Выбрать главу

жыццё плыве ў згодзе і ладзе.

Мне трэба, мне дужа трэба

сесці за стол бацькоўскі

і лустаю чорнага хлеба

прычасце зрабіць да спакою.

1966

БРАТ

Лепей давай памаўчым,

можа, абодва ўбачым:

п’юць ля калодзежа коні,

пысы ўзнімаюць —

                    падае з вуснаў вада.

А на высокім схіле

іх велізарныя цені.

Гэтак заходзіць сонца.

Бусел на даху.

Як дзень прамінулы.

Стаіць і глядзіць.

Адчынены насцеж вароты —

вяртайцеся ўсе дадому.

Крокі — як дождж —

усмакталіся ў глебу глыбока

і непрыкметнымі жыламі

ў студню прыбеглі.

Вады зачарпні для мяне.

Проста з вядра буду піць —

дзень быў нялёгкі.

Явар у цемры — як палец,

пагрозліва ўзняты.

Не бойся:

нам толькі здаецца,

што вечныя мы.

1967

СТАРАЯ АЗБУКА

Так робяць люльку,

Хлеб расчыняюць.

А так на хату

Лес высякаюць.

А так малоцяць.

Так круцяць жорны.

Так гасяць вапну.

Так паляць горны.

А так смяюцца.

А так галосяць.

Так ткуць палотны.

Так пояс носяць.

Так ладзяць сохі,

Гартуюць зброю.

I на вайну так

Ідуць гурбою.

Так, хто шчаслівы,

З вайны вяртае,

Так над магілай

Сасна ўздыхае.

1967

РЭХА

Яшчэ калі-небудзь

Выйду у лес пагукаць.

А-у!

Сам з сабою накрычуся

і насваруся:

А-у!

Бярозы і елкі

рознымі імёнамі назаву:

А-у!

Дамоў вярнуся

добры, такі, нібыта з царквы.

I ўзляціць на плячо маё

голуб ласкавы.

У руцэ прынясу я

кавалак калючага дроту.

Ці не ён гэта

прывязаў мяне да жыцця?

А-у!

1967

ВЕЧАР: АТАМНЫ СТРАХ

Дакладна не ведаю,

Колькі трацілу цяпер прыпадае

На кожнага з нас.

Хоць добра вядома, што столькі,

Колькі яго назапасілі недзе,

З лішкам хопіць

На кожнага з нас.

Я дома адзін.

Я сяджу.

I куру.

Вечарэе.

Не рана.

Час святло запаліць.

Невысока, каб зручна было,

Пры дзвярах невялічкая чорная кнопка.

Можа, смешна,

А я вось баюся, што выбухне раптам...

Смешна, бадай, сапраўды.

А што, калі выбухне?

Лепш пачакаю.

Хутка вернецца жонка.

Хутка прыйдзе са школы дачка.

I я, вярнуўшыся ў матрыярхат,

Магчыма, здалею хоць некалькі

                              тысячагоддзяў пражыць.

1967

УСМЕШКА НА ВУЛІЦЫ

Я доўга сачыў за адным чалавекам:

ён стаяў на рагу і ўсміхаўся.

Па вуліцы ехалі, людзі ішлі,

а ён, адзінокі, стаяў і ўсміхаўся.

Скажыце, ці ж гэта не дзіўна?

Стаяць сярод белага дня

і самому сабе усміхацца...

Я сачыў за паглядам ягоным.

Здаецца, нічога у ім не было.

У аблічча ўглядаўся,—

на стомлены

і непаголены твар.

Скажыце, ці ж гэта не дзіўна?