Галоўны герой спектакля Маўглі (артыст Уладзімір Навумік), выхаваны на вопыце жыцця ў джунглях у вялікай воўчай сям’і і які апекуецца сваімі добрымі сябрамі-звярамі – высакародным мядзведзем Балу (артыст Віктар Шчарбакоў) і мудрым удавам Каа (артыст Сяргей Лішык), адважна ўступае ў змаганне з каварным і драпежным Шэр Ханам (артыст Сяргей Фурса) і выходзіць з ім пераможцам. Дзякуючы непасрэднасці сцэнічнага акцёрскага існавання, трапна знойдзенай і арганізаванай сэнсавай і эмацыянальнай інтанацыі размовы выканаўцаў з маленькім гледачом аб пераможнасці Дабра ў барацьбе з сіламі Зла, спектакль выклікаў самую шчырую прыхільнасць, а яго станоўчыя героі – непаддзельную любоў і непасрэднае жаданне дзіцячай аўдыторыі сваім удзелам прыйсці на дапамогу сілам Дабра.
Рэжысёр з Мінска Казімір Мальковіч у гэты годзе паставіў п’есу А.Астроўскага “На бойкім месцы”. Новая пастаноўка выклікала ў гледачоў неадназначную рэакцыю. Адны крытыкавалі рэжысёра за яго незвычайнае сцэнічнае ўвасабленне, другія – хвалілі. Дасталося тады і артыстам. Калі Таццяна Натарава, выконваючы ролю Яўгеніі Міронаўны, як кажуць, трапіла ў самую “дзесятку”, то артыст Віктар Шчарбакоў у ролі гаспадара заезнага двара Бяссуднага, атрымаўся рахманым і нават добрым чалавекам. А ў п’есе Вукол Ермалаеў Бяссудны – гэта моцны стары чалавек са строгім тварам і густымі, навіслымі бровамі. Адным словам, злы і бессардэчны чалавек.
У ролі сястры Бяссуднага Ганначкі дэбютавала маладая артыстка тэатра Таццяна Жук. Знешні выгляд дзяўчыны, добрая дыкцыя і мова дазволілі ёй першай сваёй роллю спадабацца гледачам. Купецкага сына Пятра Непуцёвага сыграў артыст Васіль Сявец, а ролю работніка Бяссуднага Жука выканаў артыст Сяргей Фурса. Калі герой Сяўца атрымаўся наіграным, то Сяргей Фурса свайго Жука трохі склаунадзіў.
Была ў спектаклі і яшчэ адна дзеючая асоба – гэта Паўлін Іпалітавіч Мілавідаў. Ён памешчык “сярэдняй рукі”, адстаўны кавалер з вялікімі вусамі, у цыганскім казаціне, падпяразаны чаркескай папругай з сярэбраным наборам. Але нават знешне ён так не выглядаў. Ды і роля Мілавідава, якую выканаў артыст Уладзімір Навумік, далёка ні яго роля. Уладзімір Навумік – усё ж артыст больш камедыйнага жанру.
Спектакль “На бойкім месцы”, пастаўлены рэжысерам К. Мальковічам, на жаль, як адзначалі крытыкі, аказаўся пазбаўленым той завостранасці развіцця драматычных падзей, што разгортваліся ў п’есе, сістэма вобразаў, у якой за кошт скарачэння колькасці дзеючых асоб і іх “алоўкавага” аб’яднання, дарэчы, была якасна парушана такім рэжысерскім умяшаннем. Дзеянне ў спектаклі, хутчэй, развіваецца паводле стэрэатыпу павольнага, замаруджанага бытавога прачытання драматургіі Астроўскага. Таму і трагічны напал набываў тут меладраматычнае адценне, не матываваў і не прадракаў катастрафічнасці развязкі. Рэжысура не здолела раскрыць дынамічную, востраканфліктную прыроду п’есы.
Творчая спадчына беларускага драматурга Францішка Аляхновіча (1883-1944), нягледзячы на неадназначнасць стаўлення да яе, апошнія гады знаходзіць даволі актыўнае сцэнічнае ўвасабленне ў тэатрах Беларусі. Зразумелы і зварот у тыя гады Слонімскага беларускага драмтэатра да творчасці Францішка Аляхновіча, у якой тэма беларускага адраджэння, як і ў многіх іншых айчынных драматургаў пачатку ХХ стагоддзя, знаходзіла рознабакове асвятленне. Адны з яго п’ес гэтай праблематыкі, як, да прыкладу, “Няскончаная драма”, будуюцца на глыбокай псіхалагічнай распрацоўцы вобразаў, другія – як “Пан міністр” – грунтуюцца на падкрэслена камедыйнай аснове. Менавіта ў апошняй, як мастак, Ф. Аляхновіч сумленна і пераканаўча раскрывае магчымы адваротны бок ідэі беларускасці, звязаны з ідэалізацыяй ўяўнага, пажаданага і з неразуменнем канкрэтна-надзённага ў рэальным жыцці. У камедыі “Пан міністр” аўтарская ўвага засяроджваецца на такой з’яве, як далучэнне да адраджэнскага руху розных прыстасаванцаў, “таксама” беларусаў, што кіруюцца толькі сваімі карыслівымі інтарэсамі. Выключна такой фігурай і прадстае цэнтральны персанаж п’есы – нехта Філімон Пупкін.
Адчуўшы подых перамен, Філімон Пупкін вырашае ўключыцца ў агульную справу. На хвалі нацыянальнага ўздыму ён надумаў узляцець ажно на пасаду міністра, а дзеля набыцця папулярнасці вырашыў надрукаваць у газетах сваю панегірычную біяграфію. Аднак журналісты, уразумеўшы сапраўдную сутнасць магчымага кандыдата, робяць з яе памфлет, і кандыдатура Пупкіна правальваецца. Паралельна з “грамадска-палітычнай” інтрыгай у п’есе развіваецца інтрыга любоўная. Чалавек ужо сталага ўзросту, Пупкін захапіўся маладой дзяўчынай – Любай. З вёскі, дзе яна жыла без бацькоў у цёткі, Філімон пераводзіць яе да сябе ў горад і распачынае свае заляцанні. Але і тут усе яго жаніховыя хітрыкі церпяць крах. Люба збягае ад пажадлівага і хцівага перастарка з маладым хлопцам Міколам, якога шчыра кахае. Як правалілася Філімонава “сватанне” з беларушчынай, так і сарвалася яго жаніцьба з маладой і прыгожай дзяўчынаю. Гэткім вадэвільна-сатырычным чынам драматург выкрывае поўнае маральнае банкруцтва падобных “пупкіных”.