З 26 акцёрскіх адзінак у трупе былі заняты толькі 12, а 14 было вакансій. Толькі 4 акцёры мелі спецыяльную адукацыю – вучэльня і універсітэт культуры.
У гэты час з Гродна ў тэатр прыехаў рэжысёр Віктар Небальсін. Ён ажыццявіў пастаноўкі для дзяцей – “Чарнакніжнік” па п’есе С. Кавалёва, “Жыла-была Сыраежка” па п’есе В.Зіміна і сам напісаў і паставіў п’есу “Крыштальная сняжынка”. У ролі Сыраежкі дэбютава маладая артыстка Юлія Сурмейка.
Для дарослых Віктар Небальсін паставіў спектакль па п’есе У.Рудава “Камедыя”. Да гэтай п’есы рэжысёр Небальсін вернецца яшчэ ў 2005 годзе. Першая “Камедыя” мела поспех, хаця рэакцыя на спектакль была неадназначная. Тым не менш слонімская “Камедыя” у пастаноўцы Віктара Небальсіна аб’ездзіла многія гарады і пасёлкі Беларусі. А артыстка Ірына Яцук, якая выконвала ролю чорта, атрымала за гэтую ролю дыплом рэспубліканскага фестывалю маладых акцёраў “Надзея” у Гродне.
“Камедыя” 1997 года і “Камедыя” 2005 года – вельмі адрозніваліся. Першая была надзелена шчодрым гумарам, надзвычай смешнай аказалася і простай. Другая “Камедыя” атрымалася філасофскай, мудрай, разважлівай, хаця і не пазбаўлена народнага гумару. “Камедыя” Марашэўскага-Рудава-Небальсіна заключала ў сабе, калі так можна сказаць, традыцыйную мараль эксплуататараў, сэнс якой зводзіцца да таго, што чалавек не павінен наракаць на свой лёс. А беларускі мужык за гэтыя 300 гадоў амаль не змяніўся. Ды і п’е ён не менш, а можа, і больш, чым тады, калі жыў Марашэўскі.
Дзецям у тыя гады вельмі добры падарунак зрабіў малады рэжысёр Васіль Сявец. Ён паставіў спектаклі “Добры змей” па п’есе Аляксея Якімовіча і “Іван Світаннік” па п’есе Галіны Каржанеўскай. У спектаклі “Добры змей” рэжысёр увёў элемент лялечнага тэатра – лялька, якая іграла разам з акцёрамі. І гэтаю пальчатачнаю лялькай з’яўляўся Добры Змей, ролю якога выконвалі і агучвалі артысты Сяргей Пракопіч і Аляксандр Шалахонаў.
Усе казачныя падзеі ў спектаклі “Іван Світаннік” адбываліся ў тыя часы, калі звяры і птушкі ўмелі размаўляць, калі дапамагалі людзям мячы-самасекі ды лапці-самаскокі. Жылі-былі тады тры браты Іван Вячорнік, Іван Паўночнік і Іван Світаннік. Пайшлі яны ў свет шукаць чароўную дудку. Шмат прыгод было на іх шляху. Толькі дзякуючы малодшаму брату Івану Світанніку, удалося знайсці чароўную дудку і вызваліць з палаца Кашчэя прыгожую дачку Касю-красуню.
Ролю Касі-красуні выконвала артыстка Наталля Шугай. Гэта была адзіная жаночая роля ў спектаклі. Але артыстка ўдала стварыла вобраз беларускай прыгажуні, якая спадабалася дзецям.
Братоў Іванаў Вячорніка, Паўночніка і Світанніка ігралі артысты Сяргей Фурса, Аляксандр Шалахонаў і Васіль Сявец. Вобраз бацькі – дэбют Барыса Кучынскага. Калі на першы раз не ўсё атрымалася ў “артыста” у стварэнні вобраза гэтага героя, дык музычнае афармленне Барыса Кучынскага заслугоўвала ўвагі, бо спектакль ён аздобіў добрай музыкай.
У казцы “Іван Світаннік” быў толькі адзін адмоўны герой – гэта Кашчэй, ролю якога сыграў артыст Уладзімір Навумік. Кашчэй у яго выкананні атрымаўся хітрым і смешнаватым дзядком.
З прэм’ерных работ, і гэта адзначалі беларускія тэатральныя крытыкі, у 1998 годзе найбольш удалым быў спектакль “Мы ідзем глядзець “Чапаева” па п’есе А.Данілава ў пастаноўцы М.Варвашэвіча. Па гэтай п’есе нават пастаўлены фільм. А рэжысёр Мікалай Варвашэвіч у Слоніме вельмі тонка вызначыў жанр п’есы – лірычная камедыя. Разам з тым у асобных эпізодах гучалі і драматычныя адценні, у абмалёўцы характараў і адносінах галоўных персанажаў – Яўгена Цімошына (артыст Аляксандр Шалахонаў), яго жонкі (артыстка Ірына Яцук), даўняй сяброўкі Цімошына Ганны Калеванавай (артыстка Вікторыя Міхальчык) – назіралася матываваная гратэскавасць.
Спектакль вельмі прыхільна быў сустрэты гледачом. Аднак з-за адыходу з тэатра артыста Аляксандра Шалахонава, ён вельмі хутка выпаў з бягучага рэпертуару.
У гэтым годзе чатыры розныя рэжысёры паставілі чатыры спектаклі. Малады рэжысёр Святлана Наўгародская ўпадабала п’есу Аляксея Якімовіча “Маўглі”, якую драматург напісаў паводле казкі Р.Кіплінга. І ёй даверылі паставіць спектакль па гэтай п’есе. І спектакль атрымаўся даволі цэласным, найперш з-за ўдалага падыходу інсцэніроўшчыка да адбору і фарміравання драматургічнага матэрыялу, напружана-рытмічнай арганізацыі сцэнічнага дзеяння і энтузіязму маладых акцёраў – выканаўцаў асноўных роляў.