Выбрать главу

АНТОНІА

Вы ад мяне хацелі б адступіцца? Няўжо вы гэтак хутка ўсё забылі, Што я зрабіў для вас? Не памнажайце Майго няшчасця! Вельмі б не хацеў я Быць да такой ступені крыхаборам, Каб у дакор нагадваць вам пра ўсе Свае паслугі.

ВІЁЛА

                             Я пра іх не знаю, Як і не знаю вас. Мы незнаёмы. Няўдзячнасць чалавека мне самому Праціўна нават больш, чым ашуканства, Хлусня, пляткарства, п’янётва і няшчырасць — Усе заганы, што псуюць і труцяць Жывую нашу кроў.

АНТОНІА

О, неба, неба!

2-гі ЎРАДНІК

Канчай, сіньёр!

АНТОНІА

Дазвольце ж мне сказаць. Таго хлапца я ў шторм самаахвярна Паўмёртвым вырваў з прагнай пашчы мора. Пакуль ачуньваў ён, я дні і ночы Сядзелкай быў пры ім, карміў, выходжваў, Бярог яго з такой святой любоўю I вобразу яго, як ідэалу, Гатовы быў маліцца...

1-шы ЎРАДНІК

                                          Не стагні! Нам што з таго? Нам — некалі. Канчайце!

АНТОНІА

А гэты ідэальны бог — не што, як ідал! Ты, Себасцьян, падумаў бы пра тое, Што ганьбіш прыгажосць сваю маною. Прыроду пляміць можа толькі той, Хто сам жыве з заплямленай душой. Дабро — само сабою вабіць нас, А зло прывабна толькі напаказ!

1-шы ЎРАДНІК

Спыніць лухту, вар’ят! Ану — пайшлі!

АНТОНІА

Вядзіце, чорнай справы каралі!

Выходзіць з ураднікамі.

ВІЁЛА

Ён гаварыў так страсна і ўсяму Ён верыў. Дык чаму ж не верыць мне, чаму? О спраўдзіся, душой жаданы сон,— Што брат жывы, і нас тут зблытаў ён!

СЭР ТОБІ

Падыдзі сюды, рыцар. I ты, Фабіян,— давай бліжэй: перашушукаемся ўтрох парачкай-другою мудрых думак.

ВІЁЛА

Назваў імя ён Себасцьяна, брата,— Дык брат — жывы. О шчасце, як я рада! Блізняты, я і брат, былі з маленства Адно ў адно — такое падабенства: I рост, і твар — усё адзінай пробы, I нават вопратка адной аздобы. Калі нам лёс прызначыць тут спатканне, Соль мора стане слодыччу кахання!

(Выходзіць.)

СЭР ТОБІ

Хлапчук без гонару і чэсці, малакасос — вось ён хто, і баязлівы ў дадатак, як заяц. Кінуў-рынуў тут свайго лепшага сябра ў бядзе, адрокся ад яго. Вось няхай Фабіян скажа, што ён за арол!

ФАБІЯН

Палахлівы пстрыкунчык, перакананы баязлівец, трус чыстай пароды!

СЭР ЭНДРУ

Дальбог,— пайду за ім і яшчэ раз адлупцую як след.

СЭР ТОБІ

Дуй, усып яму па завязку, але глядзі толькі — шпагі не агаляй!

СЭР ЭНДРУ

Агалю, дальбог, агалю. (Выходзіць.)

ФАБІЯН

Хадзем і мы, паглядзім, чым гэта скончыцца.

СЭР ТОБІ

Іду ў заклад, што ўсё-такі — нічым.

Выходзяць.

АКТ IV

СЦЭНА I

Перад домам Алівіі.

Уваходзяць СЕБАСЦЬЯН і БЛАЗЕН.

БЛАЗЕН

I вы хочаце, каб я паверыў, што мяне не па вас пасылалі.

СЕБАСЦЬЯН

Не прыставай ты, шалапут,— абрыдзеў. Пакінь мяне,— ты чуеш? Не чапляйся!

БЛАЗЕН

Выдатна разыграна, бачыць бог. Ну так, я вас не знаю, і мая гаспадыня мяне па вас не пасылала з просьбай прыйсці да яе на аўдыенцыю. I вас завуць не Цэзарыё, і гэты мой нос — не мой. Я — не я, і будка не мая.

СЕБАСЦЬЯН

Прашу цябе — паяснічай, дзе хочаш, А не са мной: з табой я не знаёмы.

БЛАЗЕН

«Паяснічай, дзе хочаш»! Ён чуў гэты выраз ад якой-небудзь важнай персоны і цяпер звяртаецца з ім да блазна. Паяснічаць мне і бог казаў, а я баюся, як бы ўвесь свет, гэты вялікі цюхцяй, не пачаў паяснічаць са сваёй паствай.— Прашу цябе ўсё-такі: распаясай сваю замкнёнасць і скажы, як мне паяснічаць са сваёй гаспадыняй — дурыць ёй галаву, чаго ты і чакаеш?