Выбрать главу

«Цяпер ролік скінуць, апрацаваць і адразу на флэшку. Астатняе сцерці... І баць­ка, і маці ведаюць, што я так доўга сяджу за компам. Ну, сказаў, што пішу тэксты... Не, не адбрэшашся, як прыціснуць. Трэба зрабіць той хамяк на Юкозе!»

Падскочыў, хутка ўвайшоў у сеціва. Падабраў больш-менш стыльны шаблон пад свой дамашні сайт. Стварыў некалькі раздзелаў, хутка закінуў у іх свае вершы. Не заўважыў, як праца захапіла яго — пакрысе прыйшла цікавасць: прыемна было ствараць сваю кніжку, няхай і электронную. А тут яшчэ ёсць магчымасць падмаляваць-падправіць шаблон... Успомніў, што шаржы да яго эпіграм ужо маюцца ў электронным выглядзе, паставіў некалькі — атрымалася прыгожа... За вокладку засеў: узяў здымак школы, папрацаваў з фільтрамі фоташопа — і атрымаўся той самы малюнак на шэрым фоне чорным фламастарам. Ну, амаль такі атрымаўся, а лепш і не трэба пакуль...

Мінала гадзіна за гадзінай, а Віктар ужо з сапраўдным захапленнем працаваў над сваім хамяком: падправіў шаблон, намаляваў новую «шапку». Зрабіў раздзел з фотаздымкамі і стаў запаўняць яго, пачынаючы яшчэ з першага класа і садка. Добра, што тады адсканіраваў у Лёшкі столькі многа. І Мэры... Няхай з ім будзе тут Мэры, як ва ўсе ранейшыя гады...

Прыйшла маці з працы.

— Зноў не вылазіш цэлы дзень? Ты еў што?

— Так, перакусваў, — адказаў Віктар. — Не хачу пакуль.

Тады пачакаем бацьку...

Патэлефанаваў Юрыс, паклікаў патусавацца вечарам. Віктар згадзіўся — якраз праз гадзіны дзве закончыць...

Бацька прыйшоў. І адразу зазірнуў у пакой.

— Здароў, сын. Што парабляеш?

Знаёмы халадок варухнуўся ў жываце Віктара. «Спакойна, спакойна, падумаў ён. — Вельмі добра, што я цяпер хамяк раблю. Ой, добра, што вырашыў зрабіць... »

— Раблю свой сайт! — са смяшлівым гонарам адказаў Віктар бацьку, адкінуўся на стуле, ад’ехаў ад стала. — О, глядзі!

Бацька з цікавасцю зазірнуў у манітор, пазіраў, бы вывучаў...

— Няблага, няблага... Толькі экспазіцыя неўраўнаважана, па колерах няма спалучэння поўнага. Але гэтыя тонкасці вывучаць трэба... Спасылкі ўжо працуюць?

— Ага, усё рабочае ўжо. Што ж я, дарма столькі часу ўбіў? Фотаальбом набіваю, каменты пішу...

Бацька пашчоўкаў па старонках, крыху пачытаў.

— Прыйшоў час электронных кніг, — не сказаў, а канстатаваў.

— А што рабіць, калі звычайныя нікому не трэба, — Віктар выказаўся са шчырым сумам.

— Ну, час такі... А кнігі людзям трэба.

— Ага, трэба... — чмыхнуў Віктар. — Даўно нешта цябе не бачыў з раманам. А я яшчэ вершы пішу...

— Вершы тым больш трэба, — бацька прысеў на канапу насупраць. — Між іншым, такая вось кніга ў сеціве — добрая рэч. А сапраўдная... Не перадумаў яшчэ?

— Што не перадумаў? А, маці расказала... Ведаеш, вось закончыў сайт, і неяк не так ужо гарыць...

Самае дзіўнае было ў тым, што ў гэты момант Віктар казаў шчыра. Сапраўды — не гарэла. Паляванні за цікавымі сюжэтамі і асабліва падзеі апошніх дзён так узвінцілі яго, што сама кніжка пакрысе адышла на задні план. Урэшце, так і павінна быць: што пра яе надта думаць цяпер, калі няма грошай на выданне? Вось з’явяцца грошы — тады можна падумаць. А можа, у нейкі момант кніжка і сайт памяняліся месцамі: калі кніжка напачатку была мэтай, а сайт — сродкам, то цяпер сайт стаў галоўнай справай, а кніжка — прыкрыццём?

Не, гэта перабор ужо. Віктар адмахнуўся ад імклівых думак — усё нармальна, ён заробіць на выданне кніжкі і сайту прыйдзе канец. Так і павінна быць, а тое вострае жаданне, якім жыў апошнія месяцы, прытупілася, ці што. Усё нармальна — ад эмоцый перайшоў да справы, а дзе справа сапраўдная, там розум вырашае, а не жаданні.

Але Віктар мусіў прызнацца, што жаданне патрымаць у руках уласную кніжку зменшала яшчэ больш, аслабела, сцерлася. За сённяшні дзень ён стварыў гэтую кніжку ў інтэрнэце. Сам сабе не мог прызнацца ў гэтым, а бацьку сказаў. Калі ёсць такая кніжка ў сеціве, якую ў любы момант кожны адкрые і пачытае, то мо і не трэба яна на паперы? Няхай будзе такой...

— Ну, што не так ужо і гарыць, мо і лепш, — задумліва прагаварыў бацька. — Яркае полымя хутка згасае. Колькі зарабіў на фірме?

— Сотню баксаў. Табе 50 аддаць ёсць.

— Я пачакаю... А ў сеціве колькі заробіш?

Віктар пахаладзеў. Пра што гэта бацька? А, ён жа казаў, што яму трэба для спра­вы ў сеціве...

— Не ведаю пакуль... Я дамен сапраўдны купляю, хостынг платны. Свой сайт туды перанясу. Раскручу трохі, паказчыкі падніму. Праз месяц можна будзе спасылкі прадаваць. За месяц долараў 15—20, як будзе ўсё о’кей, займею.

— Ну вось, бачыш, як добра. Пакуль той выпускны і назбіраецца. Мы з маці дапаможам... Дарэчы, ты не чуў пра нейкі там сайт? На рабоце толькі і гаворкі пра яго: нехта нябачнай камерай здымае людзей у горадзе і выкладвае ў інет. Прычым, у розных пікантных сітуацыях.