Выбрать главу

«Сука я! — адчайна вылаяў сябе Віктар. — Тая дзяўчына клікала, а я здымаў кіно... Калі б выскачыў, калі б пабег з крыкам — яны б нічога ёй не зрабілі, уцяклі б!..»

Віктар у знямозе сеў на край ванны, падставіў галаву пад струмень вады. Халодная вада апякла скуру, але потым зрабілася лягчэй, адчай прайшоў, роспач мінула. I думкі сталі такімі ж халоднымі, дакладнымі, быццам нехта іншы ў галаве Віктара прамаўляў яму ўсё па-праўдзе, не чакаючы апраўданняў.

«Цябе ж толькі адзін раз ударылі, а што ты адчуў? Момант адзін толькі — а ты захлынуўся пачуццём страху, стаў нікчэмнасцю. Што твой боль? Што твой сіняк пад вокам? Яны пройдуць. Боль ужо прайшоў. А ў той дзяўчыны як! 3 яе здзекаваліся, яе растапталі як чалавека, як асобу, як жанчыну. А табе — кіно. Табе трафік трэба, каб роз­ныя ўроды пёрліся пасля такога роліка на порнасайты. А калі дзяўчына пабачыць сябе ў гэтым кіно? Калі знаёмыя пабачаць? Калі маці яе пабачыць? Чуеш, якая ты сволач?!»«Чую, — адказаў сам сабе Віктар, і слёзы зноў закапалі з вачэй. — Чую...» Ён раптоўна ўявіў, што на сайце ягоным з’явіўся чарговы ролік — як б’юць ужо ЯГО САМОГА тыя гопнікі, як ЁН курчыцца ў страху, як дрыжачымі рукамі паслужліва працягвае сваім рабаўнікам грошы. Як бы маці глядзела такое «кіно»?

А мацяркі ж глядзяць... Вунь адна пазнала сваю дачку... Мо была і тая, што пазнала свайго сына, якога збіваюць нагамі хаўруснікі? І той камент незразумелы: «Я абяцаю. Не, я клянуся!» — гэта ж сын той жанчыны пакінуў, з якой зэкі здзекуюцца. А можа, вучань той старой настаўніцы... Ці дачка таго п’янага мужыка, што ўсчыніў дэбош у сваёй кватэры...

Віктар быццам збоку глядзеў на самога сябе, глядзеў чужымі вачыма — мо вачыма таго чалавека, якога шукаў нядаўна ў думках, каб параіцца, пагаварыць... А быў жа такі чалавек!

Адно вока амаль заплыло, правая частка твару распухла. Віктар выцерся акуратна, бо было балюча, пайшоў у свой пакой і ўключыў камп’ютар.

Спакойна, без аніякага хвалявання, з неверагодным адчуваннем лёгкасці ад ўпэўненасці ў тым, што робіць адзіна правільнае, ён зайшоў у адмінку свайго сайта. Выдзеліў усе разам і сцёр ролікі. Абнуліў базу і выдаліў бэкапы. Праверыў — сайт пусты. Потым праз адмінку хостынга выдаліў усе файлы і папкі ўвогуле. Зноў праверыў — браўзер паказаў, што на сайце адсутнічае галоўны файл. Яшчэ раз усё пераправерыў — нічога не засталося.

Дастаў дыск з кнігі і паламаў яго на некалькі кавалкаў.

Зайшоў у аську, адправіў тэкст Аліку: «Пайшоў вон!»

Выдаліў з кантактаў Аліка. Выдаліў пошту, якую заказваў праз дамен порнасайта.

Усё. Нічога няма. Стоп, грошы... Засталіся грошы на кіперы...

Выдаліў кіпер. Сцёр ключы ад кіпера. У настройках браўзера сцёр усе запісаныя паролі. Ведаў, цяпер узнавіць правы на кашалёк практычна немагчыма.

Ну вось, усё. Больш нідзе ні аднаго знаку.

Цяпер можна ісці ў ванную, напоўніць яе і добра памыцца.

Зусім нечакана ўсплылі перад вачыма, успыхнулі вялікімі чорнымі літарамі словы:

...Але Вам не збегчы ад сваёй памяці. Яна будзе смярдзець заўсёдыі нічым яе не змыць, ніякім дэзадарантам не запырскаць...

Паліваў сябе гарачай, потым халоднай вадой, але вада ўсё адно заставалася для яго аднолькава цёплай. І толькі калі дрыжыкі пайшлі па ўсім целе, зразумеў — вада напраўду халодная.

Раптам нібыта стрэліла ў галаве, так, як лопаецца паветраны шарык недзе збоку, знянацку: аглушальна, аж да змярцвення.

«Ну і што?» — выстраліла пытанне. «Абяліўся? А дзяўчына?»

Паспяшаўся за камп’ютар, раскрыў сваю заархівіраваную папку з паролем.

Потым зайшоў на сайт абласнога упраўлення ўнутраных спраў, запісаў адрас электроннай пошты. Уключыў паштавік, занёс адрас упраўлення.

У «Тэме» пісьма напісаў: «Рабаванне дзяўчыны ў горадзе... Дзень таму. Арыгінал».

У самім пісьме дадаў: «Пры пакадравым праглядзе нумар матацыкла чытаецца добра».