Выбрать главу

СЕБАСЦЬЯН

А кашалёк навошта?

АНТОНІА

Ды так. Магчыма, нейкім сувенірам Спакусіцеся; вашых сродкаў, мабыць, Наўрад ці хопіць і на тую дробязь.

СЕБАСЦЬЯН

Ну — па руках. Дык я, ваш казначэй, Забаўлюся з гадзінку.

АНТОНІА

                               Значыць, згода? Сустрэча ля «Слана».

СЕБАСЦЬЯН

Так, так. Я помню.

Выходзяць.

СЦЭНА IV

Сад Альвіі.

Уваходзяць АЛІВІЯ і МАРЫЯ.

АЛІВІЯ

Мой пасланец сказаў, што ён павінен Прыйсці. А як жа я яго сустрэну? Чым адару? Бо маладосць часамі Лягчэй прывабіць добрым падарункам, Чым просьбамі. Але пра гэта — ціха!.. Дык дзе ж Мальвольё? Ён стаў замкнуты I нейкі важны, нават непадобны На вернага слугу. Ідзе Мальвольё?

МАРЫЯ

Ідзе, мілэдзі, але вельмі ўжо неяк нязвычна. Я ўпэўнена,— ён звар’яцеў, мілэдзі.

АЛІВІЯ

Ну што ты? Што з ім здарылася? Ён бушуе, загаворваецца?

МАРЫЯ

Не, мілэдзі. Ён толькі бясконца ўсміхаецца. Ці не лепш бы вашай міласці мець пры сабе каго-небудзь з вашай чэлядзі на выпадак, калі ён прыйдзе сюды. Мне думаецца,— здурнеў чалавек, не інакш. Гатова пабажыцца.

АЛІВІЯ

Ідзі пакліч яго сюды, спяшайся!

МАРЫЯ выходзіць.

Хваробы дзве, дзве розныя бяды: Ён з радасці здурнеў, а я — з нуды.

Вяртаецца МАРЫЯ з МАЛЬВОЛЬЁ.

Ну, як, Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

                    Так сабе, мілэдзі, Хо-хо!

АЛІВІЯ

                  Смяешся? Па цябе паслалі З-за вельмі, вельмі невясёлай справы.

МАЛЬВОЛЬЁ

Невясёлай справы, чароўная мілэдзі? Магу быць і сумным. Во гэтым падвязкі, каб яны спрахлі, папераціскалі лыткі — ногі аж мярцвеюць ад застою крыві. Дзе ж тут быць вясёламу? Але калі гэта дае асалоду вачам адной, то мне вельмі пасуе радок з санета:

«Калі ты міл адной, ты кожнай мілы».

АЛІВІЯ

Як ты сябе адчуваеш, шаноўны? Што з табой сталася?

МАЛЬВОЛЬЁ

У галаве ясна, мілэдзі, хоць ногі мае і ў жоўтым. Тое, што было ў канверціку, трапіла яму у рукі па прызначэнні, і ўсе парады будуць выкананы. Спадзяюся, што вам знаёмы гэты далікатны почырк.

АЛІВІЯ

Ці не хочаш ты легчы ў пасцель, Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

У пасцель. О так, неацэнная, і я да цябе — тэп-тэп умомант!

АЛІВІЯ

Памажы яму, божа! — Чаму ты ўсё ўсміхаешся і так часта цалуеш сабе ў руку?

МАРЫЯ

Як ваша здароўе, Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

На ваша пытанне я адказваю так, як салаўі — галкам.

МАРЫЯ

Ага! Чаму гэта вы паказваецеся перад мілэдзі ў такім нахабным выглядзе?

МАЛЬВОЛЬЁ

«Ты не бойся вялікасці» — так літаральна і было сказана ў пісьме.

АЛІВІЯ

Што ты хочаш гэтым сказаць, Мальвольё?

МАЛЬВОЛЬЁ

«Адны вялікімі нараджаюцца...»

АЛІВІЯ

Божа мой, божа мой!..

МАЛЬВОЛЬЁ

«...другія велічы дасягаюць...»

АЛІВІЯ

Што ён — трызніць?

МАЛЬВОЛЬЁ

«...а трэцім веліч даруецца».

АЛІВІЯ

Ратуй яго, божа!

МАЛЬВОЛЬЁ

«...прыгадай, хто хваліў твае жоўтыя панчохі?»

АЛІВІЯ

Твае жоўтыя панчохі?

МАЛЬВОЛЬЁ

«...і жадаў бачыць іх з падвязкамі накрыж...»

АЛІВІЯ

Накрыж?

МАЛЬВОЛЬЁ

«Дзейнічай смялей, і ты ўсяго дасягнеш, калі толькі таго пажадаеш...»

АЛІВІЯ

Гэта я дасягнула ўсяго?

МАЛЬВОЛЬЁ

«...Калі ж не захочаш, то я, як і раней, буду бачыць у табе толькі слугу...»

АЛІВІЯ

Не, гэта сапраўднае шаленства, як здараецца і ў жывёлы пад купальскую ноч.

Уваходзіць СЛУГА.

СЛУГА