Выбрать главу

Вось — за старанне. (Дае Блазну манету.)

БЛАЗЕН

Якое ж тут старанне? Для мяне, гаспадар, спяваць — адна асалода.

ГЕРЦАГ

Тады хай гэта будзе за асалоду.

БЛАЗЕН

Сказана дакладна. За асалоду, гаспадарок, даводзіцца расплачвацца ўранні ці пазней.

ГЕРЦАГ

Даруй мне мае дары — і ў дарогу!

БЛАЗЕН

Хай засцерагае цябе бог меланхоліі ў тваёй меланхоліі, а кравец пашые табе камзол і штонікі з пералівістай парчы, бо і душа ў цябе непастаянная і пералівістая, як бляск апалу. Я б такіх адпраўляў у мора, каб ім там і гайдацца: то туды, то сюды. I было б для іх там вясёленькае падарожжа. Будзьце здаровенькі!

(Выходзіць.)

ГЕРЦАГ

Пакіньце нас і вы.

КУРЫЁ і СЛУГІ выходзяць.

                         А ты, мой хлопчык, Яшчэ раз будзь гатовы з даручэннем Наведаць тую каменную жорсткасць. Маё каханне — скажаш ёй — вышэй, Мацней і гарачэй за ўсё на свеце. Мяне не спакушаюць — растлумач ёй — Ні плошча земляў у пасаг, ні тое, Што ёй, шчаслівіцы, сама прырода Ўдзяліла шчодра,— гэта мне ўсё роўна, Як і ўсё роўна шчасце. Дасканаласць Красы з характарам яе — вось цуд, Якім мой дух палоніць іхні кут I вабіць да яе — у тым прычына.

ВІЁЛА

Але ж, калі ўзаемнасцю дзяўчына Не можа адказаць?

ГЕРЦАГ

                                    Такі адказ Я не прыму: для графа ён не ветлы.

ВІЁЛА

А вы прыняць павінны, ваша светласць. Дапусцім, што якаясьці жанчына Кахае вас, душу па вас раняе, Як вы па той Алівіі, тым часам Вы раўнадушны да яе і нават Сказалі ёй аб тым. Яна ж павінна Прыняць адказ ці не? Ну, як,нармальна?

ГЕРЦАГ

О неба! Хлопчык мой, недапушчальна, Каб кволы стан жанчыны мог стрываць Такі напор страсцей, як тут, у сэрцы, А ў ім — вулкан пачуццяў. Іх каханне — Не бунт крыві, а апетыт, патрэба, І варта толькі задаволіць голад, Як у жанчын адразу ж наступае Апатыя і грэблівасць ад сыці. Маё каханне — гэта голад мора, Яно няўтольнае, і параўнання Між тым, як я Алівію кахаю, I тым, як быў бы я другой каханы, Няма, не можа быць!

ВІЁЛА

I ўсё ж я знаю...

ГЕРЦАГ

Ты знаеш — што?

ВІЁЛА

                             А тое, як кахаюць Жанчыны. Вернасць іх жаночых сэрцаў Такая ж, як і ў нас. У майго бацькі Была дачка. Яна кахала так, Што, выпадкам, калі б я быў дзяўчынай, То пакахаў бы вас не менш аддана.

ГЕРЦАГ

Цікавая гісторыя, расказвай!

ВІЁЛА

Цікавая, ды сумная: пачуцці Яна таіла моўчкі. Так да часу Бутоны тояць вусень. Жар кахання Паліў яе знутры, і паступова Згасаў румянец шчок. Яна ў маркоце Пазелянела, зжоўкла і застыла, Як статуя Пакорнасць над магілай, I ўсё ўсміхалася. Ці ж гэты прыклад Не лепшы доказ шчырасці кахання? Мужчыны — мы падатлівы на клятвы, На абяцанні. Словы ж — мітусня, А капанеш глыбей — адна хлусня.

ГЕРЦАГ

Я слухаю, а сэрца ў заміранні: Што ж, бедная, й памерла праз каханне.

ВІЁЛА

З сыноў і дочак я адзін застаўся, Хоць, можа быць... Дык мне ісці яшчэ Да вашай мілай?

ГЕРЦАГ

                             Так, ідзі, хутчэй Спяшы, аддай дарунак. Да спаткання! Скажы — не адступлю ў сваім каханні!

Выходзяць.

СЦЭНА V

Сад Алівіі.

Уваходзяць сэр ТОБІ, сэр ЭНДРУ і ФАБІЯН.

СЭР ТОБІ

Смялей — за мной, сіньёр Фабіян.

ФАБІЯН

Іду, а як жа. Калі я прапушчу хоць крупінку такой пацехі, дык няхай мяне на смерць абварыць панурая меланхолія.

СЭР ТОБІ

Не дзіва. Хіба ж ты не быў бы рады пабачыць публічнае пасмешышча з таго скупога нягодніка і падбрэхіча?