У прыцемках удалося зняць яшчэ «кіно». Добра, што галоўныя героі былі ў святле вялікага ліхтара, што на доме. Здымаў прама фотаапаратам, бо надта блізка адбывалася дзея. Жонка сустракала п’янага мужа ля пад’езда. Ух, як лаялася жанчына! Далёка-далёка разносіліся яе слоўцы, ад якіх, пэўна, і сцены чырванелі... Прыкольны ролік атрымаўся. І добра, што завяршыўся дзень хоць з такім гумарам. Ад іншага — адна прыкрасць...
Назаўтра зранку патэлефанаваў Юрыс.
— Слухай, ты дзе прапаў? Разы тры набіраў, тэлефон адключыў ці што? Паехалі на возера! Кампанія падабралася, усе нашы, шашлык замуцім. Піва Антон прастаўляе за свой дзень нараджэння. Будзе крута.
— Не магу, справы ў мяне, — паморшчыўся Віктар. От жа людзі, калі самім няма чаго рабіць, то ўпэўнены, што ва ўсіх так... Дадаў нецярпліва: — Калі справа якая — пытай, бо мне няма калі.
— Ні фіга сабе, ты там запрацаваўся! Мільянерам хочаш стаць?
— Юрыс, хопіць трапацца. Я сказаў, што заняты. Можаце ўявіць, што я з’ехаў з горада, мяне няма, я захварэў, памёр урэшце?
— Ну ты і дурны! — адрэзаў Юрыс. — Нашто плявузгаеш на сябе? Мне вунь бабка казала...
— Мяне не калышуць расповеды тваёй бабкі, — зазлаваў Віктар. — Усё, мяне няма ў горадзе!
— Ага, ясна, — сумна адказаў Юрыс. — Не турбаваць, не кантаваць, пры пажары выносіць першым... Без цябе ж кампанія не тая...
— Абыдзецеся!
Віктар адключыў тэлефон. Так і ёсць: Мэры сказала Юрысу, што яны пасварыліся. Знайшоўся міратворца! Сам разбярэцца, прыйдзе час. Усё няважнае — потым, сёння ўсё другаснае, акрамя аднаго: сайта...
З дзецьмі няблага атрымалася, трэба цікаваць і цікаваць. З аднаго боку, сюжэты бяскрыўдныя, бяспечна такія ставіць. Ніхто не зазлуецца. Шкада, на іх возеры няма паблізу нічога такога, адкуль можна было б назіраць. На возеры людзей куды больш... Але ж і такіх пікантных момантаў не асабліва знойдзеш. Ды што ён пра возера думае? Захацелася адным вокам пабачыць, як тусуюцца аднакласнікі? Ды ну іх... Сваіх здымаць не будзем...
Тыдзень выдаўся як ніколі «гарачы»: з ранку Віктар спяшаўся ў лес, вечарам гадзіны тры праседжваў на будоўлі. Тут ён узняўся з дапамогай будаўнікоў яшчэ на два паверхі — агляднасць павялічылася, яшчэ колькі далёкіх акон адкрывалі сваё вячэрняе жыццё аб’ектыву тэлескопа. Часу апрацоўваць ролікі амаль не засталося, і Віктар адклаў гэты занятак на потым. Бо маці і так пачала неяк занадта падазрона глядзець на яго сядзенне за компам да трэціх пеўняў.
З сярэдзіны тыдня задажджыла. Віктар усеўся за апрацоўку ролікаў, перапісванне чарнавых накідаў тэкстовак. Калі распагоджвалася, лез на дах — сачыў за дварамі ў пошуках цікавых эпізодаў з дзецьмі ці жыхарамі.
У літары Z і праўда аказалася дзіўная ўласцівасць. Гэтыя самыя эпізоды з жыцця асобных людзей, эпізоды, якія яны хаваюць ад чужых вачэй, складваліся ў той самы перакулены свет. І ў гэтым свеце было так мала смеху, так мала радасці і шчасця... Вось такіх ролікаў, як першы адзняты, дзе маладыя муж і жонка клеілі разам шпалеры, было зусім мала. Віктар стварыў асобны раздзел «Чужое шчасце», але за ўвесь час назіранняў-падглядванняў набралася толькі шэсць эпізодаў, ад праглядвання якіх святлела на душы. Што ж, на тое ён і ёсць — перакулены свет. У гэтым свеце — шчасце і радасць, прыстойнасць і маральнасць (сапраўдныя ці паказушныя), а ў тым свеце ўладараць расцугляныя пачуцці, вычварнае і чорнае, мярзотнае і брыдкае лезе наверх...
Віктар і ўявіць сабе не мог, што за вокнамі дамоў хаваецца столькі брыдоты. І амаль заўсёды — п’янай брыдоты. Яму ўжо надакучыла здымаць п’яныя скандалы, бойкі, разбэшчанасць і раз’юшанасць. Штовечар, абводзячы аб’ектывам тэлескопа вокны далёкіх дамоў, Віктар натыкаўся на такія сцэны. І гэта брыдота, здаецца, мела фантастычную асаблівасць перадавацца праз тэлескоп у душу: не мог ужо Віктар спакойна глядзець і здымаць сямейныя лаянкі і сваркі ў п’яным ачмурэнні. Ды яшчэ калі п’янымі былі абодва: муж і жонка... Балазе, хоць гук не перадаецца праз такую адлегласць. Адзінае ратавала: Віктар засяроджваўся ў такіх выпадках на сваёй «прафесійнасці», імкнуўся глядзець на дысплей фотаапарата як на маленькі кінаэкран, а на людзей — як на акцёраў. І ўсё ж ён адчуваў, што бачанае нібыта атручвае яго. Ужо і днём ён пазіраў на людзей з думкай пра тое, што іх цяперашнія паводзіны — удаваныя, што на самай справе бальшыня гэтых выхаваных, добрых людзей зусім-зусім іншая. І што акно кухні ці спальні — і ёсць мяжа, лінія перавароту літары Z. Акно — не проста акно, гэта праход у іншы свет, у свет тайных чалавечых жаданняў, чалавечай слабасці. Гэта адкрыццё палохала: што ж тады сапраўднае і дзе: там, за вокнамі, ці тут, па гэты бок шкла?