Выбрать главу

ВІЁЛА

Сваёю маладосцю і сумленнем Клянуся: як жыву, ні на імгненне Не заглядала ні адна жанчына У гэта сэрца — ў ім усё нявінна, I ні адна ні з ласкай, ні з гардыняй Сюды не ўвойдзе поўнай гаспадыняй. Слёз герцага вы болей не чакайце: Я іх не прынясу да вас. Бывайце!

АЛІВІЯ

Прыйдзі яшчэ! Ты змог бы — я прашу,— Схіліць к няміламу маю душу.

Выходзяць.

СЦЭНА II

Дом Алівіі.

Уваходзяць сэр ТОБІ, сэр ЭНДРУ і ФАБІЯН.

СЭР ЭНДРУ

Не, дальбог жа, не! Я тут больш не застануся ні на хвіліну.

СЭР ТОБІ

Прычына, дарагі злюка, якая ж прычына?

ФАБІЯН

Вы павінны назваць свае падставы, сэр Эндру.

СЭР ЭНДРУ

Назваць падставы? — калі ласка: я сам бачыў, як ваша пляменніца праяўляла да графскага прыслужніка такую ласкавасць, і дзесятай долі якой яна ніколі не праяўляла да мяне. Я сам гэта бачыў толькі што ў садзе.

СЭР ТОБІ

А яна цябе пры гэтым бачыла, старына? Скажы мне,— бачыла?

СЭР ЭНДРУ

Так, як я зараз — вас.

СЭР ТОБІ

Дык гэта ж і ёсць яўны доказ яе схільнасці да вас.

СЭР ЭНДРУ

Вы што — хочаце зрабіць з мяне асла? Досыць!

ФАБІЯН

Я вам дакажу гэта лагічна, сэр, прывёўшы к прысязе розум і разважанне.

СЭР ТОБІ

А яны ўжо лічыліся прысяжнымі паверанымі яшчэ да таго, як Ной павёў свой каўчэг.

ФАБІЯН

Яна аказвала ласку графскаму юнаку толькі з тым разлікам, каб неяк раскатурхаць вас, расшавяліць, прабудзіць храбрасць у гэтакай соні, як вы,— так сказаць, закінуць іскру ў ваша сэрца і шчапотку перцу ў вашу печань. Вам варта было незаўважна прычаліць у іхнюю ціхую гавань, прывітацца як належыць і некалькімі адборнымі жарцікамі — толькі не заезджанымі, а новенькімі, свежай чаканкі,— так сцебануць па тым жаўтароціку, каб ён анямеў на месцы. Вось чаго ад вас чакалі, і вось што вы праваронілі: двайную пазалоту зручнага выпадку вы дазволілі часу змыць падчыстую і цяпер, па меркаваннях мілэдзі Алівіі, адплываеце на поўнач, дзе вы і завіснеце, як ледзяная цырубалка пад носам у галандца; ну, разумеецца, калі толькі не адкупіцеся якім-небудзь пахвальным выбрыкам храбрасці альбо тонкім палітычным манеўрам.

СЭР ЭНДРУ

Калі на тое пайшло, то толькі праяўленнем храбрасці, бо палітыканства я ненавіджу. Для мяне любы палітыкан нічым не лепшы за пурытаніна ці браўніста.

СЭР ТОБІ

Значыць, падводзь пад сваё шчасце фундамент храбрасці. Выкліч таго графскага малакасоса на дуэль, парань яго рапірай у адзінаццаці месцах. Мая пляменніца даведаецца, і, павер мне, ні адзін пляткар на свеце не размалюе з такой ліслівасцю мужчыну жанчыне, як слава пра ягоную храбрасць.

ФАБІЯН

Другога выйсця няма, сэр Эндру.

СЭР ЭНДРУ

Хто-небудзь з вас згодзіцца занесці яму мой выклік?

СЭР ТОБІ

Перш ідзі і напішы яго сваёй ваяўнічай рукой. Пішы рэзка і коратка; дасціпна складзеш ці не — гэта не мае значэння, галоўнае, каб было красамоўна і з выдумкай. Паздзекавайся з яго, ачарні, наколькі хопіць чарніла. Калі ты яго і «тыкнеш» разы два-тры, будзе не лішне, а небыліц пабольш — колькі змесціцца на аркушы паперы, хоць бы ён быў памерам з прасціну на ложку англійскай каралевы. Адным словам, пляці колькі напляцецца. Ідзі, ідзі і бярыся за пяро. Глядзі толькі, каб у чарніліцы хапіла бычынай крыві, а там крамзоль сабе гусіным пяром ці пальцам. За справу, сэр Эндру, за справу!

СЭР ЭНДРУ

А дзе ж я з вамі сустрэнуся?

СЭР ТОБІ

Мы самі прыйдзем да цябе ў твой cubiculo, толькі глядзі — не засні там. Ідзі!

Сэр ЭНДРУ выходзіць.

ФАБІЯН

Вам гэты чалавек дарагі, сэр Тобі?

СЭР ТОБІ

Гэта я яму дарагі, мой мілы: у тысячы дзве не менш ужо абышоўся.

ФАБІЯН

Унікальнае будзе пісьмо, калі напіша. Але ж вы яго не перадасце?

СЭР ТОБІ

Гром і бліскавіца! Назавеш мяне хлусам, калі я гэтага не зраблю. А ты рассыпся макам, а падзудзі таго шалахвоста, каб даў адказ. Мне думаецца, іх быкамі на вяроўках не прыцягнеш адзін да аднаго. Што ж да Эндру, то калі б хто яго распатрашыў і сказаў, што ў ягонай печані крыві больш, чым трэба, каб уліпнуць блышынай ножцы, я б плюнуў і згадзіўся праглынуць усю астатнюю анатомію!