. Гэта быў першы французскі драматург, героі якога ажылі на слонімскай сцэне. Гэта была першая смелая сцэнічная камедыя з элементамі эротыкі. Найперш смелая для артыстак, якія перад гледачамі змаглі паказаць сваё аголенае прыгожае цела.