Выбрать главу
                          Што ж, I мы яе пабачым.

ФІЛАСТРАТ

Вашамосць, Яна не варта вас; я слухаў п’есу,— Лухта ўсё гэта, глупства. Вас, вядома, Забавіць можа іхняя задума, Яны над ёю рупіліся шчыра, Каб дагадзіць вам.

ТЭЗЕЙ

                             Мы пабачым п’есу. Не можа быць занадта кепскім тое, Што ахвяруюць нам ад шчырых сэрцаў. Схадзі па іх. Займайце месцы, дамы.

ФІЛАСТРАТ выходзіць.

ІПАЛІТА

Мне прыкра бачыць, як марнее немач, А шчырасць выстаўляецца на смех.

ТЭЗЕЙ

Каханая, ты гэтага не ўбачыш.

ІПАЛІТА

Ён кажа, што ўсё гэта абы-што.

ТЭЗЕЙ

А мы ім скажам дзякуй за іх клопат. Мы прымем іх памылкі, як сюрпрызы. А іхнія бяссільныя вымогі Высакародства наша ўзнагародзіць. Не раз мяне, дзе быў я, красамоўцы Вітаць хацелі пышнаю прамовай. Здаралася, аднак,— яны ў спалоху Збіваліся раптоўна з панталыку І словы не маглі звязаць у сказы I авалодаць голасам сваім. Збляднелыя, яны змаўкалі ўрэшце, Пакінуўшы мяне без прывітання. Але, павер, я ў тым зняменні іхнім Чуў прывітання непадробны голас, А іхняя нясмеласць мне казала Больш, чым брахня крыўляк-балбатуноў. Такая рыса ў пачуцця жывога: Казаць няшмат, затое значыць многа.

Уваходзіць ФІЛАСТРАТ.

ФІЛАСТРАТ

Пралог ужо гатовы, вашамосць, Каб распачаць спектакль.

ТЭЗЕЙ

Хай пачынае.

Гучаць трубы.

Уваходзіць ХВІГА ў ролі ПРАЛОГА.

ПРАЛОГ

У чым наш план? Вярэдзіць вам рабро. Мы не пасмелі б, нават стаўшы зверам, Вам паказаць нутра свайго дабро. Вось нашыя сапраўдныя намеры. Мы не шкадуем рупнасці сваёй. Каб нашы ўчынкі прычынілі шкоду. Я лепей бы расстаўся з галавой. Калі б яна дала на тое згоду. I вось цяпер мы вам згуляем смела, Каб стала разуменне зразумелым.

ТЭЗЕЙ

Гэты рызыкант не надта зважае на знакі прыпынку.

ЛІЗАНДР

Ён выехаў на сваім пралозе, як на неаб’езджаным жарабцы: сядзець можа, але спыніцца, дзе трэба, не можа. Адсюль выснова: усякая галава мае свой язык, але не ўсякі язык — сваю галаву.

ІПАЛІТА

Ён сыграў свой пралог, як дзіцёнак іграе на флейце: гук быў, але бракавала ладу.

ТЭЗЕЙ

Яго прамова была, як заблытаны ланцуг: усё ў ім цэлае, але ўсё не на месцы. А што цяпер узычаць нам абраннікі Мельпамены?

Уваходзяць ПІРАМ, ФІСБА, МЕСЯЦОВАЕ СВЯТЛО і ЛЕЎ.

ПРАЛОГ

Шаноўныя, вам нешта тут няўцям? Хвіліначку — і будзе ўсё чын чынам. Вось гэты пан аздобісты — Пірам, А гэта Фісба — мілая дзяўчына. Абпэцканы тынкоўкаю — Сцяна, Што падзяляла злосна іх сабою. Праз шчыліну малую (вось яна!), Гаротнікі, шапталіся абое. А гэта — Месяцовае Святло З сабакам, ліхтаром, кустом пахілым. Каханкі, калі поцемна было, Збягаліся да Нінавай магілы. А гэты звер, які завецца Леў, Прыкмеціў Фісбу, што ішла на стрэчу, I так яе спужаў (і як ён смеў!), Што плашч губляюць Фісбіныя плечы. Леў да яго: хапае плашч прапашчы I рве яго сваёй крывавай пашчай. Ажно Пірам з’яўляецца якраз I бачыць мёртвы плашч, што роспач будзіць. Выцягвае Пірам свой меч і — ррраз! — Устрыквае ў свае жывыя грудзі. Тут Фісба: ах, Пірама ўжо няма,— Бярэ той меч і колецца сама. Астатняе пакажуць вам у тварах Сцяна, Леў, Месяц і каханкаў пара.

ПРАЛОГ, ПІРАМ, ФІСБА, ЛЕЎ І МЕСЯЦОВАЕ СВЯТЛО выходзяць.

ТЭЗЕЙ

Цікава, ці загаворыць і Леў?

ДЗЯМЕТРЫЙ

У гэтым не будзе нічога дзіўнага: там, дзе размаўляе гэтулькі аслоў, чаму б не загаварыць і льву?