— А каму я патрэбен са сваімі вершамі? — крыва ўсміхнуўся ў адказ Віктар. — Вось ты сама купіла кніжку вершаў хоць адну, хоць калі?
— Ну, тваю б купіла.
— Вось бачыш... Сёння не вершы, а серыялы на першым плане...
— Дык нашто тады табе кніга?
— Ну, вось ты купіш, а я ў класе раздам.
— Раздасі?
— Ці прадам каму. Дарыць буду. Я там на кожнага эпіграм панапісваў...
— Хто ж гэта захоча пра сябе непрыемнае чытаць, ды яшчэ грошы за гэта плаціць?
— Ды не... эпіграмы добрыя, на ўспамін, во, паслухай:
Чым камп ’ютары лепшыя, тым адносіны мёртвыя:
Форум, аська, «Вкантакце» замест словаў жывых...
А пашлём-ка мы Гуглю і Яндэкс да чорта —
Нам іх Юрый Хаванскі заменіць дваіх...
Віктар закончыў з сумам, уздыхнуў:
— У рэдакцыях кажуць — вершы добрыя. У выдавецтве спытаўся, адказваюць: забяспечыш тыраж продажам — надрукуем.
— Во як? Ты і пішы, за свае грошы выдай ды яшчэ і прадай... Не, сын, на вершах не разбагацееш. Кідай гэта.
— Я і не збіраюся, — рэзка адказаў Віктар. — Вось ты чула пра той адронны калайдар у Швейцарыі?
— Чула... — паціснула плячыма маці, — то ж навука.
— Навука, — чмыхнуў Віктар. — Ну, няхай даведаюцца, што ёсць на самай справе такая часцінка Бога. Вунь сказалі, што сусвет трымае нейкая цёмная матэрыя. І што змянілася?
— Нічога не змянілася, — згодна кіўнула маці, — Дык мо потым зменіцца...
— Калі? Калі што зменіцца? — загарачыўся Віктар. — Што можа даць чалавецтву веданне таго, як утварыўся сусвет?
— Што ты да мяне прычапіўся? — занервавалася маці. — Ад вершаў да сусвету...
— Я не чапляюся, патлумачыць хачу, — паспакайнеў Віктар, калі маці прысела, сам прысеў.
— Дык вось, гэта завецца фундаментальнай навукай. Толку практычнага ад яе сёння нуль і праз сто гадоў — нуль. Але вось што цікава: калі ў краіне няма фундаментальнай навукі, уся навука хутка памірае. Гэта факт.
— Ну няхай факт, — змушана ўсміхнулася маці. — А вершы?
— А вершы, паэзія для грамадства — тое, што фундаментальная навука для навукі! Без паэзіі ўсё мярцвее!
— Можа, і так...
— Ды не можа, а так! Я чытаў: калі недзе перастае развівацца паэзія, там і душы заплываюць тлушчам! Там сэрцы — аўтаматы штучныя, мазгі — працэсар.
— Ды няма ў нас такіх грошай, Віця, — вінавата адказала маці. — Ты ж ведаеш...
— Ведаю, — зморшчыўся Віктар. — Гэта я так сказаць табе хацеў, што буду летам шукаць работу.
— Не знойдзеш, — сумна ўздыхнула маці. — У бацькі на заводзе скарачэнне, прыватныя фірмы зачыняюцца... Тэлескоп свой прадай — гэтулькі грошай аддалі...
Сапраўды, у пятым класе Віктар захапіўся зорным небам. Бацькі ашчаджалі грошы месяцы тры і купілі яму невялікі сапраўдны тэлескоп. О, колькі тады вечароў мёрз Віктар на балконе, на плоскім даху дома! Два гады актыўна перапісваўся з такімі ж аматарамі. А калі камета пралятала! Уга, яе і так бачна было, а калі Віктар свой тэлескоп вынес на вуліцу — чарга стаяла некалькі гадзін. На камету і так глядзелі з незразумелым халадком у душы, а ў тэлескопе яна ўвогуле выклікала сапраўдны страх, адчуванне сваёй бездапаможнасці перад таямнічым сусветам.
— Не купяць тэлескоп, — мусіў прызнацца Віктар. — Час той мінуў, даваў я аб’яву... Фотаапарат не прадам...
У мінулым годзе змог уладкавацца кур’ерам у адну рэдакцыю, разносіў газеты падпісчыкам прама на дом. І купіў сваю мару — добры лічбавы фотаапарат. Яшчэ прасіў грошы ў бацькі — каб на заводзе па чарцяжах (бацька іх распрацоўваў сам) зрабілі неабходныя дэталі — злучыць фотаапарат з тэлескопам. Эх, якія здымкі прыгожыя атрымліваліся!
Але такімі сёння нікога не здзівіш. У сеціве вунь амерыканцы з Хабла (касмічнага тэлескопа) выклалі здымкі... Дух займае....
Што яшчэ каштоўнага ў доме? Нічога. Камп’ютар добры... Але то з бацькам папалам — той там свае інжынерныя разлікі робіць, канструктар ён.
Карацей, трэба недзе шукаць...
«Неафіцыйна» адзначыць заканчэнне 10-га вырашылі за горадам, далекавата.
Слава пра гэтае месца ішла не самая светлая — казалі, што тут бавяць час бандыты розныя. Але ж то начамі... Днём тут было спакойна і не страшна. А прыгажосць якая! Дарога ідзе лесам, густым, потым нечакана вырываецца на прастор — шыра-чэзная паляна! Рака робіць круты паварот, шырока разліваецца, бераг плыткі, пясочак... Сапраўдны пляж метраў на трыста. Крыху далей ад берага кусты, быццам стагі, дзеляць пляж на асобныя зацішныя закуточкі.