Выбрать главу

— Ну і што? — Віктар прымусіў сябе супакоіцца, не хваляваўся аніколькі: калі што, калі хоць якія падазрэнні — ён будзе ўсё адмаўляць. Юрысу ні слова.

— Ты памятаеш, мы на рэчцы дурэлі? І яшчэ пра вышку ў лесе казалі? Дык вось, здымкі рабілі з той самай вышкі! — гарачыўся Юрыс.

— Ну і што? Не разумею...

— Ну, пакуль да цябе дойдзе! — зазлаваў Юрыс. — Там нейкіх хлопцаў знялі, бойка была не слабая...

— І што?

— Божа, ну вы тупагаловыя! — Юрыс згубіў цярпенне. — Сяргей — «ну і што», ты — «ну і што», Лёшка — «мяне не цікавіць». А калі нас знялі?

— Нас? — Віктар на момант разгубіўся: што адказаць?

— Нас! Уяўляеш, калі нехта маёй мамцы пакажа, як я там гуляў? Яна мяне з хаты не выпусціць.

— Ну, не толькі цябе...

— О, дайшло нарэшце. Што рабіць?

— А што ты прапануеш?

— Трэба пасвіць ля той вышкі кіношнікаў.

Віктар хмыкнуў у адказ:

— Быццам яны форум не чытаюць... Яны мо і першыя запасцілі на гэтую тэму, каб рэсурс праспаміць. Наздымалі яны з той вышкі, колькі трэба і больш туды не пойдуць. А нас ставіць... Што там цікавага? Дай-ка мне адрас, зайду і я гляну...

— Ну, халера іх ведае... Мы і праўда нічога цікавага не рабілі. Там, шчыра кажучы, ролікі прыкольныя. Ты зайдзі, зірні! І абяцаюць кожны дзень новае кіно!

Прадчуваю, што самыя смачныя кадры яшчэ наперадзе...

— Ну во, а ты распсіхаваўся, — Віктар сам уздыхнуў з палёгкай. — Кажы адрас...

Юрыс назваў адрас Віктаравага сайта. Па літарах прадыктаваў.

Віктар не спяшаючыся ўключыў камп’ютар. Пакуль ішла загрузка, зрабіў каву. Праверыў статыстыку: няблага, узровень у 500 юзераў за суткі трымаецца. Глянуў колькасць пераходаў на порнасайты. О, вось гэта канвертацыя — больш як 15 працэнтаў! Значыць, правільная тэма для сайта! Шкада, што юзеры гарадскія не надта багатыя — толькі дзясятая частка нешта купіла. Але ж нешта за ноч на яго, Віктараў, рахунак назбіралася! Давайце, давайце!

Знаёмы сверб прыкаваў Віктара да камп’ютара. Зноў шукаў у Сеціве розныя форумы, блогі, рэгістраваўся, рэкламаваў свой сайт. Іншыя пасты яго выдаляліся адразу, як звычайны спам, але Віктар не перажываў. Ён і каментаў больш надта не чытаў, праглядваў проста, каб там не было непатрэбшчыны з мацюкамі.

Працаваў гадзіны тры. Няблага — наведвальнікаў пераваліла за тысячу. Ну, палова больш і не зойдзе ніколі, але ж нехта падзеліцца спасылкай. Глядзіш, пастаянная аўдыторыя пакрысе збярэцца. Заўтра ён падагрэе цікавасць — выкладзе той ролік, дзе два мужчыны маладыя і жанчына «балююць». Гэта будзе маленькая бомбачка. А яшчэ ж начальнічак у запасе і яшчэ адна пара... Хех, такім чынам да пачатку заняткаў накапае ў кіпер! І потым... Потым Віктар спакойна закрые сайт. Сатрэ базу. Як нічога і не было. Няхай шукае, каму нечага рабіць, ветру ў полі. У яго ўжо будзе патрэбная сума грошай на кніжку.

Праверыў пошту — і замёр ад нечаканасці: прыйшоў ліст ад Аліка.

«Вітаю! У, крутыя ролікі! Я так зразумеў, што яшчэ круцей будуць? Малаток, дарма што школьнік, ёсць хватка. На каменты маралізатараў увагі не звяртай — гэта зайздрасць. Кожны марыць нешта такое зрабіць, каб пра яго казалі і трафік ішоў. Як канверт? Ідуць па банерах? Занадта ты іх наляпіў, сайт стракаты стаў, стыльнасць згубілася. Падбяры лепшыя банеры, каб суадносіліся з дызам. Я тут таксама запашчу ў пары месцаў пра твой сайт — лішняя спасылка не зашкодзіць і траф узнімецца. Поспехаў».

Усё як быццам добра... Усё добра... Але чаму, адкуль узнік гэты непрыемны халадок у жываце? Алік... Ён дапамог, зрабіў, атрымаў грошы... Спакойна, паролі ўсе даўно зменены. Нічога Алік яму не зробіць. Канешне, можа, ён і хацеў бы ў долю ўвайсці, але ж сказаў: толькі сам рабі. Яго школа...

Зайшоў зноў на свой сайт — дабавілася каментаў. Цікава, што шмат каментаў пісалі пад ролікам, дзе старыя купаюцца — тая таўстуха-жанчына і мужчына ў смешных трусах.

Каменты простыя: «Ржу ні магу», «Патсталом», «Аффтар, здымай ісчо», — звычайныя для такіх прыколаў. Апошні каментарый быў нечакана вялізным, і зноў той самы халадок крануў жывот усярэдзіне. «Што за чорт, адкуль... Не было ж нядаўна», — амаль са страхам падумаў Віктар, бо позірк ужо схапіў першы радок, які разануў свядомасць сваёй нечакана дакладнай скіраванасцю: «Дзень добры, малады чалавек!..»

Дзень добры, малады чалавек! Не спрачайцеся, я дакладна ведаю, што Вымала­ды, хутчэй за ўсёвыпускнік школы ці студэнт. Гэта няцяжка зразумець і простаму чалавеку, калі прааналізаваць Вашы запісы, а ў мяне ёсць неблагая тэарэтычная база і немалы жыццёвы вопыт. Як ніяк, я прафесар, доктар псіхалагічных навук. Я не стану пісаць Вам пра свае эмоцыі і перажыванні. Я пішу для Вас і дзеля Вас.