Мілэдзі, прыйшоў малады чалавек ад графа Арсіна. Я ледзьве ўгаварыў яго вярнуцца. Ён цяпер чакае, якая будзе воля вашай міласці.
АЛІВІЯ
Я выйду да яго сама.
СЛУГА выходзіць.
Мілая Марыя, няхай за гэтым нашым прыяцелем панаглядаюць. Дзе ж мой дзядзя Тобі? Няхай хто-небудзь з маіх людзей возьме на сябе клопат апякацца над ім. Я не паскупілася б і паловай сваёй маёмасці, каб толькі з ім не здарылася бяды.
АЛІВІЯ і МАРЫЯ выходзяць.
МАЛЬВОЛЬЁ
Ого — я! Спрабуйце цяпер са мной зраўняцца! Не каго-небудзь, а самога сэра Тобі прыстаўляюць да мяне ў прыслугу! Ну што ж, так дакладна і гаварылася ў яе пісьме. Яна падсылае да мяне свайго сваяка знарок, каб я мог прадэманстраваць перад ім сваю фанабэрыю. На гэта ж яна і падбівае мяне ў пісьме: «Скінь з сябе сваю пакорную скуру,— гаворыць яна,— праяўляй непрыязнасць да сваяка, рэзкасць — да слуг; няхай твой язык загадвае па-дзяржаўнаму; прымі на сябе маску выключнай важнасці». А адпаведна з гэтымі парадамі рэкамендуе і неабходныя манеры: насупленасць твару, самавітасць асанкі, запаволенасць мовы, як у якога-небудзь выдатнага прамоўцы, і таму падобнае. Уліпла ты ў мяне, птушачка, як сінічка ў клей. Хвала, хвала табе, усемагутны Юпітэр; я малю цябе, каб ты навучыў мяне ўдзячнасці!.. А вось і зараз, калі адыходзіла: «Няхай за гэтым нашым прыяцелем панаглядаюць». Прыяцелем! Не за Мальвольё — простым дварэцкім, а за прыяцелем! О, так-так, усё супадае адно з адным дакладнейшым чынам, так што ні кроплі сумнення, ніякіх перашкод і бар’ераў, ніякіх неверагодных або неспрыяльных абставін... Ды што тут разважаць! Няма і не можа быць нічога непрадбачанага, што магло б стаць перашкодай паміж мной і поўным здзяйсненнем маіх надзей. О так, Юпітэр, не я здзяйсняльнік усяго гэтага, і дзякую толькі табе, мой божа!
Вяртаецца МАРЫЯ з сэрам ТОБІ і ФАБІЯНАМ.
СЭР ТОБІ
Дзе ён тут, у імя ўсіх святых? Хоць бы ў яго ўсяліліся ўсе д’яблы пекла і сам Легіён у прыдачу, я з ім загавару!
ФАБІЯН
Вунь ён, вунь.— Як вы сябе адчуваеце, сіньёр?
Я пытаю, як вы маецеся, мілы чалавеча?
МАЛЬВОЛЬЁ
Прэч адгэтуль! Я вас звальняю. Не заважайце мне, прэч!
МАРЫЯ
Чуеце, як бубніць у ім нячыстая сіла! Ці ж я няпраўду казала? Сэр Тобі, мілэдзі просяць вас паклапаціцца аб ім.
МАЛЬВОЛЬЁ
Хо-хо! Так і прасіла?
СЭР ТОБІ
Адыдзіце ўбок. Цішэй, цішэй: з ім трэба... далікатна. Я пагавару з ім сам.— Як вы тут, Мальвольё? Як ваша здароўечка? Ведаеце што, шаноўны,— адрачыцеся вы ад д’ябла. Улічыце, што ён, нячысты дух,— вораг роду людскога.
МАЛЬВОЛЬЁ
Вы разумееце, што гаворыце?
МАРЫЯ
Бачыце, як ён захваляваўся, як вы толькі загаварылі дрэнна пра д’ябла. Крый бог, калі ён кім-небудзь зачараваны!
ФАБІЯН
Занясіце яго мачу да знахаркі.
МАРЫЯ
Заўтра ж раніцай, калі буду жывая. Вы не ўяўляеце, як мілэдзі не хацелася б яго страціць.
МАЛЬВОЛЬЁ
Вы што гэта, містрыс камерыстка?
МАРЫЯ
О, божа!
СЭР ТОБІ
Прашу цябе, памаўчы, так жа нельга! Ці ж вы ўсе не бачыце, што ваша балбатня яго раздражняе? Пакіньце нас удвух.
ФАБІЯН
Інакш, як толькі ласачкай, яго не ўтаймуеш. Памякчэй з ім, памякчэй; як гэта кажуць: хоць сам чорт з куслівых, а слуг любіць ліслівых.
СЭР ТОБІ
Ну, як пеўнік? Як табе кукарэкаецца?
МАЛЬВОЛЬЁ
Шаноўны, не забывайцеся!
СЭР ТОБІ
Цып, цып, цып. «Хадзем са мной, Брыгіта». Не, міленькі, вашай вялікасці не да твару гуляць у хованкі з Сатаной. Хай ён павесіцца, шыбенік рагаты!
МАРЫЯ
Трэба прымусіць яго пашаптаць малітву. Дарагі сэр Тобі, прымусьце яго памаліцца.
МАЛЬВОЛЬЁ
Маліцца, макака?
МАРЫЯ
Вось — чулі? Ён і слухаць не хоча пра боскую моц.
МАЛЬВОЛЬЁ
Ідзіце і хоць павесьцеся! Усе вы — шэльмы, пустадомкі і пустабрэхі. Я вам не раўня. Хутка вы пра мяне даведаецеся яшчэ не тое! (Выходзіць.)
СЭР ТОБІ
Ці можа такое быць?
ФАБІЯН
Калі б гэта нам зараз паказалі на сцэне, я гатоў бы быў асудзіць камедыянтаў за неверагодную выдумку.
СЭР ТОБІ
Ён, дзівак, сам пачуў смак у кашы, якую мы заварылі.
МАРЫЯ
Ну дык і грэйце ў яго апетыт, бо каша скора астыне і пракісне.
ФАБІЯН
А як жа. Мы такі сапраўды давядзём яго да вар’яцтва.