— Можаш праз форум. З сямі вечара я там да гадзін трох ночы. Штодня.
— Ну, тады я пайшоў, — узняўся Віктар.
— Давай, — Аляксандр працягнуў яму руку, паціснуў. — Ды не спяшайся, бо пераробліваць куды складаней, чым адразу зрабіць усё.
— Зразумела, — кіўнуў Віктар.
Віктар вяртаўся да сябе, і галава цалкам была занята сайтам. Трэба наперад паду маць над сістэматыкай, каб юзеру было зручна карыстацца, хутка знаходзіць патрэбнае... Вось ёсць у яго тры ролікі — іх ужо можна разнесці па трох раздзелах. Скажам «Дзяўчаты на пляжы», «Жыццё ў вокнах» і... як жа пра тых старых прыдумаць? Няхай напачатку «Прыколы»? Не, які тут прыкол? «Розныя людзі»? Ат, не трэба зацыклівацца, вось займее ён ролікаў 10... Стоп, трэба сказаць Аліку, каб была магчымасць дадаваць розныя катэгорыі, мяняць, пры неабходнасці назвы... А цяпер... Цяпер пара браць тэлескоп — і наперад, да вышкі. Там і над структурай сайта падумае як след. Заадно кантэнт пад тыя тры ролікі напіша. Колькі ж работы! Трэба адразу над ролікамі да канца працаваць, не зацягваць, а то потым давядзецца сядзець...
Сённяшняя дарога Віктара да вышкі была падобна на шлях чалавека да свайго месца работы — Віктар ішоў упэўнены, спакойны, без ценю хвалявання. Адно, што перад самай вышкай разгарэўся сапраўдны азарт, быццам у якога грыбніка перад узлескам ці ў рыбака перад невядомай затокай: што сёння? Пашанцуе ці не?
За некалькі гадзін на хісткай вышыні Віктару пашанцавала тройчы. Куды цікавейшы за ўчарашні ролік пра дзяўчат. Сёння ў іншым месцы загарала ажно трое, усе — топлес. Разгульвалі па беражку без аніякіх азіранняў па баках. І ўсе — як на падбор: адна хударлявая, грудзі маленькія, невялікага росту, другая — мажная, клубы і грудзі ёмкія, усё такое дзябёлае, здаровае. А трэцяя — што мадэль: нібы з часопіснага фотаздымка. І быццам прадчувала, ведала, што за ёй сочаць. Віктара аж бянтэжылі яе паводзіны: гэтак яна карцінна выгіналася, аголеная, так пацягвалася, рукі да неба выпроствала, ды яшчэ паварочвалася тварам пастаянна да вышкі...
За гэтымі трыма ўдалымі ролікамі было больш за тры гадзіны здымак. Колькі кадраў, якія і пачыналіся цікава, а заканчваліся літаральна нічым. Адзін кадр Віктар ледзь не прапусціў. Напачатку сачыў за кампаніяй хлопцаў гадоў па 18—20, іх было сямёра. І сярод іх — адна дзяўчына прыкладна такога ж узросту. Твар яе Віктару не спадабаўся — яна амаль увесь час крывілася ва ўсмешцы, відавочна, была нападпітку. Калі пачаў назіраць за гэтай кампаніяй, баяўся, што вось распачнецца агіднае: хлопцы падап’юць і потым усе сямёра накінуцца на адну. Але, што дзіўна, дзяўчыны нават ніхто не кранаўся, наадварот, дагаджалі, запальнічку падносілі прыпаліць тонкую цыгарэту, піва прапаноўвалі. І яна сядзела сабе, папівала піва з бутэлькі, паліла адну за адной цыгарэткі.
А вось у хлопцаў узнік нейкі канфлікт: адзін даў другому па шыі. У гэты момант Віктар і пачаў запіс. Але канфлікт як быццам патух... Віктар хацеў выключыць запіс, як на палянку нібы віхор наляцеў: падскочылі ці не ўсе адразу. І пачалося сапраўднае «мачылава»: рукамі, босымі нагамі, усё па-сапраўднаму. О, такі ролік хоць бяры і агучвай, як індыйскае кіно з дапамогай кавалка мяса: плясь ды плясь. Хто супраць каго — не разабраць. Адзін супраць усіх, ці ўсе супраць аднаго. Праз пару хвілін трое апынуліся на зямлі з тварамі, залітымі крывёю. На карачках папаўзлі да берага, да вады. Нарэшце, толькі двое засталіся на нагах, спыніліся... абняліся і таксама пайшлі да вады. Там была ці не ідылічная карціна: усе мыліся побач, і ніхто ні на каго не зіркаў варожа. Мала таго — абмыўшы твары, хлопцы паселі на разасланае на траве стракатае пакрывала з горкай сушанай рыбы ў цэнтры і бутэлькамі піва па краях. І смактанне піва працягвалася! Мірна і спакойна, з гаманой і смехам... Але што найбольш уразіла, дык гэта паводзіны дзяўчыны: за ўвесь час кароткай бойкі яна нават з месца не кранулася, не паварушылася, быццам нічога абсалютна не адбывалася, — пасмоктвала піва ды паліла... Бы тая каралева на турніры ў яе гонар.
Віктар хоць і радаваўся ўдачы, аднак радаваўся чыста прафесійна, ці што. Цяпер, не толькі здымаючы, а спрабуючы адразу класіфікаваць знятае ды яшчэ рабіць накід нейкага тэкставага анонса, ён па-сапраўднаму разумеў усю складанасць работы. Вось прыдумай назву для роліка, каб зацікавіць юзера? Напішы кароткі анонс, але такі, каб прабег хто вачыма і абавязкова шчоўкнуў, паглядзеў... Назва як быццам падабралася — «На выбарах караля для каралевы». А што? Тут адна красуня сядзела, хлопцаў сямёра, вырашылі яны выбраць аднаго, самага моцнага, адважнага, спрытнага. Тут што галоўнае? Не быць надта сур’ёзным, сцёбу паболей, гумару, крэатыву...