Выбрать главу

словы: поле, луг, дарога.

Так прыгожа з іх узнікла

слова роднае: Літва.

1974

КРАЯВІД

Крочыш каля Нёмна вод празрыстых,

з жытам падымаешся на ўзгорак,

з возерам струменіш,

падаеш з абрыву,

жыламі карэнняў

па пяску сыпучым

узбіраешся на бераг,

па далінах кветкі рассцілаеш,

апіраешся плячом аб пушчу,

каля лесу прабяжыш —

глядзіш мне ў вочы,

пачынаеш размаўляць са мною,

покуль цені доўгімі не стануць,

покуль бег ты свой не запаволіш,

фарбы не сальюцца ўсе ў адну,

не ўпадзе на чорную раллю,

спеваў поўная,

душа твая —

                   жаўрук.

1975

ЧАС

На схіле дня.

Над горадам.

Сёння.

Знянацку закрычалі журавы.

Мы ўздрыгнулі,

і чорны цень

прабег па нашых тварах.

Чаму так зашчымела сэрца?

Што слухалі апоўначы бяссонна?

Нічога не пачулі,

                          а ўсё роўна

падумалі:

ідзе.

I доўга не маглі суняць,

утаймаваць лямантаванне цела.

Намучанае, скрушнае,

                                  яно

ў акно світальнае глядзела

і, засынаючы,

яшчэ ўсё паўтарала:

прадоўжы... гэтую зямлю

і гэтую траву... прадоўжы

сонца... і раку, і дрэва...

дыханне гэтае...

прадоўжы!

1974

АПЛАКВАННЕ БРАТА

Што адтуль ты людзям прынясеш,

з той зямлі, куды ідзеш навек?

Лётаць будзе сэрца тваё дзе,

у якой птушынай чарадзе?

Да якой ты краскі палявой

прыхінешся сціплаю душой?

I жалеза ад прылад якіх

на руках пакіне след цяжкі?

I яшчэ якое ліха з ліх

для цябе на свеце тым знайшлі?

Быў ты ўмельцам спрытным між няўмек,

адпачні ж хоць сёння. I навек!

1974

***

Калі гаворым аб айчыне —

найпершае тым, хто загінуў, слова.

Дыханне іхняе распроствае нястомна

штандары нашы; рукі бласлаўляюць

і нашы клопаты, і нашы спадзяванні;

і вочы іхнія, бы зоркі, сочаць;

і гутарыць зямля іх плённай мовай:

птушыным граем і цвіценнем вішняў,

дзіцячым смехам, голасам жанчыны,

дзясніцай, што, прасцёршыся, трымае

наступную і гэтую айчыну.

Давайце гаварыць аб ёй праўдзіва,

каб, хто загінуў, мог нас разумець.

1975

***

Спакой тым, хто нічога не жадае.

Тым, хто смяецца,— сонца.

                                          Будзь свабодны,

каб дзеці і буслы цябе любілі.

Патайнасць каранёў і годнасць кроны —

такі твой воблік. Сярод нас жывеш,

гаворачы: ах людзі людзі людзі...

Так хораша гучыць гэта, што мы

спыніліся і, гледзячы ў нябёсы,

здзіўляліся: як сіне і высока!

Яшчэ не ведаю, ці мы знаёмы;

заўважыў толькі: вочы — не звяроў,

не кулакі і не каменне — рукі.

Так хораша было, што стала днець.

1975

***

Душа напоўнілася крыкам жураўлёў.

Зямля мая, балесная мая,—

Каменьчык мігатлівы між сузор’яў.

Адсутных блаславіць рука ўзнялася.

Так ціха — бы вярнуліся з пагоста