Выбрать главу

ВІЁЛА

                              Мне, вы? Як гэта можа быць?

ГЕРЦАГ

                          Калі мой сябар, Па-вашаму, прыбыў у гэты горад?

АНТОНІА

Сягоння, ваша светласць. Перад гэтым Мы з ім не разлучаліся, паколькі Ён хворы быў, а я пры ім — сядзелка.

Уваходзяць АЛІВІЯ і яе СВІТА.

ГЕРЦАГ

Ідзе яна. Якая нечаканасць: Цвярдыня неба на зямной цвярдыні! Паслухай, друг, бяссэнсіцу ты мелеш: Ён у мяне не першы дзень на службе. Але цяпер не час.— Убок сыдзіце!

АЛІВІЯ

Чым, монсіньёр, магла б вам быць карыснай Алівія? Я да паслугі вашай.— Цэзарыё, вы не стрымалі слова.

ВІЁЛА

Я — не стрымаў?

ГЕРЦАГ

О, мілая!

АЛІВІЯ

                                Вы штосьці Сказалі мне, Цэзарыё? — Я зараз.— Вы, міласцівы монсіньёр...

ВІЁЛА

                                  Я мушу Маўчаць, пакуль мой гаспадар гаворыць.

АЛІВІЯ

Калі ў вас песня тая ж, монсіньёр, Яна, паверце, проста рэжа вуха, Як лямант пасля музыкі.

ГЕРЦАГ

                           Усё тая ж Бязлітаснасць.

АЛІВІЯ

Усё тое ж пастаянства.

ГЕРЦАГ

У непрыступнасці? О жорсткасць сэрца! На твой алтар мая душа пакорна Прыносіла свяшчэнныя ахвяры — I ўсё дарэмна! Што ж цяпер рабіць ёй?

АЛІВІЯ

Усё, што пажадае ваша светласць.

ГЕРЦАГ

Мой бог, калі б такую мець рашучасць, Якую меў егіпецкі разбойнік,— Як ён, забіць таго, каго ты любіш! I ў дзікай рэўнасці бывае часам Высакароднасць. Вось што я скажу вам: Паколькі вы не аказалі ўвагі Ні вернасці маёй, ні пастаянству, I я часткова ведаю прычыну, Чаму і праз каго ў пачуццях вашых Я не знаходжу месца,— хай ачнецца Бязлітасны тыран і ў гэтым сэрцы. Яго, любімца вашага,— я знаю: Вы ў ім душы не чуеце, дарэчы, I мне ён — бачыць бог — таксама любы,— Я назаўсёды вырываю з сэрца, Дзе ён асеў наперакор развазе.— Ідзі са мной, юнак; мой ясны розум Даспеў, каб здзейсніць зло. Цябе, мой мілы, Я закалю. Віна ўсяму — яна, Галубка гэта з сэрцам гругана.

ВІЁЛА

А я, каб супакоіць вас, паверце, Гатовы сто разоў за вас памерці.

АЛІВІЯ

За кім ідзеш, Цэзарыё?

ВІЁЛА

                                        За тым, Хто даражэй за ўсё ў жыцці маім, Які мне мілы, невыказна любы Больш, чым магла б быць жонка мне па шлюбе. Калі я хлушу, хай мяне не стане, Паклёпніка на шчырае каханне!

АЛІВІЯ

Які падман! О, вераломны час!

ВІЁЛА

Хто падмануў і хто пакрыўдзіў вас?

АЛІВІЯ

А ты забыў? Ды толькі ж што ў царкве Мы пакляліся. Хай хто пазаве Айца святога ў сведкі.

АДЗІН СА СЛУГ выходзіць.