Выбрать главу

СЭР ЭНДРУ

Чума на такога д’ябла, я не хачу з ім мець справы.

СЭР ТОБІ

Яно так, але ж цяпер яго не ўтаймуеш; там Фабіян ледзьве-ледзьве стрымлівае яго.

СЭР ЭНДРУ

Прападзі ён пропадам! Каб я ведаў, што ён такі галаварэз і спрытнюга ў фехтаванні, я б хутчэй паслаў яго да ўсіх чарцей у апраметную, чым выклікаў на дуэль. Няхай ён плюне на ўсе свае крыўды, змірыцца са мной, а я яму падару свайго скакуна — шэрага Капілета.

СЭР ТОБІ

Ну што ж — гэта справа: я яму скажу. Стой тут і трымайся з апломбам. Усё закончыцца без душагубства. (Убок.) Эге, я папаезджу на тваім коніку, як езджу і на табе.

Вяртаюцца ФАБІЯН і ВІЁЛА.

(Да Фабіяна.) Калі я іх прыміру, яго рысак — мой. Я пераканаў рыцара, што гэты юнак — д’ябал д’яблам.

ФАБІЯН

Такога ж страху мы нагналі і на другога: дрыжыць увесь, збляднеў, быццам за ім мядзведзь гоніцца.

СЭР ТОБІ

(да Віёлы)

Нявыкрутка, сіньёр, нічога не зробіш: ён прагне біцца з табой, каб не парушыць клятву. Аднак, цвяроза абдумаўшы сітуацыю, ён лічыць, што пра вашу там спрэчку цяпер і гаварыць не варта. Пагэтаму агаліце шпагу для праформы; ён запэўняе, што не зачэпіць цябе.

ВІЁЛА

(убок)

Засцеражы мяне, неба! Яшчэ адно выпрабаванне — і я гатова ім прызнацца, да якой ступені я не мужчына.

ФАБІЯН

Як толькі заўважыце, што ваш праціўнік уваходзіць у раж,— адступайце.

СЭР ТОБІ

Ну, адклад не йдзе ў лад — падыходзьце, сэр Эндру. Гэты дваранін у імя гонару жадае скрыжаваць з вамі шпагі адзін раз. Па правілах дуэлі, ён не можа ўхіліцца ад выкліку, але мне ён, як дваранін і салдат, паабяцаў, што вас ён не кране.— Наперад — пачынайце!

СЭР ЭНДРУ

Малю цябе, божа, каб ён стрымаў клятву.

ВІЁЛА

Паверце мне, што ўсё гэта супроць маёй волі.

Яны агаляюць шпагі.

Уваходзіць АНТОНІА.

АНТОНІА

Ўлажыце шпагу ў ножны, джэнтльмен! Калі юнак зняважыў вас, то я Гатоў адказваць за яго. Калі ж Віноўнік вы, я з вамі буду біцца.

СЭР ТОБІ

Вы, сіньёр? А хто вы такі?

АНТОНІА

Я той, які гатовы нават больш Зрабіць для юнака, чым абяцаўся.

СЭР ТОБІ

Ну што ж, калі вы пасрэднік,— я да вашых паслуг.

Яны агаляюць шпагі.

Уваходзяць УРАДНІКІ.

ФАБІЯН

Сэр Тобі, даражэнькі, спыніце іх. Сюды ідуць ураднікі.

СЭР ТОБІ

Пачакайце хвіліначку, я — зараз.

ВІЁЛА

Прашу вас, сіньёр, улажыце вашу шпагу, калі ласка.

СЭР ЭНДРУ

З ахвотаю, сіньёр. А што да майго абяцання, то я свайму слову гаспадар. Рысак мой цудоўны, такі паслухмяны і лёгкі на бягу.

1-шы УРАДНІК

Вось ён. Выконвай сваё даручэнне.

2-гі ЎРАДНІК

Антоніа, па загадзе герцага Арсіна, я цябе арыштую.

АНТОНІА

Сіньёр, вы памыліліся.

1-шы ЎРАДНІК

                                        Ніколькі. Цябе я й так без цяжкасці пазнаў бы, А то ў матроскай бесказырцы.— Ўзяць! Ён добра помніць наша з ім знаёмства.

АНТОНІА

Бярыце.

(Да Віёлы.)

Вось што значыць — вас шукаць! А як жа вы? На жаль, мне давядзецца Прасіць у вас свой кашалёк, бо грошы Спатрэбяцца цяпер і мне самому. Свая бяда мяне не так турбуе, Як тое, што я вас пакінуць мушу Тут аднаго. Вы здзіўлены? Не трэба Так гараваць.

2-гі ЎРАДНІК

Пайшлі.— Спыніць размову!

АНТОНІА

Я папрашу ў вас частку з той казны.

ВІЁЛА

Якой, сіньёр? За што патрэбна плата? За вашу да мяне добразычлівасць. Улічваючы гэты арышт, я Гатовы са сваіх нязначных сродкаў Пазычыць вам, але не шмат: паверце, Наяўны капітал мой вельмі сціплы. Тут вось і ўся казна, вам — палавіна.