Выбрать главу

Калі запытаюць,

я, галаву пахіліўшы,

правай рукой прыкладуся

да грудзей тваіх.

Калі запытаюць.

1971

ШЫПШЫНА

I ад жыцця ўсяго застанецца

толькі адзін гэты момант,

калі ты ў зялёныя вочы

вечнасці будзеш глядзець.

I высахлая шыпшына

над стромай высокай і сопкай,

дзе ўкленчыў мой цень,

галаву пахіліўшы.

                           Даруйце,

даруйце, малю я, даруйце:

я болей нічога не бачу.

1969

НАТХНЕННЕ

(Санет)

Натхненне, як распяцце, кожны раз нанова

прыходзіць з горбам, цяжкім ды святым.

I, поўны праўды, шчырасці, любові,

прымаю гэты крыж, хоць падаю пад ім.

У радасці жыццё сваё аддаць гатовы

за птушак, за звяроў, за дрэвы, за людзей,

за сонца ў сіняве, за спраўджанне надзей,

за першае дзіцём прамоўленае слова.

Галгофа творчасці! Свяцейшая з пакут!

Пад цяжкай ношай валакуся ўпарта,

да яснай зоркі мой пагляд прыкут —

няўжо яна астыла, нібы трут,

няўжо яна крыжа і мук не варта

і ўжо дарэмны ўсе ахвяры тут?

1971

ІСНАВАННЕ

(Санет)

...І траве, і дрэву, й лёту птаха

шкоды я ніколі не зраблю.

Людзі, размнажайцеся без страху,

засяляйце шчодрую зямлю!

Безліч з’яў жыцця расце, як лава,

што плыве з расколатай гары.

Існавання вечнага праява,

непагасным полымем гары!

О Малох вялікі існавання!

Што даеш — бярэш другой рукой.

Знак, дзе сквапнасць дружыць з дабрынёй,

знак, дзе стоен выбух палымяны,

мы, хто рос і вырас нечакана,

хоць часова, а завём Сабой!

1972

СТРАЧАНЫ ЧАС

Страчаны час, невыразны твар,

што толькі на здымках захаваўся,—

рэчышчы рэк, па якіх вецер

цячэ прывольна, нібы вада,

часам здаецца,

што дрэвы ў яго парывах адбіваюцца,

як нашыя твары ў пажаўцелых здымках.

Страчаны час

і нашыя адбіткі ў табе —

нястрымная чарада аблок,

што беззваротна ціха

адплываюць за небасхіл!

Нахмураны вечнасці лес,

дзе блукаюць нашыя цені,

не пазнаючы адзін аднаго,

у пошуках агню забыцця,

у якім яны маглі б згарэць.

Незнаёмыя, бляклыя цені

(гэта іх ад нас адкалоў

хуткацечны імклівы век,

пакідаючы нас,

як рака старое рэчышча) —

дзе ўзыходзіць сонца, як урна

са страчаным часам,

з яго яшчэ цёплым попелам.

1971

ПАЛЁТ ПТУШКІ

Цяпер.

Па вячэрнім небе.

Над пушчай,

што на поўнач хвалямі адступае,—

птушка. Ляціць павольна

маленькая кропка.

Супраць ветру. Далёка.

На поўдзень...

                      і ўспомніў я

прывабную тваю блізкасць —

келіх, напоўнены

ласкай і летам, і цела палёт

па світальным небе

ўсё ўгору)

                — птушка,

чаму гэта час і лёс

супраць мяне?

Заўсёды

супраць мяне і цябе.

1975

ПАД ЗОРКАЙ ВЫСОКАЙ

Цяпер я ўжо ведаю, хто ты,

і моўчкі стаю

пад зоркай высокай,

дзе сціплая —