Выбрать главу

2003 г.

“Сямейны уік-энд” па п’есе Ж.Пуасэ (Віктар Небальсін, Аляксандр Толкач).

“Крыштальная сняжынка” па п’есе В.Небальсіна (Васіль Сявец, Аляксандр Толкач).

“Новы калабок” па п’есе П.Васючэнкі (Васіль Сявец, Аляксандр Толкач).

“Пудзіла” па п’есе А.Якімовіча (Віктар Небальсін, Аляксандр Толкач).

“Пярсідскі бэз” па п’есе М.Каляды (Дзяніс Нупрэйчык, Аляксандр Толкач).

2004 г.

“Мяфа” па п’есе А.Палешчанковай (Васіль Сявец, Аляксандр Толкач).

“Малыш і Карлсан” па п’есе К.Папова (Васіль Сявец, Аляксандр Толкач).

“Трыбунал” па п’есе А.Макаёнка (Віктар Небальсін, Аляксандр Толкач).

“Чарадзейны гадзіннік” па п’есе В.Небальсіна (Віктар Небальсін, Аляксандр Толкач).

2005 г.

“Камедыя” па п’есе У.Рудава (Віктар Небальсін, Аляксандр Толкач).

“Зайка-зазнайка” па п’есе С.Міхалкова (Анжэліка Прэдка, Аляксандр Толкач).

“Курыца” па п’есе М.Каляды (Васіль Сявец, Аляксандр Толкач).

2006 г.

“Ход канём” па п’есе Б.Рацэра, У.Канстанцінава (Васіль Сявец, Аляксандр Толкач).

“Зялёны атрад” па п’есе В.Валжаніна (Васіль Сявец, Аляксандр Толкач).

“Кот Васіль, смятана і мышаня Банцік” па п’есе В.Небальсіна (Віктар Небальсін, Аляксандр Толкач).

“Пакрыўджаныя” па п’есе Л.Родзевіча (Віктар Небальсін, Аляксандр Толкач).

2007 г.

“Цуд на змяіным балоце” па п’есе Ю.Кіма (Васіль Сявец, Аляксандр Толкач).

“Свабодны шлюб” па п’есе Д.Фо (Валерый Голікаў, Аляксандр Толкач).

“Жыла-была Сыраежка” па п’есе В.Зіміна (Віктар Небальсін, Аляксандр Толкач).

“Патэлефануйце снягурачцы” па п’есе Н.Абрамцавай (Васіль Сявец, Аляксандр Толкач).

2008 г.

“Капрызная запалка” па п’есе В.Ткачова (Віктар Небальсін, Аляксандр Толкач).

“Маю жонку клічуць Марыс” па п’есе Р.Шарта (Васіль Сявец, Аляксандр Толкач).

Рэжысёр Мікалай Варвашэвіч

З заслужаным работнікам культуры Беларусі, тэатральным рэжысёрам Мікалаем Фёдаравічам Варвашэвічам я быў знаёмы шмат гадоў. Не раз пісаў пра яго сцэнічныя пастаноўкі яшчэ тады, калі ён узначальваў Слонімскі народны тэатр і пра ўсе прэм’еры Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Аднойчы, а гэта было ў 1992 годзе, ён узяў мяне на гомельскі фестываль “Драматычнае мастацтва Беларусі”. “Складвай чамадан, паедзем на тыдзень у Гомель. Трэба табе дасканала ведаць сённяшнюю тэатральную сітуацыю ў Беларусі. А таксама пазнаёмлю цябе са сваімі сябрамі”, -- сказаў Мікалай Фёдаравіч. І мы паехалі.

Менавіта там, у Гомелі, сярод беларускіх акцёраў, рэжысёраў і тэатральных крытыкаў я адчуў і ўбачыў, якім усё ж вялікім аўтарытэтам і павагай карыстаўся сярод творчай тэатральнай інтэлігенцыі гэты апантаны і ўлюбёны ў сваю справу чалавек.

Бацькоў сваіх Мікалай Варвашэвіч не памятаў. Іх знішчылі немцы ў гады Другой сусветнай вайны. Сіроцкі лёс закінуў яго спачатку ў Целяханскі дзіцячы дом, а затым да цёткі ў Ленінград. Шмат яны тады зведалі гора і бяды ў пасляваенным, разбураным горадзе на Няве. Але ўсе цяжкасці вытрымалі і перажылі.

У 1957 годзе беларускі юнак (нарадзіўся ў вёсцы Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна) Мікалай Варвашэвіч паступае ў Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Ён любіў успамінаць гады вучобы, сваіх аднакурснікаў і выкладчыкаў. Відаць, вучоба пайшла юнаку на карысць і яна прадвызначыла яго далейшы лёс.

Пасля заканчэння інстытута маладога рэжысёра накіравалі на працу ў Калінінскі абласны тэатр (цяпер гэта горад Цвер). Першай яго самастойнай пастаноўкай быў спектакль “На бойкім месцы” па п’есе А.Астроўскага. Пасля былі пастаўлены іншыя спектаклі па п’есах рускіх і савецкіх драматургаў.

Жывучы ў Калініне, Мікалай Варвашэвіч вельмі хацеў вярнуцца на Бацькаўшчыну. Але такой мажлівасці, на жаль, не было. І вось неяк ён сустракае свайго аднакласніка Эдуарда Усачова, які працаваў тады ў Горацкай беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён прапануе Мікалаю Варвашэвічу прыехаць на Беларусь. З радасцю прапанова была прынята, а ў 1964 годзе наш зямляк працуе ўжо дырэктарам Дома культуры ў Горках Магілёўскай вобласці, і адначасова ўзначальвае тэатральны калектыў мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі.

У пачатку 1968 года Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч прыязджае ў горад над Шчарай і пачынае кіраваць Слонімскім народным тэатрам. І тут яго першай самастойнай працай быў таксама спектакль “На бойкім месцы” А.Астроўскага. Памятаю, неяк спытаўся ў яго наконт любімага спектакля. Ён задумліва і з нейкай настальгіяй адказаў: “Ты пытаеш, ці ёсць у мяне любімыя спектаклі, якія я часта ўспамінаю. Вядома ж ёсць. Гэта ў першую чаргу, “На бойкім месцы” А.Астроўскага, “Барабаншчыца” А.Салынскага, першая пастаноўка “Паўлінкі” Янкі Купалы, “Ганка” У.Галубка, “Сабака з залатым зубам” У.Сауліча... Ды дзе ж іх усіх пералічыш”.