ФАБІЯН
Я пусціўся б у скокі з такой радасці. Ведаеце, гэта ж ён наклікаў на мяне няміласць гаспадыні дома з-за адной тут мядзведжай аблавы.
СЭР ТОБІ
Каб яго раззлаваць, мы на яго напусцім мядзведзя яшчэ раз і разыграем абармота і ў пяць, і ў дзесяць. Як вы думаеце, сэр Эндру?
СЭР ЭНДРУ
Калі не разыграем яго ў Марыіны карты, то і самі мы нічога не варты.
СЭР ТОБІ
А вось і наша маленькая ашуканка.
Уваходзіць МАРЫЯ.
Жамчужыне індыйскай — прывітанне!
МАРЫЯ
Усё зубаскаліце? Схавайцеся ўсе ўтрох вунь за той куст. Мальвольё ідзе па алейцы. Ён там на сонцы больш паўгадзіны навучаў высакародным манерам свой цень. Пасачыце за ім дзеля пацехі, калі любіце пацяшацца. Я ўпэўнена, што пісьмо, якое я тут падкіну, зробіць з яго летуценнага ідыёта. Хавайцеся ж хутчэй, каб не сапсаваць гульні. А ты паляжы тут (упускае пісьмо з рук на траву), бо сюды падплывае рыбіна, якая клюе толькі на жыўца. (Выходзіць.)
Уваходзіць МАЛЬВОЛЬЁ.
МАЛЬВОЛЬЁ
Гэта толькі шчаслівы выпадак, шчаслівы выпадак — і не больш. Марыя неяк намякнула мне, што мілэдзі Алівія любіць мяне, а аднойчы я і сам падслухаў, як яна гаварыла, што калі б і палюбіла каго-небудзь, то толькі чалавека, падобнага на мяне. Што ж да яе сімпатый, то да мяне яна ставіцца з такой узнёслай павагай, як, здаецца, да нікога іншага са сваіх прыдворных. Які я з гэтага мушу зрабіць вывад, га?
СЭР ТОБІ
Які самаўпэўнены нягоднік!
ФАБІЯН
Цішэй вы! Самааналіз гэтага паўгалоўка ператварае яго ў надзьмутага індыка. Бач, як пыжыцца, натапырыўшы пер’е!
СЭР ЭНДРУ
Дальбог, у мяне свярбіць рука — заляпіць гэтаму лізуну аплявуху.
СЭР ТОБІ
Маўчы, кажу!
МАЛЬВОЛЬЁ
А чаму б і не стаць графам Мальвольё!
СЭР ТОБІ
Ах, падваротнік!
СЭР ЭНДРУ
Стральніце, стральніце ў яго з пісталета.
СЭР ТОБІ
Чакай, цярпі!
МАЛЬВОЛЬЁ
А што? — прыклады ёсць: графіня Стрэчы выйшла замуж за свайго камер-лёкая.
СЭР ТОБІ
Каб ты спрах, Езавель у панталонах!
ФАБІЯН
Цішэй, сіньёры! Ён у экстазе. Гляньце, гляньце, зараз лопне ад фанабэрыі!
МАЛЬВОЛЬЁ
Уяўляю: прайшло тры месяцы, як я ажаніўся з ёю. Сяджу сабе ў крэсле...
СЭР ТОБІ
О божа, хоць бы была пад рукой якая прашча, каб запусціць гэтаму ўроду каменем у вока!
МАЛЬВОЛЬЁ
...навокал стаяць мае слугі. На мне расшыты золатам аксамітны халат — толькі ж, толькі падняўся з сафы, на якой пакінуў яшчэ сонную Алівію.
СЭР ТОБІ
Зямля і неба!
ФАБІЯН
Цярпенне, сэр Тобі, цярпенне!
МАЛЬВОЛЬЁ
...Галоўнае — самавітасць у паводзінах: уладна глянуць на прысутных і даць ім зразумець, што я сваё месца знаю і жадаў бы, каб не забывалі сваё і яны, а пасля загадаць, каб паклікалі майго сваяка, сэра Тобі.
СЭР ТОБІ
Божа літасцівы,— ланцугі б і калодкі на гэтага прахвоста!
ФАБІЯН
Цішэй, цішэй, вы толькі слухайце!
МАЛЬВОЛЬЁ
Сямёра з маёй дворні куляй ляцяць па яго, а я тым часам напускаю на сябе строгі выгляд і, магчыма, пачынаю заводзіць свой гадзіннік альбо... забаўляюся якой-небудзь дарагой рэччу... Тобі падыходзіць, расшаркваецца і адбівае мне паклон
СЭР ТОБІ
Вой, і гэта стварэнне застанецца жывым?
ФАБІЯН
Сэр Тобі, калі б ваша цярпенне цягнулі з вас поцягам, усё-такі не войкайце!
МАЛЬВОЛЬЁ
...Я падаю яму руку, важна падаю — вось так, стрымліваючы прытым паблажлівую ўсмешку строгім уладным позіркам...
СЭР ТОБІ
I Тобі не трэсне табе па зубах, губашлёп?
МАЛЬВОЛЬЁ
...і кажу: «Дзядзька Тобі, мой лёс, падараваўшы мне вашу пляменніцу, дае мне права размаўляць з вамі менавіта такім манерам...»
СЭР ТОБІ
Што, што ён блюзнерыць?
МАЛЬВОЛЬЁ
...«Вам належыць пакончыць з п’янкай раз і назаўсёды».
СЭР ТОБІ
Вон, шалудзівае свінчо!
ФАБІЯН
Ах, стрымлівайцеся ж вы, сэр Тобі, інакш правалім увесь наш план.
МАЛЬВОЛЬЁ
...«Акрамя таго, вы ж марна траціце скарб вашага часу з нейкім дурнаватым рыцарам».
СЭР ЭНДРУ
Гэта са мной, запэўняю вас.