Выбрать главу

ВІЁЛА

Пярсцёнак я ўручыў, вяртаць не трэба.

МАЛЬВОЛЬЁ

Прабачце, сіньёр. Вы свой падарунак не ўручылі ёй, а са злосцю шпурнулі, і графіня пажадала, каб такім жа чынам ён і быў вернуты. Калі вы лічыце, што гэты пярсцёнак варты таго, каб па яго нагнуцца ды падняць,— вунь ён пакаціўся да вашых ног. Калі ж не, то няхай ён будзе здабычай таго, хто яго знойдзе. (Выходзіць.)

ВІЁЛА

Што значыць гэта ўсё? Пярсцёнка ёй Не пакідала я. Няўжо фартуна Яе зачаравала мной? Магчыма. I сапраўды, з якім замілаваннем Глядзела, аж здавалася, што позірк Не тое кажа, што язык. Часамі ж I ў роспытах яе мне заўважаўся Той разнабой між пачуццём і словам, Калі ўкахаешся. Няма сумнення — Сват герцага сабе яе сасватаў! А гэты грубы пасланец з пярсцёнкам — Праверка, хітрасць — клюне ці не клюне. Ніякага пярсцёнка гаспадар мой Не пасылаў. О, тут віноўнік я! Што ж, калі так, то лепш бы беднай ёй У мару закахацца. Тут віною — Касцюм, касцюм! Пад ім, як пад эгідай, Нярэдка дзейнічае хітры вораг. Прыгожы хлус без цяжкасці пакіне Ў жаночым мяккім сэрцы свой адбітак. Такі, на жаль, наш род, і вінаваты Не самі мы, а наша мяккацеласць. Якім ён створан з цела і без грэху, Такім ён быў і ёсць,— кажу без смеху. Дык як жа быць? Яе кахае герцаг, Я, бедны монстр,— яго, яна — мяне, Зусім не распазнаўшы, хто і што я. Што ж выйдзе? Калі я ў вачах у графа — Мужчына, значыць, для яго пачуццяў Няма падстаў, а калі я жанчына — Алівіі хоць плач. О, сум і сплін: Як ні прыкінеш, а выходзіць — клін! Ну, час, цяпер усё ў тваіх руках: Тут вузел мёртвы — мне не па зубах!

(Выходзіць.)

СЦЭНА III

Дом Алівіі.

Уваходзяць сэр ТОБІ і сэр ЭНДРУ.

СЭР ТОБІ

Праходзь, сэр Эндру, смялей. Не быць у пасцелі пасля поўначы — значыць устаць ні свет ні зара; а «diliculo sergere — хто рана ўстае...». Канец ты ведаеш сам.

СЭР ЭНДРУ

Не, дальбог, не ведаю. Я толькі ведаю, што быць на нагах у позні час — значыць быць на нагах у позні час.

СЭР ТОБІ

Памылковае заключэнне, а гэта я ненавіджу, як парожнюю кварту. Быць на нагах за поўнач, а пасля класціся спаць — гэта рана; так што класціся спаць пасля поўначы — значыць класціся спаць рана. Жыццё наша, як сцвярджае навука, складаецца з чатырох элементаў — зямлі, паветра, агню і вады. Як ты думаеш?

СЭР ЭНДРУ

Навука сцвярджае так, а па-мойму яно хутчэй складаецца з ядзення і піцця.

СЭР ТОБІ

Ты мудры, як сава. Пагэтаму давай будзем есці і піць. Гэй, Марыяна, гладыш віна!

Уваходзіць БЛАЗЕН.

СЭР ЭНДРУ

Вось і дурань, дальбог!

БЛАЗЕН

Як вы тут, сардэчныя мае? Глядзелі калі-небудзь на шыльду «Нас трое»? Ну,— на тую, на якой дзве асліныя морды, а трэці — разявака перад шыльдай?

СЭР ТОБІ

Пазіраем на цябе, асёл. Падсуседжвайся. Зацягнем застольную.

СЭР ЭНДРУ

Гатоў пабажыцца, у дурня адмысловы галасок. Я не пашкадаваў бы кашалька, каб мець і такую ножку, як у яго, і такі чароўны галасок. Сапраўды, ты ўчора вечарам быў проста беспадобны ў сваім блазнаванні, калі «марозіў» пра караван Піграграмітуса і вапіянцах на нейкім Квеўбускім экватары. Гэта была сапраўдная ўмора, дальбог! Я паслаў табе шэсць пенсаў для тваёй сяброўкі. Ты атрымаў іх?

БЛАЗЕН

Я прыкараваніў ваш «брызенцік». А як жа інакш? У Мальвольё нос на траіх рос — пранюхае за вярсту; у маёй дарагушкі ручкі — заграбушкі, а мы з вамі мірмідонцы-салдаты, а не магнаты.

СЭР ЭНДРУ

Надзвычайна! З усіх тваіх блазнаванняў гэта адно з найлепшых. Давай — песню.

СЭР ТОБІ

Давай, давай! Вось табе шэсць пенсаў, зацягвай песню.

СЭР ЭНДРУ

I ад мяне на чай таксама. Калі ўжо сэр Тобі дае, дык...

БЛАЗЕН

Дык вам і бог даў. Вы якую ж песню хацелі б: любоўную ці павучальную?

СЭР ТОБІ

Любоўную, любоўную.

СЭР ЭНДРУ

О, о, толькі такую. Мне павучэнняў не трэба.

БЛАЗЕН

(спявае)

Ночка чорная, як сажа, Пастаю, мо песня скажа,         Дзе каханай след. Бегаць нечага далёка, На спатканне выйсці лёгка:         Маладзён — не дзед.