і адносіць, і адносіць —
о п’янлівы лёт ягоны, я і сам,
як ён, зялёны,
так бы лётаў,
так бы шастаў —
лёс зялёны, без кантрастаў,
лёт зялёны,
ўзлёт зялёны,
толькі ў полі за дарогай
нечаканай засцярогай
кропляй капае чырвонай
мак,
ды конніку
няўзнак...
1967
ЖНІВЕНЬ
Паглыбеўшыя ночы
пралятаюць без сноў.
Жнівень ласкава крочыць
між людзей, каласоў.
Над гумном ззяе неба,
поўня сее святло
круглым боханам хлеба
над заснулым сялом,
быццам сімвал таемны
той вясёлай пары,
калі бачыць прыемна
госця, сябра ў двары.
Калі спелай прыроды
кліча голас жывы,
калі шчасця прыгоды
будзіць лёс у крыві.
Калі смеласць з надзеяй
нараджаюцца зноў,
на касе палымнее
срэбра рос, а не кроў.
1968
НОЧ ЗДЗЯЙСНЕННЯЎ
Пайду зірну— ці ясны месяц, ці паўзмрочны,
а можа, ў небе поўня?
Даўно я чуў пагудку: гэткай ноччу
здзяйсненнямі свет поўны.
Я ўбачыў: ад мяне чакаюць травы й дрэвы
слоў новых і нязвыклых,
адзіных тых спрадвечных даўніх спеваў,
у вечным часе зніклых.
Стаяў нікчэмны я, разгублены і смешны,
самотны, як на сцэне,
згубіўшы словы ўсе свае ў тузе няўцешнай,
іх сэнс былы й адценні.
I я, як лук напяты, ўсёй душой і целам
не захацеў скарыцца
і голасна гукнуў тым дрэвам, травам спелым
адзінае: жывіце!
I ажыло усё, і дрэвы зашумелі
ад слоў маіх прарочых,
а я, як творца бог, ад цудаў тых змарнелы,
глядзеў сусвету ў вочы.
1966
ТУМАН НАД НЁМАНАМ
А ці ёсць ён за хваляй вірлівай,
бераг іншы, ці ўсё тут са мною,
дзе куляюцца сосны з абрыву,
ап’янеўшы быцця вышынёю?
Дзіўна гэтак дайсці да мяжы той,
аб якой і не марыў употай.
Так адчайна птах крыкнуў над жытам,
нібы страціў вышыннасць палёту.
Дык маўчы, маё сэрца, аціхні!
Ты стрываць яшчэ многае мусіш:
праз туманы ляцець і праз ліўні,
уздымацца і падаць у скрусе.
Далятае гудкоў сіплых рэха,
каля берага плешчацца лодка,
і каменне спускаецца ў рэку,
абціраючы золакам шчокі.
Нечакана, бы сонца, зайграе
кропля росная, ўпаўшы пад ногі.
Чалавека раптоўна спаткаеш —
здасца ён і вялікі й убогі.
Дык маўчы, маё сэрца, аціхні!
Ты стрываць яшчэ многае мусіш:
праз туманы ляцець і праз ліўні,
уздымацца і падаць у скрусе.
1966
ПАД АСЕННІМ СОНЦАМ
Як падачку, рукою з трымценнем
Горнем рэшткі святла, цяпла.
Пагасцім яшчэ ў сонцы асеннім,
Бо да кожнага шчырасць прыйшла.
Бо зімы ўжо мы чуем подых,
Бо ўжо сонца свеціць скупей.
Цень у кожнага з кожным годам
Шмат даўжэйшы, як быў раней.
Бо згубіць у жыцці чалавека,
Як і сонца ў небе згубіць.
1966
ПРЫВІД
Так не часта, на жаль, ах, не часта,
толькі ў міг, калі добры бываю,
за хацінаю роднаю бачу
ў звоне птушак
і ў квецені сад.
На парозе,
стаптаным парозе,
сядзіць маці, прычэсвае пасмы,