Калі не дастанецца, можаце мне ні ў чым не верыць, і як вы сабе хочаце.
СЭР ТОБІ
Пайшлі, пайшлі. Я згатую жжонку, і апахмелімся. Класціся спаць цяпер ужо позна. Рушылі, рыцар, рушылі.
Выходзяць.
СЦЭНА IV
Палац Герцага.
Уваходзяць ГЕРЦАГ, ВІЁЛА, КУРЫЁ і іншыя.
ГЕРЦАГ
Зайграйце! — Добрай раніцы, сябры!
Пачніце з песні,— з той, якую тут
Учора ўвечары вы нам спявалі,—
Са старадаўняй, прастадушнай песні.
Я ёй адвёў душу, здаецца, больш,
Чым пустазвонствам лёгенькіх мелодый
I пісаных прамоў, на што так здатны
Наш мітуслівы час. Ну, паспявайце
Хоць бы адзін куплет.
КУРЫЁ
Выбачайце, ваша светласць, але сярод нас цяпер няма таго, хто б мог спець яе.
ГЕРЦАГ
А хто ж гэта быў?
КУРЫЁ
Фэста, пацешнік Фэста, ваша светласць; той самы блазен, які так падабаўся некалі бацьку сіньёрыны Алівіі. Ён павінен быць недзе тут, у пакоях.
ГЕРЦАГ
Пашукайце яго, а пакуль што сыграйце мне маю любімую мелодыю.
КУРЫЁ выходзіць. Іграе музыка.
Хадзі сюды, мой хлопчык. Прыйдзе час,
Сам пакахаеш; вось тады і ўспомні
Пра нас у слодычы сваёй пакуты.
Усе, хто закахаўся, як і я,
Непастаянныя ў сваіх парывах,
I толькі мілы вобраз іх каханай
Нязменным застаецца ў іх душы.
Ну, як вам музыка?
ВІЁЛА
О, я сказаў бы,
Што водгулле яе ляціць да трона,
Дзе каралеваю — само каханне.
ГЕРЦАГ
Жыццём гатовы клясціся, адказ
Майстэрскі. Ты хоць малады, а позірк,
Напэўна, ўжо спыняў на тым, што вабіць
I сэрца, і душу? Адказвай, хлопчык,
Так ці не так?
ВІЁЛА
Бывала, ваша міласць.
ГЕРЦАГ
Што гэта за яна?
ВІЁЛА
Як вы, на выгляд.
ГЕРЦАГ
Як я? Тады яна цябе не варта.
А ўзрост яе? Яна ў гадах?
ВІЁЛА
Як вы.
ГЕРЦАГ
Уга! Клянуся небам,— перастарка.
Звычайна муж павінен быць старэйшы
За жонку — вось і будзе раўнавага
Між ім і ёй. Ды і самой жа жонцы
Лягчэй такога чараваць, каб ім жа
I кіраваць. Хоць мы сябе і хвалім,
А мы ў каханні ветранікі, мілы,
Як матылёчкі,— з кветачкі на кветку.
Ды і трываласцю, сказаць па праўдзе,
Мы не раўня жанчынам.
ВІЁЛА
Ваша праўда.
ГЕРЦАГ
Няхай твая абранніца, якую
Ты пакахаеш, будзе маладзейшай,
Чым ты, бо ў іншым выпадку спасцігне
Бяда: яе халодная ўзаемнасць
Не зможа задаволіць вашу палкасць.
Жанчыны, як і ружа: не паспела
Бутон раскрыць, як тут жа і — апала.
ВІЁЛА
Так абдарыў іх лёс няўдзячны кпліва:
У росквіце ж і адцвітаць. Жахліва!
Вяртаецца КУРЫЁ з БЛАЗНЕМ.
ГЕРЦАГ
А вось і ты, спявак. Мо паспяваеш
Нам тую песню, што спяваў учора? —
Цэзарыё, паслухай, тут душа
Паэзіі ў самім напеве песні,
Наіўная да смешнага нявіннасць
I праўда разам з тым. Яе звычайна,
На сонцы прымасціўшыся дзе-небудзь,
Спяваюць рукадзельніцы. Давайце!
БЛАЗЕН
(спявае)
Ты прыйдзі, мая смерць, прыйдзі.
Я стаміўся ў каханні, няшчасны.
Бессардэчная, паглядзі —
Праз цябе паміраю заўчасна.
Пакладзіце ў маю труну
Хоць галінку любімай алівы.
Я да сэрца яе прыгарну
Ў адзіноцтве сваім тужліва.
Хай ні руж, ні вянкоў з дзеразы
Не прыносяць — хай бог бароніць!
Бо ніхто ж аніводнай слязы
На магілу маю не ўроніць.
Хай яна зарастае тугім
Быльнягом, палыном з куколем,
Каб табе, бессардэчнай, з другім
Не садзіцца на ёй ніколі.
ГЕРЦАГ