Выбрать главу

Кволая выратавальная думка аб тым, што ўсё гэта — няўдалы жарт яго сяброў-аднакласнікаў, цеплілася яшчэ імгненне, пакуль незнаёмы сіпаты голас не загадаў:

— Стань, чмо... Да сцяны...

Віктар дрэнна бачыў, што адбываецца. Постаці, якія стаялі насупраць сонца, расплываліся. Яго таўханулі да сцяны, у цень, і ён пазнаў тых двух, што перагналі яго на сцяжынцы.

— Грошы давай... Хутка... — пачуў ён загад.

— Няма... — з адчаем выціснуў праз боль Віктар.

— Гы, а хто ў чарзе па бабкі стаяў? — пачуў Віктар, і адразу ж галава яго матлянулася ад удару.

Боль апёк скулу, у вачах мільганулі іскры, калі патыліцай ён выцяўся аб цагляную сцяну.

— Грошы! Хутка!

Віктара апанаваў жах. Першы раз у жыцці яго ўдарылі па твары. Яго ўвогуле ўдарылі па-сапраўднаму першы раз. Боль... Гэта было невыносна. Недзе далёка знікла ўсё: ён, Віктар, сын сваіх бацькоў, вядомы ў школе паэт, які мае сяброў, якога паважаюць, зніклі яго сябры, Мэры, мары пра кнігу, нумар часопіса з яго вершамі — усё знікла, стала далёкім і нерэальным. Раптоўна ён быў пазбаўлены ўсяго, ён стаў нікім і нічым. Яго білі гопнікі, іх цікавіла толькі адно — ягоныя грошы. Улада чужой, варожай сілы над сабой была аглушальнай, яна раструшчыла Віктара, пазбавіла здольнасці да супраціўлення, хоць да маленькага дзеяння. Страх новага фізічнага болю жалезнымі пальцамі сціскаў мозг: «Толькі б не білі больш... толькі б не білі...»

— Зараз... зараз... — пралепятаў Віктар, сунуў руку ў цесную заднюю кішэню джынсаў, а яна ніяк не лезла, і страх яшчэ мацней сціскаў халоднымі абцугамі — зараз удараць, у жывот удараць...

— Што вы там робіця, га?! — раздаўся нечаканы голас аднекуль збоку.

— Ідзі, баба, у нас свае справы, — ляніва кінуў нехта з рабаўнікоў.

— Якія ў вас справы тамака? А ну пусціце мне суседа! — нечакана залямантавала жанчына. — Сашка, чаго яны да цябе чапляюцца? Што ж гэта робіцца такое, сярод белага дня праходу няма! Гэй, мужчыны, хутчэй сюды! — павярнулася яна назад да сцяжынкі. — Міліцыю паклічце, вунь жа машына толькі ад прыпынку адыйшла, няхай сюды едзе! Хутчэй, хутчэй!

І нечакана ўся тройка кінулася бегчы ўглыб будоўлі, дзе стаялі розныя хлеўчукі, каробкі будучых будынкаў і высіліся гурбы зямлі.

Жанчына паспешліва падышла да Віктара. Ён пазнаў яе — тая самая...

— Што, грошы адабралі? Выклікай міліцыю, не ўцякуць! Выклікай, па мабільніку!

— Не паспелі адняць, — цераз сілу ўсміхнуўся Віктар. — Дык жа выклікалі міліцыю...

— Хто яе выклікаў? Няма ж нікога, — паціснула плячыма цётка. — От жа сволачы, я так і падумала, яшчэ ля фірмы прыкмеціла, што цікуюць... Моцна пабілі?

— Не, не моцна, — адказаў Віктар і апусціўся, прысеў — не мог больш стаяць на нагах.

Страх адпусціў — і слёзы нечакана прыснулі з яго вачэй. Яму не было сорамна перад гэтай незнаёмай жанчынай. Ён не ведаў прычыны сваіх слёз: былі то слёзы болю, ці слёзы сораму, а мо слёзы нянавісці і жальбы да сябе.

«Сволачы... сволачы... сволачы...», — праз усхліпы білася думка ў галаве, яго калаціла і трэсла.

Жанчына стаяла побач, хутка дастала насоўку з сумачкі, уклала яе ў руку Віктара. Не казала ні слова.

Нарэшце ён супакоіўся. Выцер твар, не ведаючы, што далей рабіць з насоўкай — яна была мокрая.

— Трымайся, хлопец, трымайся, — кранула яго жанчына за руку. — Пайшлі, зараз лягчэй будзе... От, няма халоднага нічога, твар прыпухне...

Стала лягчэй. Яны ішлі адны па сцяжынцы, нікога не было бачна ні спераду, ні ззаду.

— То ж і мне страшна было, — казала жанчына. — Ды баяцца баішся, а нешта ж трэба рабіць. Я адразу здагадалася, як цябе піхнулі за вугал. Бегла хутчэй... З гэтымі свалачамі трэба смялей быць, яны ж бы тыя сабакі, толькі зграяй моцныя. Як ты адзін, а іх многа...

— Дзякуй вам, — выціснуў нарэшце з сябе Віктар. — Толькі я не Сашка, не ваш сусед.

— Дык жа людзі мы. А як мы знаёмыя, дык разам. А яны баяцца нападаць на тых, хто разам, — патлумачыла жанчына і загаварыла пра сваё: — У мяне вунь дачка падрастае, 13 гадкоў. Так баюся за яе... Развялося гэтай швалі, няма і днём управы. Адпусціш — і сэрца не на месцы, пакуль у хату не прыйдзе...

Ужо заходзячы ў ванны пакой, Віктар ведаў, што твар распух, бо адно вока ў яго прыжмурылася. Глядзеў на сябе ў люстэрка і было балюча невыносна. Не ад пабітага твару. Ад таго, што быў такім слабым. Што яго раздушылі літаральна адным ударам. У яго ж і думкі не было супраціўляцца, ён баяўся, страшэнна баяўся, што яго зноў удараць. Болю баяўся... Як сорамна... Які ж ён чарвяк... Цётка, жанчына, а пайшла яму на дапамогу. Не ведала, што там адбываецца, можа, з нажамі тыя гопнікі... А ён ці б пайшоў, каб быў на яе месцы? Калі б яна першая ішла і яе вось так запіхнулі за вугал? Пайшоў бы? I ўспыхнуў у вачах той зняты эпізод рабавання.