Выбрать главу

       напяваючы, як заклінанне,

       нечуваную песню-малітву:

— СІВЫ ВОЛАС — ЖАЎРАНКУ,

ЧОРНЫ ВОЛАС — ЛАСТАЎЦЫ,

А РУСЯВЫЯ КОСКІ

Ў КАЛЫСКУ — СЫНОЧКУ...

       Валаскі, што апалі, збірае

       ды пускае з далоні на вецер,

       каб у птушак маленькіх было

       з чаго віці сабе гняздзечкі.

А за спінаю дзверы — правалам,

і халодныя сенцы — магілай.

Узнімаецца цяжка матуля

і знікае — у чорным правале.

       За хацінаю сад абгарэлы

       ў чорнай квецені кожную весну.

       Ах, з чаго цяпер птушка малая

       будзе віці сабе гняздзечка?

1966

АНТОНАЎКІ

Пах і смак іх на губах не стыне,

яшчэ помняць рукі важкасць плоду.

Як быкі сівыя у лагчыне,

туманы пасуцца каля броду.

Ды імжа ляжыць на прыгуменні

белым папярэджаннем аб сцюжах.

Застаецца толькі, як імгненне,

успамін аб леце, сонцы, ружах.

Сок слязой бурштынавай халодзіць

зубы, што грызуць той плод салодкі.

Так каханне наша на зыходзе,

хоць яно й было такім кароткім.

Але вочы з жалем паглядаюць

У той бок, адкуль няма вяртання.

Ці то снег дарогу засцілае,

ці то мы ссівелі нечакана?

Сонечны той смак яшчэ нам сніцца,

адчуваюць рукі важкасць плоду.

Толькі мары той не паўтарыцца,

не вярнуць нязбытную нагоду.

1966

ЦІШЫНЯ

I я буду маўчаць.

Добра ісці з маўклівымі рэкамі.

Чуць шорах у цішыні.

Мо думкі?

Мо рыбы?

I рыбы і думкі нямыя?

1967

ЗІМА МАЙГО БАЦЬКІ

З дрэў, што некалі садзіў мой бацька,

Птушкі ўсе даўно паадляталі.

I на чорныя галіны іх

Толькі ўзімку зоры ападаюць.

Вось ляжаць усе яго прылады:

Барана, саха, каса і рукі,

Быццам бы няма куды пайсці,

Быццам бы няма чаму дзівіцца.

I жыццёвыя яго падзеі

Неадназначнымі засталіся —

Хто абраміць жыта ці ваду,

Хто апіша ці вясну, ці лета?

Калі добра ўслухацца, дык ноччу

Чутна, як у хлевушку за хатай

Глыбака, пакутліва ўздыхае

Верная, старэнькая рагуля.

Гэта ўсё трывожыць маю думку.

1966

ЛОСЬ

Каля крыніцы свежыя сляды,

Абгрызеныя парасткі ракіты,

Дрыжаць ад пахаў трапяткія ноздры,

I музыка сугуччаў — у вушах.

А потым на яго ссівелай шкуры

Разыдзецца скрываўленая пляма,

Уткнуцца ноздры у пясок настылы,

I згаснуць промні сонечных рагоў.

Ён мне на сконе не аддаў нічога:

Ні пахаў, ні сугуччаў, ні пачуццяў,

Якімі ён быў повен і багаты,

I засталося ўсё ў дрымучым лесе.

Здавалася —

Мяне ён перамог.

Змачыце палец у крыві гарачай,

Каб перакрэсліць каінавым знакам

Мой дужы лоб,— няхай убачыць кожны,

Што я такі звычайны, як і ўсе.

I я пайшоў з лясных зялёных нетраў,

Нібы ў астрог,

Суровы, адзінокі,

Асуджаны сабою пажыццёва.

1967

ПАМІРАЕ РАКА

Няма асноўнага пытання

Цячэ адкуль, цячэ куды.

I берагі даўно замоўклі

Ад жуды.

У глей хвастамі

Рыбы б’юць і б’юць.

Знікаюць рыбы,

Птушкі не пяюць.