Выбрать главу

Тая, што хацела б памяняцца з табой сваім становішчам — Трагічна Нешчаслівая».

Дзённае святло і роўнае поле не праяснілі б большага — тут жа ўсё так ясна. Я буду гордым; я буду чытаць трактаты палітычных аўтараў; я буду кпіць і здзекавацца з сэра Тобі; я змыю і счышчу з сябе ўсе шапачныя знаёмствы з рознай драбязой; я стану цюцелька ў цюцельку такой важнай персонай, як тут патрабуецца. Не, я не памыляюся. Гэта не плод распаленага ўяўлення, бо кожны ж радок у пісьме — яўны доказ таго, што мая гаспадыня ўлюбілася ў мяне. Менавіта яна нядаўна хваліла мае жоўтыя панчохі, падвязаныя чорнымі стрыпкамі крыж-накрыж. Ёй тады гэта вельмі падабалася, і сваім напамінкам аб тым маім уборы яна праяўляе сваё пачуццё захаплення мной і тонкім намёкам, нібы загадваючы, падказвае мне апранацца так, як ёй падабаецца. О, вялікі, вялікі дзякуй маім пуцяводным зоркам за пасланы лёс: я шчаслівы! Я буду непрыступны, фанабэрысты, буду з’яўляцца перад ёй толькі ў жоўтых панчохах з падвязкамі крыж-накрыж. Хвала, хвала табе, Юпітэр, і вам, мае зоркі! Ага, тут яшчэ прыпісачка. (Чытае.) «Ты не можаш не здагадацца, хто я. Калі ты прымеш мае пачуцці і гатовы адказаць на іх узаемнасцю, дакажы гэта сваёй усмешкай; твае ўсмешкі вельмі табе да твару. Пагэтаму ў маёй прысутнасці ты заўсёды ўсміхайся. Дарагі мой, каханы мой, я прашу ў цябе гэтага». О Юпітэр, дзякую табе, усемагутны бог! Я буду, буду ўсміхацца, буду рабіць усё чысценька тое, што табе жадаецца, мілая! (Выходзіць.)

ФАБІЯН

Ну, сіньёры, я не згадзіўся б саступіць сваю долю ў такой забаўцы нават за пенсію ў некалькі тысяч — вядома з казны персідскага шаха.

СЭР ТОБІ

А за такую выдумку гатоў ажаніцца з той шэльмай-выдумшчыцай.

СЭР ЭНДРУ

Я таксама гатоў.

СЭР ТОБІ

I не дамагацца ніякага пасагу, апроч яшчэ аднаго такога жарту.

СЭР ЭНДРУ

I я не дамагаўся б.

ФАБІЯН

А вось і яна — наша знаходлівая свавольніца.

Вяртаецца МАРЫЯ.

СЭР ТОБІ

Хочаш наступіць мне нагой на карак?

СЭР ЭНДРУ

Альбо мне?

СЭР ТОБІ

Пажадаеш, містрыс, каб мне зараз жа разыгралі ў косці маю свабоду, і я станаўлюся тваім вечным рабом?

СЭР ЭНДРУ

Альбо я, дальбог!

СЭР ТОБІ

Ты падумай толькі, галава садовая, у які вір летуценняў ты яго ўштурхнула. Хай толькі іх прывід знікне, дык ён жа звар’яцее.

МАРЫЯ

Не, вы праўду кажаце: гэта на яго падзейнічала?

СЭР ТОБІ

Як шклянка гарэлкі на павівальную бабку.

МАРЫЯ

Дык вось што: калі хочаце бачыць вынікі нашай пацехі, панаглядайце за яго першым выхадам да мілэдзі. Ён з’явіцца перад ёй у жоўтых панчохах, а гэты колер у яе выклікае гідлівасць, і ў падвязках крыжыкамі — шык моды, якога яна цярпець не можа. Ён увесь час будзе перад ёй скаліцца, а гэта так не пасуе да яе цяперашняга настрою: мая мілэдзі цяпер у такой меланхоліі, што ягоныя дурныя ўхмылкі выклічуць у яе да яго толькі пагарду. Калі вы ўсё гэта хочаце бачыць на свае вачы,— марш за мной!

СЭР ТОБІ

Хоць у браму Тартара, непараўнальны д’ябал знаходлівасці!

СЭР ЭНДРУ

Эх, мая не мая — куды дзеўка, туды й я!

Выходзяць.

АКТ III

СЦЭНА I

Сад Алівіі.

Уваходзяць ВІЁЛА і БЛАЗЕН з бубнам.

ВІЁЛА

Памагай бог, прыяцель, і табе, і тваёй музыцы. Ты так і жывеш прыбубенным?

БЛАЗЕН

Не, сіньёр, я жыву прыцаркоўным.

ВІЁЛА

А ты што — званар ці клірык?

БЛАЗЕН

Не ў занятку справа, сіньёр; я бубню ў сваёй халупцы; мая ж халупка стаіць пры царкве, вось і жыву прыцаркоўнікам.

ВІЁЛА

У такім разе ты і пра караля мог бы сказаць, што ён прыдурак, бо пры ім жыве дурань, альбо што царква стала забубеннай, калі ты пры ёй блазнуешся з бубнам.

БЛАЗЕН

А чаму б і не, сіньёр? Падумаць толькі, які наш век! Любая прымаўка, што саф’янавая рукавічка для баламута: шах-мах — і ўсё «шыварэйшн-навыварэйшн».

ВІЁЛА

Пэўна, што так. Калі словы распускаць направа і налева, дык яны ж могуць разбрысціся абы-куды.

БЛАЗЕН

Вось то-та ж і яно! Таму, сіньёр, я і хацеў бы, каб у маёй сястры не было імя.