Выбрать главу

ГЕРЦАГ

(да Віёлы)

Марш за мной!

АЛІВІЯ

Куды вы, монсіньёр? — Мой муж, пастой!

ГЕРЦАГ

Ваш муж?

АЛІВІЯ

                   А чый жа? Ну, вядома,— мой. Няхай ён скажа сам.

ГЕРЦАГ

Ты — муж? Скажы.

ВІЁЛА

Не я, мілорд, не я! Каб я так жыў.

АЛІВІЯ

О гора! Гэта страх цябе прымусіў Сябе самога вырачыся, мусіць. Не бойся. Ах, святая маладосць; Будзь мужны, пакажы ім, хто ты ёсць, І будзеш роўным з той, перад якою Пасуеш і з паніклай галавою Стаіш, дрыжыш, як агнец між авец.

Уваходзіць СВЯШЧЭННІК.

А вось і сведка ў час. Святы айцец, Прашу цябе пачціва тут усім Раскрыць сакрэт, што паміж мной і ім Павінен быў таіцца нейкі час, Але які прыспешыў нехта з нас,— Прашу сказаць, якой падзеі сведкам Ты быў — між мной і гэтым паўналеткам.

СВЯШЧЭННІК

Яднанне неразлучнае дзвюх душ, Што, па любові і ўзаемнай згодзе, Адзначана злучэннем рук абоіх, Засведчана гарачым пацалункам I скована абменам іх пярсцёнкаў,— Замацаваў святы абрад. Ён мною Аформлены па кнізе, як належыць. Калі не лжэ нам час, ад той падзеі Я, смертны, да няўхільнае магілы Прайшоў не болей дзвюх гадзін.

ГЕРЦАГ

Шчанё прытворнае, якім жа змеем Ты станеш, калі поўсць твая ссівее? А мо тваё круцельства, з ласкі бога, Абваліць і сатрэ цябе ж самога? Бывай, бяры яе і каб ніколі Ты не сустрэўся мне ў адкрытым полі!

ВІЁЛА

Я вам клянуся...

ГЕРЦАГ

                           Клятвы не патрэбны. За што ж ты здрадзіў мне? За трыццаць                                             срэбных? Знай, крывадушны, што і ў тленнай дрэні Павінна быць хоць кропелька сумлення.

Уваходзіць сэр ЭНДРУ.

СЭР ЭНДРУ

О, людцы добрыя, дзе лекар? Пашліце лекара да сэра Тобі. Напрамілы бог, пашліце і як найхутчэй!

АЛІВІЯ

Што здарылася?

СЭР ЭНДРУ

Ён праламаў мне чэрап, ды і сэру Тобі так расквасіў галаву, што, напэўна, ужо і мазгі выцеклі. Напрамілы бог прашу вас, акажыце дапамогу. Я не пашкадаваў бы і сарака фунтаў, абы толькі быць цяпер дома.

АЛІВІЯ

Хто гэта ўсё натварыў, сэр Эндру?

СЭР ЭНДРУ

Ды ўсё ж той графскі прыслужнік, нейкі Цэзарыё. Мы думалі,— ён палахлівец, аж аказалася, што гэта сам крутадух у чалавечым вобразе.

ГЕРЦАГ

Мой камердынер Цэзарыё?

СЭР ЭНДРУ

О божа літасцівы, ён тут.— Вы ні за што ні пра што рассеклі мне галаву. А калі я што і зрабіў, дык трэба ж было лічыцца, што мяне нацкаваў на вас сэр Тобі.

ВІЁЛА

Пры чым тут я? Я пальцам вас не кратаў, А там тады, калі без дай прычыны Вы агалілі шпагу, я таксама Вас не чапаў і ўгаварыў змірыцца.

СЭР ЭНДРУ

Калі расквасіць чэрап, па-вашаму, не чапаць, дык вы такі мяне добра зачапілі. Вы, я гляджу, мой скрываўлены чарапок і ў грош не ставіце.

Уваходзяць сэр ТОБІ і БЛАЗЕН.

А вось кульгае і сам сэр Тобі, ён вам яшчэ не тое раскажа. О, каб ён тады не быў падпіты, задаў бы вам шчыкоткі не такім манерам.

ГЕРЦАГ

Ну што, шаноўны, дзе вы зарабілі?

СЭР ТОБІ

Ды што там — драпіна! Пакуль жаніцца,— загаіцца. Перахрысцілі ў схватцы — і ўсё па ўсім.— Паслухай, дурачына, ты бачыў Дзіка-лекара? Не бачыў?

БЛАЗЕН

Бедненькі сэр Тобі, лекар наш, п’яная завала, заваліўся спаць больш гадзіны таму назад, а вочкі яго асалавелі і закаціліся яшчэ з самай ранічкі.

СЭР ТОБІ

Свіння, хто ж напіваецца зрання? Ненавіджу п’яную жывёліну.

АЛІВІЯ

Выведзіце яго. Хто іх так скрамсаў?

СЭР ЭНДРУ

Я сам вам дапамагу, сэр Тобі,— нас жа будуць перавязваць разам.

СЭР ТОБІ

Ён мне дапаможа! Асліная твая галава, набіты дурань! Ты — жулік і разлезлы пантофель. «Я сам вам дапамагу» — цьфу ты, сухарлявы прахвост. Ідзі вон!