Выбрать главу

ТЭЗЕЙ

Мае харты спартанскага заводу: Масць — што пясок, нібы нажніцы — морды; Вушамі росы раніцой змятаюць; Кручкастаногія; падгруддзе ў іх вісіць, Нібы ў быкоў фясальскіх; хай не порстка Яны бягуць, затое галасы, Нібы званы, суладныя. Такому Сабачаму аркестру аніхто Дагэтуль не трубіў і не цюгакаў Ні ў Спарце, ні ў Фясаліі. Аднак Упэўнішся сама! Што тут за німфы?!.

ЭГЕЙ

Мой валадар! Дачка мая тут спіць. А вунь Лізандр, а той другі — Дзяметрый. А вось дачка Нядарава — Алена. Цікава ўсё-ткі, што яны тут робяць?

ТЭЗЕЙ

Абрады святаянскія, відаць, Яны спаўнялі, а калі пачулі, Што будзе гон, чакаць тут засталіся. Аднак, Эгей, ці не сягоння мусіць Нам Гермія сказаць пра выбар свой?

ЭГЕЙ

Сягоння, валадар!

ТЭЗЕЙ

                           Няхай затрубяць, Каб разбудзіць іх, рогі паляўнічых. Гучаць паляўнічыя рогі.

ДЗЯМЕТРЬІЙ, ЛІЗАНДР, ГЕРМІЯ і АЛЕНА прахапляюцца.

Ну, прывітанне! Валянцінаў дзень Даўно прайшоў, аднак лясныя пташкі Яго цяпер, па ўсім відаць, святкуюць.

ЛІЗАНДР

Даруйце, валадар!

Усе апускаюцца на калені.

ТЭЗЕЙ

                         Прашу: устаньце. Я ведаю, абодва вы былі Зацятыя супернікі ў каханні. Адкуль жа згода гэтая ўзялася, Што спіць адна нянавісць ля другой I не трымае аніякай зброі?

ЛІЗАНДР

Адказ мой будзе цьмяны, валадар,— Між яваю і сном. Ды я таксама Не ведаю, чаму тут апынуўся. Але здаецца...— прагну прыгадаць Я праўду ўсю...— было ўсё так, вядома: Мы з Герміяй сюды ўцяклі ўначы, Намерыўшыся з ёй шукаць прытулку Ад грознага афінскага закону.

ЭГЕЙ

О досыць з вас, о досыць! Валадар, Хай прад законам галавой адкажуць! Яны тайком задумалі ўцячы І ўкрасці ў нас, Дзяметрый, як зладзеі,— Ў цябе дык жонку, а ў мяне дык права Бацькоўскае аддаць табе дачку.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Мой валадар! Алена мне адкрыла Задуму ўцёкаў іхніх, і тады, Лютуючы, я ўслед пайшоў за імі, Кахаючы — Алена ўслед за мной. Не ведаю, чаму так адбылося, Але чамусьці ўсё маё каханне Да Герміі растала тут, як снег. Цяпер яно мне цацкаю здаецца, Якой, калі малы быў, захапляўся. Цяпер жа змест і скарб маёй душы, Вачэй маіх святло і асалода — Алена. Я заручаны быў з ёй, Калі яшчэ пра Гермію не ведаў. Як у хваробе пагарджаюць ежай, Я гэтаксама пагарджаў Аленай. Вярнулася здароўе — смак вярнуўся. Яе кахаю і яе хачу, I буду ёй усё жыццё адданы.

ТЭЗЕЙ

У добры час мы стрэліся, сябры, Раскажаце пра ўсё мне падрабязна. Змяніць, Эгей, ты мусіш сваю волю. Ў бажніцы неўзабаве разам з намі Яшчэ дзве пары злучацца навек. Аднак світанак зблякнуў — і таму Мы адкладзём на потым паляванне. Хутчэй жа ўсе ў Афіны! Нас тры пары, I нам зазвоняць тры вяселлі ў чары. Хадзем жа, Іпаліта!

ТЭЗЕЙ, ІПАЛІТА, ЭГЕЙ і СВІТА выходзяць.

ДЗЯМЕТРЫЙ

Мне ўсё здаецца невыразным, быццам У хмары перайначыліся горы.

ГЕРМІЯ

Ну, а ў маіх вачах усё дваіцца, Бы кожнае з іх бачыць паасобку.

АЛЕНА

Ў маіх таксама. Для мяне Дзяметрый Нібы рубель, які знайшла я раптам: Ён — мой, і — не...

ДЗЯМЕТРЫЙ

                               Ці вы перакананы, Што мы прачнуліся? Мне дык здаецца, Што мы ўсё спім і снім. Няўжо папраўдзе Тут герцаг быў і клікаў нас з сабой?