Выбрать главу

ВІЁЛА

Мая місія, мілэдзі, набудзе права голасу толькі для вашых успрымальных і добрапрыязных вушэй.

СЭР ЭНДРУ

«Водары», «успрымальныя», «добрапрыязныя» — слоўцы — шэдэўры! Прыберагу сабе ўсе тры.

АЛІВІЯ

Няхай зачыняць садовыя вароты, і не перашкаджайце мне слухаць.

Выходзяць сэр ТОБІ, сэр ЭНДРУ і МАРЫЯ.

Дайце вашу руку, сіньёр.

ВІЁЛА

Прыміце мой доўг і мае паслугі, мадам.

АЛІВІЯ

Як зваць вас?

ВІЁЛА

Ваш пакорлівы слуга — Цэзарыё, чароўная прынцэса.

АЛІВІЯ

Вы — мой слуга? Маркотна стала жыць, Як толькі ў свеце нізкае прытворства Хавацца пачало за этыкетам.— Юнак, ды вы ж — слуга Арсіны.

ВІЁЛА

                                         Так, Граф ваш слуга, а я слугую графу. Хто служыць вашым слугам — служыць вам.

АЛІВІЯ

Пра графа я не думаю, і лепш бы Ў ягоных думках быць пустой старонцы, Чым мной запоўненай.

ВІЁЛА

                                         Я і прыйшоў З тым, каб схіліць напрамак вашых думак Да графа.

АЛІВІЯ

Не і не! Пры той сустрэчы Я вас прасіла — больш аб ім ні слова. Калі на гэты раз вы з іншай просьбай, Я выслухаю з большаю ахвотай, Чым музыку нябесных сфер.

ВІЁЛА

Мілэдзі...

АЛІВІЯ

Дазвольце мне сказаць. Мінулы раз, Калі вы тут у нас тварылі чары, Я вам слугой паслала ўслед пярсцёнак. Цяпер я думаю, што ашукала Сама сябе, слугу і вас, быць можа. Вы можаце судзіць мяне сурова За тое, што, ганебна схітраваўшы, Я вас штурхала ўзяць не вашу рэч. Што толькі вы маглі тады падумаць? Вы да слупа ганебнага мой гонар Паставілі, каб здзекваліся ўволю Ўсе домыслы, народжаныя ў вашай Бязлітаснай душы?.. Здаецца, досыць, Каб стала ясна, што на гэтым сэрцы Даспехі зняты і вось тут, як сімвал Адкрытасці,— галінка кіпарыса. Ну, што вы скажаце?

ВІЁЛА

Я вас шкадую.

АЛІВІЯ

Гавораць, шкадаванне і каханне — Сінонімы.

ВІЁЛА

З істотным адхіленнем У паасобных выпадках: бывае, Што мы і ворагаў сваіх шкадуем.

АЛІВІЯ

Што ж, зноў, напэўна, час з вясёлай мінай Сядзець у пройгрышы. О, свет наш, свет! Нялёгка гордасцю прыкрыць жабрацтва. Калі ўжо лёс быць некаму здабычай, То лепш — у лапы льву, чым воўку ў зубы.

Б'юць куранты.

Мы, відавочна, марна трацім час. Не бойцеся, юнак, мне вас не трэба, А ўсё ж, калі даспеліць час ваш розум I маладосць,— дастанецца шчаслівай Сапраўдны муж. Ну што ж, ваш шлях на захад?

ВІЁЛА

На захад. Аставайцеся здаровы! Для графа вы не скажаце нічога?

АЛІВІЯ

Чакай, прашу цябе; скажы мне, Што пра мяне ты думаеш?

ВІЁЛА

                                   Што ў вас Адно на языку, другое — ў думках.

АЛІВІЯ

Ах, вось як? Я пра вас такой жа думкі.

ВІЁЛА

Што ж, правільна, мілэдзі, я — не я.

АЛІВІЯ

О, калі б ты быў тым, кім я хацела б!

ВІЁЛА

А ці было ж бы лепш тады, мілэдзі, Для вас? Я — блазен ваш.

АЛІВІЯ

                                     Які магніт Прывабнасці ва ўсмешцы гэтых вуснаў, I гнеўных, і пагардных! Вот бывае ж: Віну забойца тоіць, укрывае, А як стаіць каханне, скрыць у цень, Калі і ноч яго, як ясны дзень? Цэзарыё, клянуся ружай мая, Дзявочай чэсцю — усім, усім, што маю, Ты мне так любы, дарагі, так мілы, Што страсць маю таіць не маю сілы. Ты горды, і твая святая воля Судзіць і так: што ж, любіш — і даволі, А мне — нашто? Ды на прысуд свой беглы Ты падрыхтуй і доказ супрацьлеглы, Які з пакутамі дастаўся мне: Няпрошанае мілае ўдвайне.