Выбрать главу

Можа, выкінуць гэты чортаў ролік і паслаць Аліка падалей? Няма, ды і ўсё. Адчэпіцца...

Ролік выкінуць проста. Адным шчаўчком мышы. А колькі б гэты ролік трафіка Віктару прынёс! Трэба прайсціся па спасылцы, глянуць, што там за артыкул такі...»

Віктар недзе з гадзіну чытаў Крымінальны кодэкс, які адкрыў па спасылцы Аліка. Упэўніўся: Алік не схлусіў. Але з другога боку, узбуджэнне справы аб рабаванні адбываецца па заяве пацярпелай ці асобы, якая прадстаўляе яе правы. А калі дзяўчына тая не панесла заяву? Яшчэ нічога невядома...

Віктар павесялеў. Упэўненасць пакрысе вярталася да яго.

«Да вечара нешта прыдумаю», — вырашыў хлопец. Цяпер ламаць галаву не 5 было часу — трэба ехаць на фірму, атрымліваць заробленыя цяганнем і пагрузкай друзу грошы. Туды шлях не блізкі — на ўскрайку горада.

Да касы стаяла чарга, хай і невялікая, але рухалася яна вельмі марудна. Віктар

нерваваўся — даўно не стаяў у чэргах. Ды і ўвогуле, ці стаяў? Калі трэба нешта набыць, а чарга больш як пяць чалавек, ён проста адыходзіў — не праблема тое ж прыдбаць у іншым месцы.

— Апошні? — пачуў Віктар за спінай пытанне з цяжкім прыдыханнем.

— Ага, — адказаў Віктар, павярнуўся.

За ім стаяла жанчына з расчырванелым тварам, вялікім, пляскатым, у дробных кропельках поту. Не тоўстая, але грудзі такія вялікія, што быццам стаялі ў чарзе асобна ад жанчыны. «От каб такую зняць на відэа, было б на што зірнуць», — прыйшла ў голаў недарэчная, пошлая думка, ад якой Віктару зрабілася сорамна. Ты глядзі, ужо прызвычаіўся пазіраць на людзей, як праз аб’ектыў. А зрэшты: што тут такога — прафесіянальны погляд...

Віктар злаваў, яму хацелася павярнуцца, так злосна зіркнуць на гэтую цётку, каб зразумела ўсё без слоў і адышлася. Але цярпеў.

Праз хвілін сорак дачакаўся сваёй чаргі, падаў пашпарт, атрымаў ведамасць і распісаўся. Забраў грошы.

Як жа прыемна было трымаць іх у руках!

Грошы ў кішэні надалі настрою, зусім па-іншаму глядзеліся ў святле купюр усе ўчарашнія і сённяшнія праблемы. Калі спакойна разабрацца, то якія тут праблемы? Не спяшаючыся трэба думаць, без панікі. Віктар і думаў цяпер спакойна, чакаючы аўтобуса, потым седзячы ў салоне. Адно што перашкаджала, дык гэта тая цётка, якая апынулася з ім у адным аўтобусе. «Зараза, прыляпілася... Вось пагляджу, дзе жывеш, вазьму тэлескоп — будзеш ведаць...» — думаў Віктар, але без асаблівай злосці.

Дык што там прапаноўваў Алік? Хех, хітры ён... Вядома, той дзяцюк, якога ён пазнаў, заплаціць патрэбную суму, нікуды не дзенецца. І няхай плаціць, скаціна. За ўсё трэба адказваць. З другога боку, чым рызыкуе Віктар? Ды нічым! Што яму: перадасць Аліку ролік, а той няхай сам усё рашае. Атрымаецца нешта ў яго — будуць у Віктара грошы...

А сума якая! Больш як тысяча долараў! Неверагодна проста. Не заўсёды такі шанец выпадае...

Добра, пачакаем яшчэ вечара. Можа, прыдумаецца што лепшае...

Але, па сутнасці, Віктар проста не хацеў прызнавацца самому сабе, што рашэнне ім прынята. І дапамаглі тыя грошы, што ляжалі ў кішэні. Яны быццам падахвочвалі атрымаць яшчэ больш, быццам клікалі іншыя грошы да сябе і самі да іх цягнуліся.

«Грошы вялікія цягнуцца да яшчэ большых, — думаў Віктар над некалі раней прачытаным. — Так і зарабляюцца мільёны і мільярды...»

І куды больш зразумелым стаў выраз «грошы не пахнуць». Словы напоўніліся новым зместам і сэнсам, сталі аб’ёмнымі, выпуклымі. Грошы не пахнуць — гэта значыць, што дзеля добрай мэты можна пайсці на пэўныя ўмоўнасці адносна агуль напрынятай маралі.

Адзін прыпынак Віктар вырашыў не даязджаць, сысці раней і прагуляцца да свайго дома праз будоўлю новага мікрараёна. Разам з ім з аўтобуса выйшла і цётка з вялікімі грудзьмі. «От жа, шанцуе!», — раздражнёна падумаў Віктар і пайшоў па адзінай ад прыпынку сцяжынцы ў бок жылога масіву. Яго абагналі двое хлопцаў, ад якіх рэзка запахла півам. Віктар пайшоў шпарка — вельмі хацелася хоць ужо тут, на волі, адысціся падалей ад людзей...

Калі Віктар параўняўся з нейкай будынінай, на якой не вялося ніякай работы за спінай пачуліся хуткія крокі. Саступіў са сцежкі ўбок — нехта спяшаецца, трэба даць дарогу.Хлопец, мо на год ці два старэйшы за Віктара, у насунутай на самыя вочы кепцы нечакана схапіў Віктара за грудзі і папхнуў наперад і ўбок — за вугал будынка, і яшчэ далей, за наступны вугал.

У Віктара ад неспадзёўкі перахапіла дыханне. Ён тузануўся што сілы:

— Ты што?!

І амаль ужо вырваўся, як хлопец моцна піхнуў яго. Віктар не ўтрымаўся б на нагах, упаў, але раптоўна адчуў на сваіх плячах нечыя рукі, якія ўтрымалі яго. Ён хацеў павярнуцца да таго, хто быў ззаду, як рэзкі пякучы боль ніжэй грудзіны прымусіў імгненна скласціся ці не папалам. Паветра ў лёгкіх не стала, не было як дыхнуць і Віктар толькі адкрываў бязгучна рот, але не мог глытнуць, а без паветра боль разрываў усё ўнутры. Нарэшце ледзь-ледзь атрымалася, стала крышачку лягчэй. Віктар, аглушаны болем, ніяк не мог зразумець, што адбываецца.