Выбрать главу

ВІЁЛА

Чаму ж гэта?

БЛАЗЕН

А таму, сіньёр, што імя — слова, а паколькі словамі часта гуляюць, то як бы і мая сястра не загуляла. Бяда ім, словам, калі над імі, беднымі, чыняць шальмоўства, калі іх зневажаюць кайданамі.

ВІЁЛА

А якія ў цябе падставы, скажы?

БЛАЗЕН

Шчыра кажучы, сіньёр, я не магу нічога сказаць без слоў, а словы апошнім часам сталі такімі хлуслівымі, што ў мяне няма ахвоты даводзіць імі сваю праўду.

ВІЁЛА

Ты, як бачу, жывучы каля бога, не баішся нікога.

БЛАЗЕН

О, не, сіньёр, таго-сяго я ўсё-такі пабойваюся. Па шчырасці сказаць, вы, сіньёр, для мяне нішто; я быў бы рады, каб мая абыякавасць зрабіла вас невідзімкай.

ВІЁЛА

Ты не дурань сіньёрыны Алівіі?

БЛАЗЕН

Не, сапраўды не, сіньёр. Пры ёй дурняў няма і не будзе, аж пакуль яна не выйдзе замуж. Але і мужа таксама часамі цяжка адрозніць ад дурня, як і сяледчык ад сардынкі; толькі муж, здараецца, бывае тлусцейшы. Я, па праўдзе кажучы, у яе не за дурня, а за словаблуда.

ВІЁЛА

А цябе я не так даўно сустракаў у двары графа Арсіна.

БЛАЗЕН

Дурасць, сіньёр, ходзіць па свеце, як сонца; яна свеціць усюды. Мне было б шкада, сіньёр, калі б яна радзей наведвала вашага гаспадара, чым маю гаспадыню. Здаецца, у яе пакоях я сустракаў і вашу мудрасць?

ВІЁЛА

Ну не, калі ты ўжо і за мяне прымаешся, я цябе пакіну. На вось пятак за тваю дасціпнасць.

БЛАЗЕН

Хай Юпітэр, калі будзе стрыгчыся, дасць табе на бараду!

ВІЁЛА

Шчыра кажучы, я і сам не счакаюся барады (убок), хоць мне і не хацелася б, каб яна ў мяне вырасла. Твая гаспадыня дома?

БЛАЗЕН

А як вы думаеце, сіньёр, калі б іх была пара, яны б пачалі размнажацца?

ВІЁЛА

Безумоўна, калі скласці разам і пусціць ва ўжытак.

БЛАЗЕН

Я не адмовіўся б ад ролі Пандара Фрыгійскага, сіньёр, каб раздабыць Крэсіду для такога сімпатычнага Траіла.

ВІЁЛА

Я разумею цябе, хітрун, ты нядрэнна выпрошваеш.

БЛАЗЕН

Спадзяюся, сіньёр,— не так ужо цяжка будзе і вам выпрасіць тут што-небудзь. Крэсіда якраз і была папрасімкай. Мая гаспадыня дома. Я ёй перадам, адкуль вас занесла сюды, а вось хто вы і што вам ад яе трэба — гэта ўжо вышэй маёй сферы. Я сказаў бы маёй «стыхіі», але ж слова гэта ўжо вельмі зашмальцавана. (Выходзіць.)

ВІЁЛА

Мазгі на месцы ў ім, каб строіць дурня; Без розуму не многа наблазнуеш. Сапраўдны блазен мусіць добра ведаць, Калі і дзе з каго і як пакпіць — Умець ацэньваць і ахвяру жартаў, I зручнасць выпадку. А ўсё ўлічыўшы, З налёту біць, як вастрадзюбы ястраб, Ці па дурному ўдоду ці, ў варону. Майстэрства блазна, як мастацтва слова, Нічым не ўступіць іншаму мастацтву, Што ў нас чамусьці лічыцца па праву Арэнай дзейнасці адных разумных. Дурны мудрэц, хоць колкі і сярдзіты, Лепш, чым разумнік, дурасцю набіты.

Уваходзяць сэр ТОБІ і сэр ЭНДРУ.

СЭР ТОБІ

Бог з вамі, добры чалавек.

ВІЁЛА

I з вамі, міласцівыя сіньёры.

СЭР ЭНДРУ

Dieru vous garde, monsieur.

ВІЁЛА

Et vous aussi, votre serviteur.

СЭР ЭНДРУ

Спадзяюся, сіньёр, што пад боскай апекай і мы, і вы. А што датычыць вашай гатоўнасці служыць мне, то і я — ваш пакорны слуга.

СЭР ТОБІ

Вы хацелі б сутыкнуцца з гэтым домам? Мая пляменніца хоча, каб вы зайшлі, калі менавіта туды вы ідзяце.

ВІЁЛА

Я трымаю курс на вашу пляменніцу, сэр. Я хачу гэтым сказаць, што менавіта яна — канечны пункт майго падарожжа.

СЭР ТОБІ

Ну што ж, спрабуйце мабільную сілу вашых хадуль, сіньёр.

ВІЁЛА

У здольнасці маіх хадуль я больш упэўнены, чым у тым, ці правільна я разумею вашу прапанову праверыць рухавасць сваіх ног.

СЭР ТОБІ

Я хачу сказаць: калі ласка, сіньёр, уваходзьце.

ВІЁЛА

Я вам адкажу цвёрдым поступам і рашучым уваходам. На жаль, нас апярэдзілі.

Уваходзяць АЛІВІЯ і МАРЫЯ.

Беспадобна, чароўная мілэдзі! Няхай пральюцца на вас з нябёсаў дажджы водараў.

СЭР ЭНДРУ

Гэты юнак — рэдкі экземпляр нават між прыдворных. Якое красамоўства! «Дажджы водараў» — здорава!