Як рэжысёр у 1996 годзе дэбютаваў артыст Васіль Сявец. І дэбют гледачам быў даспадобы. Малады рэжысёр паставіў казку “Хачу быць чараўніцай” па п’есе Н.Нячаевай у перакладзе на беларускую мову Артура Вольскага. Героямі казкі былі звычайныя насякомыя: бабуля Пчала, матылёк Мака, мураш Мур, страказа Стрыка, жук Жука, і муха Жужа. Гэтыя казачныя героі нікому не шкодзілі, разам гулялі, адпачывалі. І, здавалася б, усё ў іх добра, калі б на палянцы не з’явіўся трытон Трыт, які хоча ўсім абламаць крылы і з’есці. Але дзякуючы вопытнай бабулі Пчале да гэтага справа не даходзіць. Казачных насякомых цікава тады сыгралі артысты Т.Натарава, І.Ёрш, У.Навумік, А.Прэдка, І.Яцук, А.Шалахонаў, С.Пракопіч.
П’еса рускага драматурга А.Астроўскага “Жаніцьба Бальзамінава” нам добра знаёма. Па ёй пастаўлены мастацкі фільм, дзе ў галоўнай ролі выступае папулярны артыст Георгій Віцын. “Жаніцьбу Бальзамінава” ставілі многія прафесійныя і самадзейныя тэатры Беларусі. А ўпершыню п’еса была пастаўлена ў Пецярбургскім Александрыйскім тэатры 1 студзеня 1863 года.
Ролю Бальзамінава на сцэне Слонімскага драмтэатра рэжысёр Мікалай Варвашэвіч даверыў акцёру Уладзіміру Навуміку. Адзін з вопытных майстроў слонімскай сцэны апраўдаў давер рэжысёра: Бальзамінаў у выкананні Навуміка атрымаўся смешным, наіўным юнаком, амаль дурнем, з якога смяялася зала. Але Бальзамінаў не проста бытавы тып, а характар; нягледзячы на яго бачную пустату і нікчэмнасць, мы часам і сёння ўсе бываем бальзамінавымі, амаль так, як і хлестаковымі (“Рэвізор” Гогаля). Хто такі Бальзамінаў? Бальзамінаў – чалавек, які хоча жаніцца, і жаніцца толькі на багатай жанчыне, ба багацце – гэта і ёсць каханне.
Вельмі смешнай і арыгінальнай з боку рэжысёрскай задумкі атрымалася другая карціна. У ёй, кажучы па-руску, “возгорев новой любовью” і пераскочыўшы праз плот, Бальзамінаў знаёміцца і прызнаецца ў каханні Домне Белацелавай (артыстка Таццяна Натарава). Іх сустрэча ў саду, іх гутарка і рухі – былі самай вясёлай сцэнай у спектаклі. Артыстка Таццяна Натарава нават знешне была ўся ў вобразе поўнай удавы, якая гаворыць ляніва, з расстаноўкаю, але яна “вельмі добрая”. Белацелава – багатая жанчына, але гультаяватая і пуставатая, якая ад беспрацоўя марыць толькі пра мужчыну.
Вельмі ўдала было падабрана плацце ў Белацелавай. Яно быццам характарызавала гераіню, надавала ёй нейкай галоднай сексуальнасці і душэўнай пустэчы. Паглядзіце, маўляў, якая жанчына марна прападае! І тут раптам з’явіўся Бальзамінаў... З іх і смяяліся гледачы. Сапраўды, п’еса не старэе. І тады і цяпер мы проста смяёмся з сябе.
Рэжысёр Мікалай Варвашэвіч шмат у чым рызыкаваў, давяраючы ролю афіцэра Лук’яна Лук’янавіча Чабакова зусім тады маладому артысту Аляксандру Шалахонаву. Гэта была яго першая значная роля ў спектаклі для дарослых гледачоў. Але рызыка, хоць і не на ўсе сто працэнтаў, апраўдала сябе. Вобраз атрымаўся.
Многім спадабалася ў спектаклі свацця Акуліна Гаўрылаўна Красавіна і кухарка Матрона, ролі якіх выканалі Вікторыя Міхальчык і Ірына Яцук. Свацця Красавіна – цудоўная свацця: вясёлая, хітрая, артыстычная. А як хацела яна спяваць раманс Віцеляро “Никто души моей не знает...”! Але замест раманса ў яе спявала душа, гарэлі вочы і ззяла ўсмешка. Усё гэта было бачна на сцэне ў артысткі Вікторыі Міхальчык.
Кухарка Матрона ў выкананні Ірыны Яцук -- атрымалася даволі разважлівай жанчынай, паважнай і сталай. Артыстка ўдала знайшла знешні воблік, дэталі знешняй характарыстыкі, якія красамоўна сведчылі пра ўнутраны воблік гераіні. Адчуваўся дакладны пластычны малюнак вобраза.
У п’есе А.Астроўскага ёсць дзве сястры Пежэнавы. Гэта Раіса і Анфіса. Рэжысёр Мікалай Варвашэвіч у сваім спектаклі пакінуў толькі Раісу, ролю якой выканала Іна Ёрш. Выканала выдатна. Гэта быў самы лепшы сцэнічны вобраз у спектаклі. Ён дакладна ўвабраў прыкметы тагачаснай атмасферы. І гэтыя прыкметы і норавы артыстка прафесійна данесла да гледачоў.
Вядома, у спектаклі былі і недахопы. Крыху больш ярчэйшымі фарбамі маглі быць намаляваныя вобразы Паўлы Пятроўны Бальзамінавай і Хімкі. Але акцёры, якія іх выконвалі, трохі не дацягнулі. Тым не менш, спектакль “Жаніцьба Бальзаміна” змог акунуць беларускіх гледачоў у маскоўскае жыццё XIX стагоддзя.
Гэта былі нялёгкія гады для тэатра. Калектыў яго застаўся без мастацкага кіраўніка. Энтузіяст-арганізатар Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч не па сваёй волі выйшаў на пенсію, хоць і заставаўся бадзёрым, энергічным і спрактыкаваным творцам. Праўда, ён часова выконваў абавязкі чарговага рэжысёра па кантракце. А дырэктарам тэатра быў прызначаны Аляксандр Клябанаў, які на гэтай пасадзе працаваў да сакавіка 2001 года.