Выбрать главу

Спектакль паставіў рэжысёр тэатра Васіль Сявец. Як адзначыў галоўны рэжысёр тэатра Віктар Небальсін, спектакль у пастаноўцы Васіля Сяўца атрымаўся лепшым, чым сама п’еса. Магчыма, і так. Бо спектакль сапраўды вясёлы, шчыры, музычны. Майстэрства рэжысёра і прафесійная ігра акцёраў стварылі на сцэне казачны цуд. Ды і сцэнічныя героі на сцэне зусім не падобныя на традыцыйных: воўка, лісу, зайца. У новым спектаклі іншыя казачныя героі: філін, лось Топа, папугай, снягурачка — гэта станоўчыя героі, ролі якіх выконваюць артысты Віталь Спасюк, Сяргей Яўменаў, Сяргей Фурса, Наталля Шугай. Дарэчы, роля снягурачкі ў артысткі Наталлі Шугай не першая. “Я ўжо сыграла ролю трох снягурак у розных спектаклях, — сказала артыстка. — Але ўсе снягуркі розныя, бо задачы ў кожнай снягуркі неаднолькавыя. Хаця па характары ўсе снягуркі добрыя і ветлівыя, яны з’яўляюцца ўнучкамі Дзеда Мароза і з іх трэба браць прыклад. А яшчэ ў нашых спектаклях снягуркі змагаюцца са злом і абараняюць дабро”.

Ёсць зло і ў гэтым спектаклі, якое ствараюць нуда Зялёная, зайздрасць Чорная і баба Яга. Іх ролі цікава выканалі артысткі Надзея Ільчанка, Вікторыя Міхальчык і Ірына Яцук. Гэтым артысткам часцей за ўсё дастаюцца ў дзіцячых спектаклях ролі адмоўных герояў. І яны спраўляюцца з імі па-майстэрску ярка і лёгка. Дарэчы, артыстка Слонімскага драматычнага тэатра Ірына Яцук прызнана лепшай артысткай 2007 года Гродзенскай вобласці. Ёй уручана прэмія імя Аляксандра Дубко Гродзенскага аблвыканкама.

Лёс тэатра — клопат усіх

Побач з той творчай радасцю, з тым добрым настроем, з якім працуе калектыў Слонімскага драматычнага тэатра, існуе сёння і засмучэнне. На працягу 18 гадоў тэатр не мае свайго ўласнага памяшкання. Хаця з адкрыццём тэатра планавалася і хуткая пабудова памяшкання пад яго. А месца ў Слоніме выбрана цудоўнае: у самым цэнтры горада, на месцы былога Дома культуры (былога Народнага дома).

Тут і распачалося у самым пачатку 1990-х будаўніцтва тэатра. Будаўніцтва тады вяло малое прадпрыемства “Слонімрэстаўрацыя”. Але, на жаль, з чэрвеня 1993 года там ужо, як кажуць, не забілі ні воднага цвіка. З таго часу да сённяшніх дзён тэатр у Слоніме не мае свайго ўласнага памяшкання, а арэндуе непрыстасаваную залу РДК, якая прызначалася для выстаў карцін мастакоў. Ніхто тады з работнікаў тэатра нават не мог падумаць, што пройдзе ажно 18 гадоў, а калектыў тэатра па-ранейшаму будзе знаходзіцца ў цеснай, непрыстасаванай зале раённага Дома культуры. А тут умовы для працы незайздросныя. Некалькі разоў па выніках праверкі дзяржпажнагляду, тэатру выносіліся вердыкты: памяшканне наогул непрыстасаванае для працы тэатра, таму што яно пераабсталявана з пэўнымі парушэннямі патрабаванняў пажарнай бяспекі. Як тады быць? Як выратаваць культурную ўстанову Гродзеншчыны? Калектыў верыў, шчыра спадзяваўся, што ў цэнтры Слоніма, на развалінах старога Дома культуры будзе пабудаваны тэатр. Добрае і зручнае месца, ці не так?! Згодна з архітэктурным праектам, будынак, несумненна, упрыгожыў бы старажытны горад, які мае шматвякавую гісторыю.

Вядома, усе гэтыя гады кіраўніцтва тэатра склаўшы рукі не сядзела без справы. Усё рабіла, каб неяк пачаць будоўлю, ды і абяцалі тэатру дапамагчы: і мясцовы райвыканкам, і Гродзенскі аблвыканкам, і Міністэрства культуры і нават Савет Міністраў. Але толькі ўсе абяцалі, а тэатр па-ранейшаму не будуецца. Кажуць, няма грошай. Вось і ўсё.

У 2002 годзе на імя былога міністра культуры Леаніда Гулякі з пісьмом звярнуліся старшыня Слонімскага гарвыканкама А.Лакцюшын і старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Л.Гаркавая з просьбаю: “У 2002 годзе горад Слонім будзе адзначаць сваё 750 –годдзе. У сувязі з гэтай знамянальнай датай зацверджаны мерапрыемствы па будаўніцтву, рэканструкцыі, рамонту аб’ектаў, добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторый горада. Згодна з гэтымі мерапрыемствамі прадугледжваецца рэканструкцыя народнага дома па вул. В.Крайняга, 18, пабудаванага ў 1900 годзе. Плошча забудовы 790 кв.м. У 1990 годзе па заданню упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама быў распрацаваны праект рэстаўрацыі будынка з прыстасаваннем яго пад тэатр. У 1991 годзе пачаты работы па рэстаўрацыі, пабудаваны падвальны паверх, трансфарматарная падстанцыя. Але, з-за адсутнасці фінансавання ў 1993 годзе ўся праца была спынена. Пад уздзеяннем атмасферных асадкаў пачалі інтэнсіўна разрушацца вонкавыя сцены, перакрыцці. Каштарысны кошт будаўніча-мантажных работ у цэнах 1991 года склаў 960 тысяч рублёў. Выкананне склала 120 тысяч рублёў. Слонімскі гарадскі Савет дэпутатаў і гарадскі выканаўчы камітэт просяць вас разглядзець пытанне фінансавання рэканструкцыі помніка архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя”. Гэта просьба і справа былі 6 гадоў таму. А тэатр так і не будуецца.