Выбрать главу

роднае мовы —

і знойдзеш мяне...

Яшчэ слова — цябе я ўбачу,

ціхую і чыстую, як нядзеля:

белы абрус на стале

з выцвілымі плямамі крыві.

Тут дзялілі хлеб.

Не пакінь мяне аднаго

у задумлівасці самотнай.

Дай неба,— прашу,—

каб шэраму каменю спяваць —

дай неба,

якога твой Нёман поўны.

Я ўжо ёсць, існую,

як камень, падкінуты ўгору,

каб спяваў пра цябе.

1975

ШЧАСЦЕ, ШТО МАЮ ЦЯБЕ

У святле звечарэлых нябёсаў

твой твар прыгажэе, радзіма.

Укленч і маўчы — хай табою

напоўніцца гэты абшар,

бо такая любоў. Цераз сэрца

струменіцца кроў і крычыць:

                                           радзіма,

лёсаў калыска, я мэты тваёй

шукаў, не знаходзіў —

гняздо жаўрука

ў разлогах палёў — ты!

Мне хораша так углядацца

у яблыню, ў квецені ўсю,

у дзіцёнка, што спіць,

у пагляд твой туманны.

Ды кветку шукаю,

што сходна з табою,

якая заўсёды захоўвае водар

маленства і вечара,

цёплага, соннага.

Так, шчасце, што маю цябе,

заўжды нада мной нахілёную.

Адсюль мае словы —

о, мае словы! Яны, як бінты,

прыліплі да ранаў тваіх.

1975

ГАВАРЫЛА

З казак словамі мамы:

было даўным-даўно;

маім голасам з песень:

ой ліля, ліля;

малаком з гладышоў гліняных,

крошкаю хлеба з абрусаў;

пошумам пралак

              і крыжыкамі вышывання

сэрцамі з-пад кашуляў;

слязьмі з вачэй,

у крыўдзе — косамі

гаварыла, гаварыла, гаварыла;

столькі стагоддзяў мінула,

пакуль я пачуў цябе, краю.

1976

***

Не адзінокі я.

Мова ёсць

са словамі для стрэчы

і развітання.

Не адзінокі я,

таму й гавару.

З вёсак і рэк,

гарадоў і азёраў

па імёнах пазнаны.

Ужо, нібы слоўнік,

на літары Л

я разгорнут.

Тут і імя тваё блішча.

Белая кветка

ўзнімаецца і гайдаецца.

У цемры

буду трымаць, нібы ліхтар,

тваё імя.

1976

РАНЫ

Нібы заклятую ваду

нясу —

увечары і ўрана

сцярожка, ціха абыду

твае затоеныя раны.

Услед лістоце — весні ліст.

Але нязменлівая вера.

Твае вароты нарасхліст,

і разнасцежаныя дзверы.

Між скрыжаванняў і шляхоў,

між розных моў,

у стромкіх лёсах

звініць твой голас:

хто пайшоў...

тым, хто пайшоў,— абсяг і посах.

Нанова зелянее гай.

Ды не загойваецца верад.

Хай дакрануцца — загадай!

Хай —

         дакрануўшыся —

                                  павераць!

1976

НЁМАН II

Ты дакрануўся

крылом да маіх вачэй —

і яны сталі бачыць:

сонца ў табе, наша сонца!

На беразе ягняткі,

на хвалях качаняткі,

каромысла на плячах.

Ты мой крык —

ад зямлі беларусаў

да прускай зямлі,