“Жарты Парыжа” захапілі гледачоў з першых хвілін. На сцэне – узбаламучаная жанчына Арыяна Кларэнс (артыстка Ірына Яцук) і малады мастак без грошай Блэз д’Амбрые (артыст Васіль Сявец). Менавіта яны пачыналі інтрыгуючую завязку дзеяння. Гледачам спачатку яшчэ не вельмі смешна было, але затое цікава, як Блэз уладзіць свае справы з жаніцьбай па разліку і, наогул, як складуцца яго далейшыя прыгоды. Справа ў тым, што правінцыйны мастак Блэз прыязджае ў Парыж, дзе па волі лёсу трапляе ў складаныя і смешныя абставіны. У гэтым калавароце яму трэба было знайсці месца не толькі ў жыцці, але і ў мастацтве. Яго акружаюць розныя людзі, але Блэз умее разабрацца ва ўсім, знайсці сваё каханне і паехаць з Мары (артыстка Анжэліка Прэдка) у Плутынэз-Маедэк, каб спакойна, шчасліва жыць і поўнасцю перайсці на нацюрморты.
Артыст Васіль Сявец, выканаўца ролі Блэза, на адным дыханні, роўна і ўпэўнена справіўся са сваёй задачай. Яго герой атрымаўся і смешным, і трохі наіўным, і ў той жа час хітрым маладым чалавекам. Можа толькі ў самым пачатку спектакля артыст адчуваў сябе ў ролі некалькі скавана. Але менавіта толькі ў пачатку спектакля.
Можа не зусім такой уяўлялі гледачы парыжскую кватэру, якую здымаў Блэз у Арыяны Кларэнс (задумка мастака спектакля Людмілы Лобач і рэжысёра), але з прыходам мілай брэтонкі Мары, ролю якой выконвала Анжэліка Прэдка, гледачы ўжо інакш не маглі ўявіць і ўспрыняць хатні быт французаў. Роля Мары, на мой погляд, ці не самая ўдалая была ў спектаклі. Чаму запомнілася менавіта яна? Відаць, нашага гледача ў ёй яднала адно паняцце – правінцыя. Правінцыйная праставатасць, недарэчнасць, сціпласць і шчырасць вельмі жыва, праўдзіва і далікатна паказаны былі і ўвасоблены артысткай у ролі Мары. Вобраз Мары ў спектаклі быў пераломным этапам у творчым жыцці маладой артысткі Анжэлікі Прэдка.
Удалы камедыйны ансамбль стварылі ў спектаклі артысты Віктар Шчарбакоў, Ніна Жукоўская і Кліменціна Працэнка ў ролях бізнесмена мсье Клебэра Карлье, яго жонкі мадам Карлье і іх дачкі Лауры Карлье.
Была ў спектаклі і яшчэ адна роля – гэта цудоўная іспанка Пепіта ў выкананні артысткі Таццяны Натаравай. О, Пепіта на сцэне ўносіла ажыўленне і камізм сваім неўтаймавальным тэмпераметрам і кідкай знешнасцю. Яна была – паэтычнай, узнёслай і гарачай натурай! Такія сцэнічныя героі не забываюцца.
Дзве гадзіны артысты ў вобразах сваіх герояў ашуквалі адзін аднаго. У рэшце рэшт усе настолькі дажартаваліся, што ім было ўжо не да жартаў. А гледачы ад убачанага насмяяліся ад душы.
Казкі для дзяцей здаўна прыцягвалі да сябе ўвагу вучоных. Адны бачылі ў іх перш за ўсё ўзоры сапраўднага і непаўторнага мастацтва, другія шукалі рэшткі старадаўніх вераванняў, трэція імкнуліся праз казкі пазнаць гісторыю народа, яго ідэалы, мары і спадзяванні. А нашы далёкія продкі заўважылі, што казкі валодаюць велізарным выхаваўчым патэнцыялам. Станоўчыя казачныя героі, самаахвярна змагаючыся з сіламі зла, выпрацоўвалі ў юных душах стойкія, паслядоўныя арыентацыі на справядлівасць, дабрыню, высакораднасць. Перамога дабра над злом – неад’емны элемент амаль кожнага казачнага сюжэта – давала добры зарад аптымізму, без якога немагчыма выхаваць сапраўднага грамадзяніна сваёй Бацькаўшчыны.
Паказальная ў гэтым сэнсе была п’еса-казка Сяргея Кавалёва “Драўляны рыцар” у пастаноўцы Мікалая Варвашэвіча. Цікавым быў пачатак спектакля. На сцэне – стары драўляны дом на ўскрайку лесу. Калісьці тут жылі людзі, гарэў агонь у печы, пякліся блінцы і аладкі, спяваліся песні. Але гэта было даўно, так даўно, што пакінуты дом забыўся на чалавечы голас, адвык ад чалавечых крокаў і таму не адразу прачнуўся, калі раптам бразнуў замок, рыпнулі дзверы, увайшлі хлопчык (артыст Васіль Сявец) і дзяўчынка (артыстка Іна Ёрш). Хлопчык смяяўся: “А Драўляны рыцар сапраўды па-ранейшаму вісіць на цвіку. Я таксама ў дзяцінстве вельмі любіў гэтую ляльку. Рыцар быў такі непрыгожы і пашарпаны з выгляду, але калі я з ім гуляў, ён уяўляўся мне адважным героям і верным сябрам”. Сапраўды, праз пэўны час, калі Змора (артыстка Ніна Жукоўская) і Скныр (артыст Сяргей Пракопіч) выкрадуць дзяўчынку, на дапамогу ў пошуках яе ажыве і прыйдзе Драўляны рыцар (дэбют артыста Аляксандра Шалахонава). Хлопчык, Драўляны рыцар і Дамавічок (артыст Уладзімір Навумік) ідуць у пагоню. Смелыя героі вызваляць дзяўчынку.
Спектакль “Драўляны рыцар” быў для дзяцей як надзея, вера і спадзяванне, што на нашай зямлі ёсць яшчэ рыцары, якія абароняць свой край, людзей і дабро.