Выбрать главу

Рэжысёр Сяргей Бачкоў услед за драматургам таксама спрабаваў выбудаваць сцэнічнае дзеянне ў вадэвільна-сатырычным рэчышчы. У спектаклі было шмат адкрыта камедыйных сітуацый, даволі вынаходліва падтрыманых мізансцэнічна. Характар галоўнага героя Філімона Пупкіна (артыст Сяргей Фурса) сатырычна шаржыраваны, нават гратэскавы, але разам з тым падаваўся ў чымсьці даволі штучным. Люба ў выкананні артысткі Кацярыны Дзядовіч – разумная, дасціпная, з выразна акрэсленым пачуццём гонару і чалавечай годнасці. Лірычная лінія кахання Любы і Міколы (артыст Сяргей Лішык), як яна была вырашана ў спектаклі слонімцаў, жанрава выбівалася з агульнай камедыйна-сатырычнай плыні спектакля і, нягледзячы на шчырасць сцэнічнага існавання выканаўцаў, выглядала даволі эклектычнай. Увогуле, спектаклю “Пан міністр” не хапала, на думку беларускіх крытыкаў (Беларускі тэатр, 1999: Агляд тэатральнага сезона. Мінск, 2000. С.96-97) мастацкай цэласнасці, вытанчанасці рэжысёрскага рашэння. Асобныя прыёмы – да прыкладу, пластычныя эцюды з танцаўшчыцамі – з пункту гледжання харэаграфіі выглядалі недасканалымі, а ў агульным кантэксце пастановачнай стылістыкі падаваліся надуманнымі і, да таго ж, значна замаруджвалі развіццё асноўных падзей. І адна з прычын гэтага – непрафесіяналізм рэжысуры Сяргея Бачкова, які спецыялізаваўся ў тэатры і даволі паспяхова на гукарэжысуры. Хаця Сяргей Бачкоў паставіў некалькі вельмі ўдалых спектакляў для дзяцей.

Найбольшай мастацкай дасканаласцю, цэласнасцю рэалізацыі рэжысёрскай задумы вылучалася, на мой погляд і на погляд тэатральных крытыкаў, якія пабывалі на прэм’еры спектакля, пастаноўка знакамітай камедыі К. Гальдоні “Гаспадыня гасцініцы”, ажыццёўленая Мікалаем Варвашэвічам. Яго рэжысёрская манера вызначалася ў гэтым спектаклі найперш удумлівым і ўважлівым падыходам да тэксту п’есы. Пры тым, што прачытанне рэжысёрам гэтага твора Гальдоні, які справядліва лічыцца адным з лепшых узораў камедыі характараў у сусветнай драматургіі, нельга назваць хрэстаматыйным. М. Варвашэвіч, выдатна разумеючы сціплыя тэхнічныя пастановачныя магчымасці слонімскай сцэны, пільна скіроўваў сваю ўвагу, а таксама і ўвагу выканаўцаў не на знешнія эфекты, а на раскрыццё ўнутранай сутнасці характараў персанажаў, дакладнасць матывацыі іх учынкаў, старанна выбудоўваў узаемаадносіны паміж дзеючымі асобамі. У выніку гісторыя простай дзяўчыны і разам з тым спрытнай “спакушальніцы” і прадпрымальнага дзялка, гаспадыні гасцініцы Мірандаліны, набывала – пры ўсёй знешняй лёгкасці развіцця сюжэтных перыпетый – вострасацыяльнае гучанне, выражанае ва ўсведамленні галоўнай гераіняй уласных чалавечых правоў, у яе ўменні гэтыя правы адстойваць і абараняць. Ролю Мірандаліны тэмпераментна, вельмі вынаходліва, дасціпна, з добрым мастацкім густам і адчуваннем жанру выконвала артыстка Наталля Шугай. Яе Мірандаліна вяла адчайна смелую, таленавітую, не пазбаўленую цвярозага разліку гульню-барацьбу з усімі, хто пасягаў на яе гонар, і найперш – з Кавалерам Рыпафрахта, каб, атрымаўшы ў рэшце перамогу, зрабіць уласны выбар і аддаць руку і сэрца чалавеку свайго саслоўя – слузе Фабрыцыа, якога яна шчыра кахае.

Цікавыя характары стварылі ў гэтым спектаклі і іншыя выканаўцы – спрытнага, кемлівага і высакароднага духам Фабрыцыа (артыст Васіль Сявец), напорыстага, фанабэрыстага, але не пазбаўленага пачуцця гумару Кавалера Рыпафрата (артыст Уладзімір Навумік), шчырай і смяшлівай Артэнзіі (артыстка Вікторыя Міхальчык).

2000 год

Гэты год для тэатра быў нялёгкім. З-за здароўя калектыў пакінуў Мікалай Варвашэвіч – чалавек, якога да сённяшніх дзён з любоўю і шчырасцю ўспамінаюць усе акцёры, асабліва тыя, каго ён вучыў вялікаму сцэнічнаму мастацтву.

Але тэатр не застаўся без рэжысёра. У верасні да работы ў калектыве прыступіў прафесійны рэжысёр Віктар Бутакоў, які меў значны творчы вопыт працы ў тэатрах Расіі і Казахстана. Ён адразу ўзяўся за працу. І 3 снежня на суд гледачоў вынес сваю першую пастаноўку “Пакуль яна памірала” па п’есе Н.Птушкінай. Аўтарка напісала п’есу ў жанры вадэвілю. Аднак рэжысёр твор убачыў па-іншаму і пастаноўку зрабіў у жанры сентыментальнай камедыі.