У 1993 годзе заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь рэжысёр Мікалай Варвашэвіч ставіць на слонімскай сцэне купалаўскія “Прымакі”. Але ўжо не на сцэне народнага тэатра, а на сцэне прафесійнага дзяржаўнага Слонімскага беларускага драматычнага тэатра (цяпер Слонімскі драматычны тэатр). Пачыналіся “Прымакі” звычайна. Максім Кутас (артыст Віктар Багушэвіч) пасля добрага перапою пачынае ўспамінаць, што было ўчора, думае, куды ён трапіў. Бо ў яго хаце “павуцінне па ўсіх чатырох кутках, а тут толькі на трох...”. Але гэта яшчэ паўбяды. На самой справе здарылася так, што Максім Кутас і Трахім Сініца (артыст Сяргей Бачкоў) памяняліся сваімі жонкамі. Калі памылка выкрылася, пасля першага замяшання і перажытага страху за вынікі, якія здарыліся, адбываецца камічная сямейная перапалка. Але ўсё, як мы ведаем, скончылася прыемнай развязкай, заручынамі сына Максіма – Мацейкі (артыст Васіль Сявец) і дачкі Трахіма – Кацярынкі (артыстка Іна Ёрш).
Аднак не будзе перабольшваннем, калі дадаць, што асноўны змест “Прымакоў” і поспех спектакля надавалі тады народныя песні і танцы, вельмі ўдала і па-мастацку быў скампанаваны этнаграфічны матэрыял.
У пастаноўцы слонімскіх артыстаў спектакль “Прымакі” набыў у 1993 годзе новае і свежае ўвасабленне. Добра адчуваліся беражлівыя адносіны пастаноўшчыка да тэксту твора, сучаснае прачытанне п’есы, акцёрскае стварэнне вобразаў і г.д.
У 2002 годзе Слонімскі беларускі драматычны тэатр зноў вяртаецца да камедыі Янкі Купалы. Спектакль вырашае паставіць рэжысёр тэатра Віктар Бутакоў, які прыехаў у Слонім з Усходне-Казахстанскага абласнога рускага тэатра драмы імя Жамбыла горада Усць-Каменагорска. Зусім не ведаючы беларускай драматургіі, звычаяў, нораваў, беларускага жыцця і гісторыі, рэжысёр узяўся за “Прымакі” і паставіў. Пачынаўся спектакль арыгінальна. Тры вясковыя пляткаркі (артысткі Ірына Яцук, Вікторыя Міхальчык, Надзея Ільчанка) распавядалі адна адной аб тым, што дзеяцца ў вёсцы, а таксама разважалі пра мужыкоў. У п’есе Янкі Купалы гэтага няма. Але такая своеасаблівая задумка рэжысёра надала спектаклю новае і свежае ўспрыманне. А далей падзеі на сцэне адбываліся, як у п’есе. Камізм спектакля ўзмацняўся, дзякуючы своеасаблівасці мовы дзеючых асоб, багатай народнымі параўнаннямі, прымаўкамі, фразеалагізмамі, трапнымі, часам грубаватымі дасціпнымі выразамі, а таксама дзякуючы нечаканым паваротам сюжэта, своеасаблівай пабудове дыялога і, вядома ж, ігры акцёраў Тамары Галаванавай, Сяргея Фурсы, Кацярыны Дзядовіч, Наталлі Шугай, Сяргея Лішыка і Віталя Спасюка.
Тым не менш, мінскія тэатральныя крытыкі не дужа спрыяльна ацанілі “Прымакі” у пастаноўцы Віктара Бутакова. Напрыклад, Вячаслаў Іваноўскі ў зборніку “Беларускі тэатр – 2001/2002” (Мн., 2003, С. 9-10) піша: “На жаль, спектакль рэжысёра В.Бутакова ў недастаткова густоўна стылізаваных дэкарацыях і касцюмах персанажаў (мастак А.Толкач) хутчэй нагадваў звыклую для беларускага тэлебачання павільённую рэканструкцыю “Вячорак”, чым знакаміты купалаўскі вадэвіль, багата насычаны беларускім фальклорным матэрыялам і лёгкім дабрадушным гумарам. Нягледзячы на пэўную рызыкоўнасць становішча, у якім пасля значнага падпітку мужчын Максіма Кутаса і Трахіма Сініцы апынуліся жанчыны – Даміцэля Сініца і Палагея Кутас, зранку прачнуўшыся і знайшоўшы ў сваіх ложках суседскага мужа, Янка Купала не дапускае ў сваім даволі простым народным жарце аніякай двухсэнсоўнасці альбо нават намёку на непрыстойнасць. Таму так важна пры пастаноўцы гэтага купалаўскага твора і рэжысёру, і выканаўцам знайсці адпаведныя выразныя сродкі, яскравыя мастацкія знаходкі, адчуць камедыйную стыхію жанра, каб імправізацыяй надаць спектаклю лёгкую іранічнасць, не даць магчымасці сцэнічнаму відовішчу апусціцца да побытавай дробязнасці, захаваўшы адначасова з тым сакавітую народную характарснасць вобразаў...”. З крытыкам варта пагадзіцца. Але ж вясёлы вадэвіль “Прымакі” гледачам падабаецца, ён напоўнены смехам, мяккім, дабрадушным народным смехам. Да сённяшніх дзён у рэпертуары Слонімскага драматычнага тэатра гэты спектакль ёсць, і на яго ідуць гледачы.