Выбрать главу

ФАБІЯН

Дык жа і ў праціўніка яго, таго маладога чалавека, няма на твары ніякіх прыкмет драпежнай жорсткасці.

Уваходзіць МАРЫЯ.

СЭР ТОБІ

Глядзіце, вось і мая крапіўніца выпырхнула!

МАРЫЯ

Калі хочаце пацешыцца і нарагатацца да колікаў у жываце — хадземце са мной. Той пустадом Мальвольё стаў сапраўдным язычнікам, дзе там — рэнегатам! Бо які ж хрысціянін, што шукае ратунку душы ў боскай веры, паверыў бы ў такую несусветную лухту? Каб вы толькі бачылі — ён у жоўтых панчохах!

СЭР ТОБІ

I ў падвязках крыж-накрыж?

МАРЫЯ

Ага ж, як у цыфірніка з прыходскай школы. Я цікавала за ім, як лісіца за курыцай. Ён выконвае ўсё па тых парадах у пісьме, якое я яму падкінула. Ад ухмылак на яго абліччы зморшчын і рысачак больш, чым на новых картах з дадаткам усіх Індый. Кажу вам,— нічога падобнага вы ў жыцці не бачылі. У мяне проста рукі свярбелі — так хацелася запусціць у яго чым-небудзь. Я ўпэўнена, што мілэдзі аддубасіць яго, а той дуб будзе толькі ўхмыляцца і лічыць сінякі велізарнай міласцю.

СЭР ТОБІ

Рушылі! Вядзі нас, капітан у спадніцы, вядзі туды, дзе ён.

Выходзяць.

СЦЭНА III

Вуліца.

Уваходзяць СЕБАСЦЬЯН і АНТОНІА.

СЕБАСЦЬЯН

Я сам не даў бы вам такой турботы, Але паколькі вам яна прыемна, Не буду вам пярэчыць больш, Антоніа.

АНТОНІА

Я кінуць вас адных не мог, паверце. Нібы кап’ё ў спіну, маё жаданне Мяне вяло. I не адно хаценне Мець вас на воку,— хоць яно таксама Магло б павесці ў дальнюю дарогу,— Але і клопат: як бы ў незнаёмых Мясцінах вы не збіліся з дарогі,— Сказалі мне — ідзі. У Ілірыі Прыезджых без сяброў падчас прымаюць Без асаблівай ласкі. Вернасць друга I боязь за бяспеку вашу ўладна Мяне вялі за вамі.

СЕБАСЦЬЯН

                             Добры друг мой, Чым я змагу аддзякаваць за ўсё вам? Пакуль што толькі словам — дзякуй, дзякуй... На жаль, занадта часта за паслугі Мы, як манеткай, плацім гэтым словам. Каб быў мой кашалёк даверху поўны Грашыма, як удзячнасцю вам — сэрца, Я б не пакрыўдзіў вас. Ну, што мы зробім? Пайшлі — паглядзім горад.

АНТОНІА

                                    Можа, заўтра? Перш трэба ўладкавацца недзе на́нач.

СЕБАСЦЬЯН

Я не стаміўся, ноч яшчэ далёка. Прашу вас, павандруем па завулках, Дадзім нацешыцца душы і зроку Славутай старажытнасцю, якою Так ганарацца жыхары.

АНТОНІА

                                       Даруйце, Мне не зусім бяспечна тут разгульваць. Аднойчы ў сутыкненні з графскім флотам Я ўскосна быў ублытаны у справу, Якая шчэ й сягоння не закрыта. Так што, калі я траплю ім у рукі, Мне літасці не будзе.

СЕБАСЦЬЯН

А ў сутычцы Былі таксама і людскія страты?

АНТОНІА

Ды не, крыві не так было і многа, Хоць і прычына нашага нападу, I час той перапалкі дзвюх флатылій Маглі ім абяцаць ахвяр нямала. За гэты час у нас была магчымасць Вярнуць з ліхвою герцагству ўсё тое, Што мы знялі на мбры з іхніх баржаў. Сказаць дакладна, гільдыя купецтва У нашым герцагстве так і зрабіла, Але не я адказчык. Вось за гэта, Калі мяне тут сцапаюць, мне амба!

СЕБАСЦЬЯН

Асцерагайцеся.

АНТОНІА

                          Што ж, беражоных Бог беражэ. Дык наце ж кашалёк мой. Спыніцца б вам найлепей у прадмесці Ў таверне «Слон». I сам я курс трымаю Туды ж,— дамовіцца аб размяшчэнні, Вы ж скарыстайце час, здавольце сэрца Аглядам старажытнасцей. Я буду Чакаць вас там.