Выбрать главу

— Не ведаю тады... — Віктар павагаўся і дастаў з сумкі фотаапарат, знайшоў той відэазапіс з дзяўчатамі на беразе: — Вось, глядзі: прыкладна такія ролікі будуць.

Аляксандр з цікавасцю ўтаропіўся ў дысплей фотаапарата. Прыцмокнуў языком, вочы яго свяціліся цікавасцю і захапленнем.

— От жа маеш... Малаток! Як ты зняў? — ён вярнуў фотаапарат. — Але — не мая справа. Значыць, твае ролікі — падглядванні?

— Так, з вялікай адлегласці...

Тут Віктар нечакана спалохаўся: чаго ён так раскрываецца перад гэтам Алікам? І вырашыў хоць крыху схітрыць: — Як і што здымаюць — не ведаю. Мая спра­ва — сайт і апрацоўка ролікаў.

— Ды я зразумеў, — працягнуў з загадкавай усмешкай Аляксандр. — Умееш з відэа працаваць. Пахне далёка не прыемным, а з другога боку — чаму гэтаму не быць? Падобнага многа... Цяжка будзе раскруціць, надта ж канкурэнцыя высокая. А вось як па рэгіёне разляціцца пагалоска, то трафік будзе. Давай у дамене наш горад наперадзе паставім і далей — рэал кропка орг.

— Давай, — узрадавана адказаў Віктар: яму было радасна не толькі ад ідэі імя дамена, але і ад таго, як Аляксандр ацаніў яго ролік і саму ідэю сайта.

— Ну, глядзі, каб потым не казаў, што я цябе кінуў, — усміхнуўся Аляксандр. — Тут заказваем адразу і дамен, і хостынг на 50 гігоў. Пакуль хостынг на паўгода... Пароль запішы цяпер і логін таксама. Зараз скрынку паштовую аформім... Тыя ж логін і пароль... Дома зойдзеш і зменіш пароль на свой... Усё. Суму бачыш? 44 ВМЗ. Я выставіў сабе рахунак, вярнуся дахаты — аплачу. Англійскую ведаеш крыху — то з панеллю кіравання даменам разбярэшся. Панель хостынга таксама не складаная. Пытанні?

— Ды процьма ў мяне пытанняў, — заспяшаўся Віктар, бо яму падалося, што Аляксандр, з якім ён адчуваў упэўненасць у справе, зараз возьме ды пойдзе, знікне назусім. — Ну, ты ж казаў, што дызайн, вёрстка... І потым сама КэМээСка... Як настроіць яе? А потым раскрутка...

— Так, хлопча... Я шчыра скажу: у грунтоўным дапамагчы — я дапамог. А далей, выбачай, — то ўжо грошы. Можаш заказаць дызайн на форуме, там і вёрстка...

— А ты ж казаў, што ёсць у цябе знаёмы дызайнер?

— Я і сам дызайню. І вёрстку раблю. Калі хочаш, давай так: выбіраю табе КэМээСку, раблю дыз, вёрстку, настройваю... Здаю табе цалкам гатовае — застанецца толькі садзіцца і заліваць ролікі. Дарэчы, каб добра індэксаваліся старонкі, ды можна было без цяжкасці аптымізаваць — трэба невялікі кантэнт пад кожны ролік, а ролікі разбіваць на раздзелы, тыя дзяліць на больш дробныя... Трэба кантэнт пад раздзелы.

Віктар прысвіснуў.

— Ого, я і не падазраваў напачатку, наколькі ўсё гэта...

— Што? Цяжка?

— Ды не... Неяк... сур’ёзна.

— А ты думаў! — Аляксандр паблажліва ўсміхнуўся. — Інтэрнэт — такое ж месца працы, як і ўсюды. І справу ў сеціве рабіць — той жа падыход трэба: грунтоўны, удумлівы... Як я зразумеў, структуры сайта ў цябе пакуль няма?

— Якой структуры? А... раздзелаў?

— Ды не толькі раздзелаў! Будуць каменціцца ролікі? Будзе нейкая геста? Чат? Магчымасць скачваць ролікі? Магчымасць юзеру заліць свой ролік?

— Так... Мне трэба падумаць над усім, — крыху разгубіўся Віктар.

— Давай, думай. Я распрацую пакуль канцэпцыю дызайну, пастаўлю КМС на сайт, няхай індэксуецца. Так, пра грошы... За ўсё пра ўсё — сотня баксаў. Каціць?

— Пакаціць, — адказаў Віктар, адначасова рашаючы задачу: дзе знайсці яшчэ 50 долараў? — У мяне з сабой сотня. Гэта на хостынг і палова табе за работу цяпер. Пакуль закончым — будуць астатнія. Так нармальна?

— Нармальна, — махнуў галавой Аляксандр, усміхнуўся з разуменнем: — Што, цяжка вось так выкласці ўсе свае грошы першаму сустрэчнаму? — хлопец відавочна бачыў ваганні Віктара. — Я табе скажу, што ў сеціве ўсё трымаецца на партнёрстве і даверы. Ніякіх кантрактаў-дамоў. Так, здараюцца і кідкі. У фрылансе ўсё магчыма. Але інакш нельга зрабіць усё хутка і максімальна танна.

— Ды я ведаю, здагадваўся... — адказаў Віктар. — Я ж быў на форуме аптымізатараў. Нават спрабаваў капірайтарам падзарабіць.

— Значыць ты ў тэме.

— У тэме. Вось, — Віктар выцягнуў з кішэні соценную паперку. — Трымай.

— Ты не перажывай, — усміхнуўся Аляксандр. — Мой жа нік на форуме ведаеш? А на тым форуме — мая работа. Хто захоча сабе непрыемнасцей, калі збіраецца зарабляць грошы? Дастаткова аднаго паста з абвінавачваннем, як твая рэпутацыя паляціць к чорту. Я тры гады там працую, у мяне кліенты ёсць пастаянныя. А дагаворы здараюцца на 300 і больш долараў. І што — мне кінуць цябе на 50 баксаў і згубіць сваё месца?

— Ды я веру, — ужо спакойна адказаў Віктар. Аляксандр яго пераканаў у правільнасці свайго падыходу да справы. — Значыць, я займуся структурай сайта... Як цябе знайсці?